21 сакавіка – Міжнародны дзень лясоў, усталяваны Генеральнай асамблеяй ААН у 2012 годзе з мэтай прыцягнення грамадскай увагі да захавання ляснога покрыва Зямлі. Упершыню адзначаўся ў 2013-м. Па дадзеных на канец 2019-га, атрыманых з дапамогай спадарожнікавых здымкаў швейцарскай кампаніі OneSoil, лясы займалі 42,3 % плошчы Беларусі. Мы вырашылі паглядзець, ці паняцце “лес” у ментальнасці беларусаў мае такое ж значнае месца і звярнуліся да слоўнікаў. Налічылі 13 сінонімаў (без фанетычных варыянтаў). У той час, як для “балота” (займае 3,9 % плошчы Беларусі) знайшлося больш адпаведнікаў.
Незразумела, чаму так, тым больш плошча лясоў (як і балот, праўда) здаўна была большай, лес “карміў” сялян ягадамі ды грыбамі. Напрыклад, у “найбольш лясістым” раёне Беларусі, Расонскім, лясы дасюль займаюць 67 % тэрыторыі; у Лельчыцкім раёне, самым лясістым у Гомельскай вобласці – 66,5 %; у Клічаўскім (Магілёўшчына) – 58,7 % тэрыторыі.
Што ж кажуць слоўнікі?
Лес – агульнаўжывальнае ў беларускай мове слова, якое пазначае элемент геаграфічнага ландшафту, што складаецца з сукупнасці дрэвавых, хмызняковых, травяністых раслін, жывёл і мікраарганізмаў, якія біялагічна ўзаемазвязаны.
Лес ужываецца таксама як сінонім слова шмат, кшталту:
– Хто пойдзе адказваць да дошкі? Лес рук…
Праўда, у такім жа значэнні могуць выкарыстоўвацца і назвы іншых прыродных аб’ектаў: лавіна, бездань, мора, акіян…
Слова лес сустракаецца таксама ў шматлікіх прымаўках і параўнаннях.
Ваўкоў баяцца - у лес не хадзіць – прыказваюць таму, хто ставе малаважную прычыну, каб адмовіцца выканаць нейкую работу.
Як воўка не кармі, а ён усё ў лес глядзіць – прыказваюць, калі навука й выхаваньне ня прыстае да чалавека з благой прыроднай натурай ці з благімі налогамі.
Расьце на лес гледзючы – кажуць аб падлетку, які гадуецца дзіка, бязь ніякага выхаваньня.
Як у лесе вырас – пра дрэнна выхаванага чалавека, які паводзіць сябе непрыстойна; пра нясмелага, нелюдзімага, дзікаватага чалавека.
Работа ня воўк, у лес ні ўцячэ – прыказвае гультай, што выкручваецца ад работы.
Адальюцца воўку авечыя слёзкі.
Гэта што цёмны лес – пра нешта зусім новае, незразумелае
Душа як лес – пра нязведаныя глыбіні чалавечай душы.
Жыта як лес – пра густое, высокае, урадлівае жыта.
Зарасці як лес – няўхвальна пра агарод, зарослы травой.
Жыць што ў лесе – пра самотнае, замкнёнае жыццё чалавека
З табою як у лесе з бараною – жартоўна пра нязручнасці мець справу з кімсьці.
На чужым месцы што ў лесе – пра тое, што новае месца для чалавека незнаёмае і часам небяспечнае.
Пушча – лес на вялікім абшары; вялікі масіў лесу; некрануты лес; нетры лесу.
У Беларусі ёсць Белавежская і Налібоцкая пушча. Гэта афіцыйныя назвы запаведнікаў.
Гай – малады ці невялікі лісцевы лес.
Працаваць як гай шуміць – пра вясёлую, спорную, грамадскую працу.
Расці як гай – пра высокую збажыну.
Жыта як гай – пра высокае, умалотнае збожжа.
Ёсць некалькі актуальных у вясновую пару прыкмет з ужываннем слова гай (больш пра народныя прыкметы можна пачытаць тут):
Сухі марац, мокры май - будзе жыта як гай.
Як дождж ідзе ў май, то будзе жыта як гай.
Жардняк – лес, прыдатны толькі на жордкі
Чорналесіца – лісцевы лес
Ёсць у беларускай мове і словы, якія пазначаюць лес з дрэваў пэўных парод: хваёвы – бор, сасняк, сасоннік, хвойнік; яловы – ельнік; бярозавы – бярэзнік; асінавы – асіннік; альховы – алешнік; дубовы – дубрава, дубняк. Дуброва – дубовы лес; невялікі лісцевы лес.