21.04.2021 / 23:04

Кліматычныя зоны прасоўваюцца на поўнач з хуткасцю прыкладна 12 км/год. Раней на тэрыторыі Беларусі вылучалі тры агракліматычныя зоны. Паўночную мы ўжо згубілі, былая паўднёвая цяпер размяшчаецца ў цэнтры краіны, а на Палессе прыйшла новая.

Разам з імі мы губляем і віды. Пардва, чорнаваллёвы гагач – іх засталося літаральна некалькі пар, і хутчэй за ўсё яны сыдуць з Беларусі, бо іх звычайнае асяроддзе – тундра.  З іншага боку, сіняга сіваграка мы таксама губляем, хоць гэта і паўднёвы від. Падаецца, новыя ўмовы яму таксама не падыходзяць, хоць у 1970-80-я ён быў распаўсюджаны ў краіне.

 

Біякліматычная дэградацыя дасягнула Гродзенскай вобласці

Сяргей Лысенка, дырэктар інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, падкрэслівае, што разам з тэмпературамі змяняюцца ўмовы вільготнасці. Раней на тэрыторыі Віцебскай вобласці і частках Гродненскай і Мінскай абласцей знаходзілася зона багатага ўвільгатнення – на сёння яна поўнасцю знікла. З поўдні падступаюць зоны з гідратэрмічным каэфіцыентам, характэрным для граніцы стэпавай зоны Украіны.

Індэкс арыднасці (сухасці) клімату за перыяд пацяплення паменшыўся прыкладна на 30%. Зараз ён знаходзіцца каля лічбы 0,8, што адпавядае павышэнню патэнцыйнага выпарэння над ападкамі прыкладна на 20%. Колькасць гадавога выпарэння прэваліруе над ападкамі на ўсёй тэрыторыі Гомельскай і Брэсцкай абласцей.

Уся тэрыторыя Беларусі, ніжэй за 54 градусы паўночнай шыраты (прыкладна шырата Мінска) адносіцца да зоны з лішкамі рэсурсаў цеплыні і сонечнай радыяцыі, але з недахопам вільгаці.

Разлікі Акадэміі навук паказваюць, што аптымальная тэмпература для развіцця біяцэнозу палескага рэгіёну ўжо пройдзена. Пры далейшым пацяпленні расліны будуць прыгнятацца і зніжаць прадукцыйнасць. Палесскі рэгіён – самы ўразлівы на тэрыторыі Еўропы па змяненні клімату: там гадавая зменлівасць у 2-3 разы вышэй, чым вы ўсёй Усходняй Еўропе.

Але Сяргей Лысенка адзначае, што, калі прааналізаваць даныя спадарожнікавых назіранняў, то будзе бачна, што ў сярэднім ліставое пакрыццё Беларусі павольна павышаецца. Ліставы індэкс росту адзначаецца прыкладна на 64% плошчы рэспублікі. На 17% гэты рост статыстычна значны. Ён звязаны з зарастаннем закінутых тэрыторый.

Тым не менш ёсць шэраг тэрыторый, дзе плошча расліннага покрыва скарачаецца, – зоны біякліматычнай дэградацыі. Яны характарызуюцца анамальна высокім ростам тэмпературы падсцілачнай паверхні, то-бок глебы, асабліва ў летні перыяд.

З-за скарачэння расліннага покрыва, больш сонечных прамянёў дасягаюць грунту – паскараецца пацяпленне і страта вільгаці, і як следства працуе станоўча зваротная сувязь. Рост тэмпературы з-за такога ўзаемадзеяння можа абумоўліваць да 30-40% пацяплення ў гэтых рэгіёнах летам.

“Калі не прымаць ніякіх мер, то такія фактары ўзаемнага ўплыву будуць узмацняцца. Мы склалі мапу ачагоў біякліматычнай дэградацыі і вылучылі рэгіёны, дзе гэтыя працэсы зараз вельмі актыўна адбываюцца. І гэта не толькі рэгіёны Гомельскай вобласці, а нават ўжо і захад Гродзенскай вобласці, цэнтральная частка Брэсцкай, паўднёвая Мінскай”, – падкрэслівае дырэктар інстытута прыродакарыстання.

То-бок на гэтых тэрыторыях паскараецца высушэнне. Яны характарызуюцца найбольш вялікімі кліматаабумоўленымі рызыкамі для сельскай і лясной гаспадаркі. На шчасце, пакуль такіх рэгіёнаў няшмат. Зараз біёлагі НАН працягваюць аналіз мапы, каб зрабіць свае высновы.

Сяргей Лысенка анансаваў распрацоўку сістэмы мезамаштабнага мадэліравання атмасферных працэсаў. Яна павінна з’віцца ўжо ў гэтым годзе. Такая сістэма дазволіць ацэньваць уплыў рэгіянальнай структуры землекарыстання на рэгіянальны клімат. Напрыклад, як забалочванне адлюструецца на мясцовых ападках і цеплаабмене. Гэты аналіз дазволіць даваць практычныя рэкамендацыі ў карыстанні рэсурсамі і ацэньваць уплаў, напрыклад, па вырубцы лесу.

 

Ахоўных тэрыторый не дастаткова

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар Аховы птушак Бацькаўшчыны, звярнуў увагу на шэраг іншых праблем аховы прыроды Беларусі.

Мікраскапічная доля запаведных тэрыторый. У запаведніках захоўваюцца не толькі віды і біятопы, але і працэсы: там няма лесагаспадарчай дзейнасці, палявання. Для навукоўцаў гэта шанец паглядзець, як развіваецца тэрыторыя без уздзеяння чалавека, таму вельмі важна мець даволі вялікія запаведныя зоны па ўсёй краіне.

А зараз у нас толькі адзін запаведнік і невялікія запаведныя зоны ў нацпарках. Як варыянт, Аляксандр Вінчэўскі прапануе ствараць біясферныя рэзерваты. Гэта тып асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі (ААПТ), дзе ёсць і запаведная зона, і буферная, дзе можна весці ўстойлівую гаспадарку. Зараз ў Палессі ствараецца толькі чацвёрты біясферны рэзерват Беларусі.

“Калі глядзець на нашу краіну стратэгічна, правільна было б усю Беларусь умоўна зрабіць біясферным рэзерватам. Каб нейкі адсотак быў запаведным, а на большай частцы вялася б устойлівая гаспадарка (за выключэннем прамысловых зон), – прапануе дырэктар Аховы птушак Бацькаўшчыны. – Гэта больш карысная для здароўя прадукцыя і больш карысная гаспадарка для мясцовых жыхароў: менш пестыцыдаў, хімічных угнаенняў, нітратаў. Такім чынам рэспубліка прыцягнула б увагу  да сваёй прадукцыі. Гэта быў бы брэнд Беларусі”.

Спусташэнне сельскагаспадарчых зямель. Некаторыя нашы землі ў такім стане, што прыватнік бы за іх ужо не браўся. Але, паколькі ў Беларусі земляробства з большага фінансуецца дзяржавай, яны ўсё адно штогод перакопваецца і там растуць вялыя расліны. Дзяржава такім чынам спрабуе абараніць плошчы сельскагаспадарчыя землі, але рэсурсы, якія выдаткуюцца на апрацоўку непрыдатных тэрыторый, карысці не прыносяць, але такая работа дадае парніковых газаў.

Знішчэнне полеахоўных  палос. Некалькі гадоў таму такія палосы мэтанакіравана вырубалі, таму зараз мы маем дарогі, занесеныя снегам узімку, і палі, з якіх здзьмухваецца перагной. Зараз зноў пачынаецца кампанія па пасадцы. На думку Аляксандра Вінчэўскага, такім палосам таксама трэба  даць мінімальны ахоўны статус, каб ніякі чыноўнік не мог іх крануць.

Біяразнастайнасць палёў. Зноў жа з-за таго, што зямля ў нас дзяржаўная і вывесці яе з абароту цяжка, штогод на палях спрабуюць узараць мясціны, якія для гэтага не прыдатныя. Невялікія забалочванні было б добра вывесці са сельскагаспадарчага абароту. Інакш рэсурсы на засеў выкідаюцца, а расліны там проста вымакаюць. Пры гэтым парушаецца гэта невялікая экасістэма. Такія кавалачкі забалочанай мясцовасці трэба ахоўваць, бо яны даюць вільгаць гэтаму полю, а біяразнастайнасць дае ўстойлівасць.

Зялёная эканоміка. Еўрасаюз збіраецца падымаць эканоміку пасля пандэміі праз зялёную эканоміку: галіны гаспадарання, якія павышаюць кліматычную ўстойлівасць, біяразнастайнасць і прывабнасць краін. Для беларусаў гэта таксама мог бы быць шанец на поспех. У сялян мала варыянтаў для працы і невялікі заробак, яны б з задавальненнем заняліся б, напрыклад, аднаўленнем лясоў. Гэта стварэнне новых працоўных месцаў у рэгіёнах і ўклад у эканоміку.

ААПТ не звязаны.  Расліны не паспяваюць за змяненнем кліматычных зон. Яны не могуць так хутка рухацца на поўнач. Нават жывёлы і насякомыя не паспяваюць, бо нашы ААПТ не звязаны адна з адной. Трэба развіваць ізумрудная сетка, каб віды маглі лёгка перасоўвацца паміж тэрыторыям. У дапамогу ім патрэбны праекты па перасадцы раслін і перасоўванні мелкіх жывёл у аптымальныя кліматычныя ўмовы.

 

Планы па экатурызму грандыёзныя

Мінпрыроды, як звычайна, больш занепакоена тым, як зарабіць грошы на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях. Віталь Каранчук, кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды, расказаў, што для гэта трэба развіваць экатурызм і прыцягваць наведвальнікаў з замежжа.

Сёння ў сетку ААПТ уваходзяць 1407 аб’екты: 1 запаведнік, 4 нацпаркі, 99 заказнікаў рэспубліканскага значэння, 282 заказніка мясцовага значэння і 800+ помнікаў прыроды. Агульная плошча ААПТ 1879,1 тыс. га – 9% тэрыторыі краіны. У іх жывуць больш за 80% рэдкіх відаў раслін і 90% жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

На сёння ў нацыянальнай стратэгіі вызначана 39 ААПТ, якія могуць з’яўляцца перспектыўнымі для арганізацыі экатурызму. Для 29 ААПТ створаны дзяржаўныя прыродаахоўныя ўстановы, якія не толькі іх ахоўваюць, але і імкнуцца рацыянальна выкарыстоўваць.

Зараз у краіне распрацавалі 45 экатроп і 144 экалагічных зялёных маршрутаў.

“Нягледзячы на гэта, патэнцыял прыродных тэрыторый выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Так, выключна высокімі рэсурсамі для арганізацыі экатурызму мае заказнік Сярэдняя Прыпяць, Спораўскі, Ельня і яшчэ дзесяткі заказнікаў”, – лічыць Віталь Каранчук.

Галоўнай праблемай, якую ставіць тут Мінпрырода – недахоп кадраў: супрацоўнікаў, якія валодаюць замежнай мовай і маюць навыкі фарміравання і прасоўвання турыстычнага прадукту.

Што добрага, у нацстратэгіі таксама закладзена фарміраванне нацыянальнай экалагічнай сеткі – стварэнне сувязяў паміж ААПТ. Як кажа прадстаўнік міністэрства, у планах ёсць інтэграцыя нацыянальнай экалагічнай сеткі і замежных, у тым ліку стварэнне трансгранічных ААПТ і біясферных рэзерватаў.

“Разлічваем на аднаўленне разбураных экасістэм, пойменных лугоў і балот за кошт арганізацыі рацыянальнага выкарыстання кустоўя і трысця на ААПТ. А таксама разлічваем аднавіць не менш за 15% парушаных балот, павялічыць колькасць турыстаў, якія наведваюць ААПТ не менш, чым на 80%. Будзе створана не менш за 500 новых рабочых месцаў у сельскай мясцовасці і малых гарадах. Не менш за 20 заказнікаў рэспубліканскага значэння будуць уключаны ў сетку зялёных маршрутаў. І не менш за 70% кіраўнікоў і супрацоўнікаў дзяржаўных прыродаахоўных устаноў павысяць сваю кваліфікацыю”, – такія аптымістычныя лічбы прыводзіць Віталь Каранчук.

Напрыканцы ён ўсё ж такі падкрэсліў: ажыццяўляць турыстычную дзейнасць у ААПТ трэба на навукова абгрунтаваных умовах у межах дапушчальнай антрапагеннай нагрузцы. Вялікі прыток турыстаў дае фінансавыя сродкі, але потым іх прыходзіцца выдаткоўваць на аднаўленне ААПТ. Экатурызм не павінен шкодзіць экасістэме.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость