Разам яны пасадзілі больш за 300 дрэваў: бярозу, альху, елкі. Такім чынам сябры Зялёнай сеткі яшчэ раз звярнулі ўвагу на праблему з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку экалагічнымі, заклікалі кожнага развіваць сваю экалагічную свядомасць і выказалі сваю салідарнасць з калегамі, якія сёння знаходзяцца за кратамі.
«Мы з-за рэпрэсій не можам саджаць дрэвы ў нашай краіне, дзе вар’яты ва ўладзе цяпер саджаюць людзей. То мы хочам вярнуць пазыку прыродзе з іншага боку мяжы. Для прыроды межы не маюць значэння, бо мы — адно цэлае. Межы не спыняюць глабальныя катастрофы, як і не спыняюць глабальнага дабра», – гаворыцца ў рэлізе Зялёнай сеткі.
Нагадаем, што ў суботу 20 красавіка па ўсёй Літве праводзіўся фестываль пасадкі дрэваў. Летась падчас такой акцыі ў Літве пасадзілі больш за 2 млн дрэваў.
Такая ж акцыя штогод праходзіць у Беларусі. Раней Зялёная сетка прымала ў ёй актыўны ўдзел, выводзіла аўтобусамі актывістаў у лес і садзіла дрэвы дзясяткамі тысяч.
Але рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці закранулі і беларускіх эколагаў, шмат з якіх вымушаныя былі з’ехаць. Частка з іх апынулася за кратамі.
Зялёныя палітзняволеныя. Як падтрымаць?
Сёння за кратамі знаходзяцца нашыя сябры і калегі. Мы можам пісаць ім лісты, дасылаць ім тэлеграмы, падтрымліваць іх сем’і і ўзгадваць пра іх публічна на розных інфармацыйных, грамадскіх і палітычных пляцоўках і івэнтах па ўсім свеце.
Святлана Кароль — старшыня абласнога грамадскага аб’яднання «ВелаГомель».
Жанчыну затрымалі ў Гомелі ў верасні мінулага года. Святлану падазраюць нібыта ў паклёпе на Лукашэнку.
Пенсіянерку і актывістку затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту.
Дома на Святлану чакаюць маці сталага веку і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.
Куды пісаць палітвязынцы: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Святлане Мікалаеўне Кароль.
Ганна Скрыган — кандыдатка геаграфічных навук, былая кіраўніца Магілёўскага аддзялення міжнароднага аб’яднання «Экапраект». Удзельнічала ў навуковых канферэнцыях, звязаных з экалогіяй і урбаністыкай.
Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме 23 жніўня 2023 года прызнаў жанчыну вінаватай у «распальванні варожасці» і прызначыў пакаранне тэрмінам на два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Куды пісаць палітвязынцы: ВК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Ганне Юр’еўне Скрыган.
Сцяпан Латыпаў – самы вядомы ў Беларусі арбарыст і барацьбіт з баршчавіком.
Ён жыў на Плошчы Перамен. І яго абвінавацілі ў нібыта арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, а яшчэ ў супрацьстаянні міліцыянтам.
Беларускі суд прызнаў яго вінаватым і адправіў на 8 гадоў і 6 месяцаў у калонію ўзмоцненага рэжыму, а адтуль яго перавялі ў турму.
Куды пісаць палітзняволенаму: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А,
Сцяпану Сяргеевічу Латыпаву.
Андрэй Кузнечык – журналіст, велаактывіст, аўтар блогу «БелаВела: пра ровары – па-беларуску». Яго абвінавацілі ў нібыта стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім.
Андрэю прысудзілі шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Куды пісаць палітзняволенаму: ВК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8,
Андрэю Аляксеевічу Кузнечыку.
Яўген Меркіс— журналіст, краязнаўца, экалагічны актывіст. Яўгена рэжым прызнаў вінаватым у нібыта стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім.
За гэта яго асудзілі на чатыры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Куды пісаць палітзняволенаму: ІК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Завадская,
Яўгену Аляксандравічу Меркісу.
Яўген Рубашка — экалагічны актывіст, анархіст, сябра ініцыятывы па раздачы веганскай і вегетарыянскай ежы «Ежа замест бомб».
Яўгена абвінавацілі ў парушэнні артыкула 342 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Суд кінуў Яўгена ў турму строгага рэжыму на пяць гадоў.
Куды пісаць палітзняволенаму: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А,
Яўгену Аляксандравічу Рубашка.
Аляксандр Бялоў — яшчэ адзін сябра ініцыятывы па раздачы веганскай і вегетарыянскай ежы «Ежа замест бомб». Аляксандра таксама абвінавацілі ў парушэнні артыкула 342 Крымінальнага кодексу – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». А таксама — у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзеле ў ім.
Яму прысудзілі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Куды пісаць палітзняволенаму: ВК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманова, а/с 20, Аляксандру Андрэевічу Бялову.
Арцём Салавей — актывіст анархічнага руху. Быў затрыманы 4 жніўня 2021 года і збіты супрацоўнікамі міліцыі: яго ставілі ў «ластаўку» і пагражалі згвалтаваннем, каб ён сказаў пароль ад свайго тэлефона.
Арцёма таксама абвінавацілі ў парушэнні артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». А таксама – у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзеле ў ім.
Куды пісаць палітзняволенаму: ВК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Завадская, 8, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю.
Барыс Кучынскі — слонімскі гарадскі актывіст, якога бвінавацілі адразу ў двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных» (заўв. 1 ч. 3 арт. 203 КК).
Гарадзенскі абласны суд прысудзіў Кучынскаму два гады калоніі.
Куды пісаць палітзняволенаму: ВК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Барысу Уладзіміравічу Кучынскаму.
Дзмітрый Кучук – былы кіраўнік ліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя». Яго затрымалі, калі ён хацеў ушанаваць памяць Аляксея Навальнага каля расейскай амбасады ў Менску. Яго абвінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Перад затрыманнем мужчына паспеў паведаміць, што каля амбасады знаходзілася шмат супрацоўнікаў АМАП. Вядома, што пасля затрымання яго адвезлі ў Цэнтральнае РУУС Мінска.