Завесці птушкам “сімкі” мы змаглі дзякуючы кампаніі А1, а саму ідэю для нас распрацавала ініцыятыва “Крэатон”.
Першыя ўласныя нумары з’явіліся ў вялікага голуба, малінаўкі, шчыгла, салаўя, гіля, чорнага дразда, берасцянкі, сіняй сініцы, крапіўніка, шэрай кугакаўкі. Гэта самыя распаўсюджаныя ў Беларусі і самыя пазнавальныя птушкі, якіх можна пабачыць у парках, а часам і наўпрост з акна сваёй кватэры. Многія раней чулі гэтыя галасы, але не ўсе ведалі, каму яны належаць.
"У Беларусі налічваецца 332 віды птушак, 70 з іх уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Птушкам патрэбная ўвага, дапамога і абарона. Мы ўпэўненыя, што гэты сервіс будзе нагадваць пра каштоўнасць дзікай прыроды. Больш за тое, такія званкі будуць цікавыя і на ўроках біялогіі ў школах. Каб паказаць, як спяваюць птушкі, настаўнік зможа проста пазваніць ім", - кажа Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па акцыях і кампаніях.
Перад тым, як пачуць голас птушкі па тэлефоне, вас павітаюць «птушыныя сакратары».
Імі выступілі акцёры Купалаўскага тэатра Раман Падаляка і Крысціна Дробыш.
“Праект “Выйдзі на сувязь з прыродай” працягвае актыўнасці А1 у сферы экалогіі. Мы лічым вельмі важнымі экасвядомасць і беражлівае стаўленне да прыроды. А званкі птушкам даносяць гэты мэсэдж да беларусаў усіх узростаў у цікавай і захапляльнай форме. Таму мы з радасцю адгукнуліся на прапанову АПБ«, — расказвае кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.
Праект “Выйдзі на сувязь з прыродай” з’явіўся дзякуючы ініцыятыве Крэатон. Яна аб’ядноўвае крэатараў, дызайнераў, менеджараў і стратэгаў, каб дапамагчы сацыяльным ініцыятывам заявіць пра сябе ў грамадстве. АПБ была кліентам чацвёртага Крэатона, на якім каманда крэатыўнага лідара Алега Давыдчыка прапанавала навучыць беларусаў адрозніваць птушак па іх галасах.
“Мы вельмі доўга перабіралі розныя ідэі камандай з шасці чалавек, — расказаў Алег. — Мы зачапіліся за тое, што ўсе птушкі гучаць па-рознаму, і пачалі думаць, як у цікавай форме пазнаёміць з гэтым людзей.”
Як кажа шчыгел? Як спявае малінаўка? Каб пачуць адказ, цяпер дастаткова патэлефанаваць па адным з нумароў:
- +375445006611 Чорны дрозд
- +375445006612 Усходні салавей
- +375445006613 Вялікі голуб
- +375445006614 Гіль
- +375445006615 Сіняя сініца
- +375445006616 Чорнагаловы шчыгел
- +375445006617 Малінаўка
- +375445006618 Берасцянка
- +375445006619 Крапіўнік
- +375445006610 Шэрая кугакаўка
Заставайся на сувязі з дзікай прыродай!