На дадзены момант па ўсім свеце ў кампаніі паўдзельнічалі больш за 70 000 чалавек. Лічба не канчатковая, бо ў міжнародным фармаце кампанія доўжыцца да 21 чэрвеня. Ад Беларусі паступіла звыш 4000 назіранняў, з іх каля 3000 — з Мінскай вобласці. Дзякуючы ўсім удзельнікам кампаніі наша рэспубліка апынулася на 2-м месцы сярод 55 краін-удзельніц. Першае і трэцяе месца занялі Латвія і Расія адпаведна, паведамляе сайт АПБ.
Белы бусел — бясспрэчны лідар назіранняў Беларусі. Цікава, што, сыходзячы з назіранняў усіх краін-удзельніц, у гэтым годзе перамагла зязюля, а 2-е месца падзяляюць вясковая ластаўка і свіргуль.
На працягу кампаніі ўдзельнікі дзяліліся гісторыямі сваіх назіранняў у Вясновым блогу.
Пашанцавала сустрэць і прыгажуню шчурку-пчалаедку на кар'еры каля Хойнікаў, сваім фотаназіраннем падзяліўся Павел Лычкоўскі.
Сёлета «Жывая вясна» паўдзельнічала ў свяце «Гуканне вясны ў Вязынцы», дзе дарослыя і дзеткі даведваліся больш пра птушак і нават маглі зрабіць сваю з паперы.
«Жывая вясна» таксама завітала на Фестываль кулікоў у Тураў, Ноч музеяў у Музей прыроды і экалогіі ў Мінску, на 10-годдзе Шумілінскага аддзялення АПБ.
Каля 100 чалавек прынялі ўдзел у конкурсах «Жывой вясны». Так, конкурс малюнкаў меў назву «Мая ластаўка». Удзельнікі дасылалі малюнкі з выявай вясковай ластаўкі. Асабліва віталіся тыя, што адлюстроўваюць паводзіны птушкі, напрыклад у працэсе будоўлі гнязда, пры здабычы казурак для ежы, у палёце ці кармленні птушанят. Конкурсныя працы ацэньваліся ў дзвюх узроставых катэгорыях: 7-11 і 12-15 год.
Праводзіўся таксама і фотаконкурс «Птушкі «Жывой вясны».
Больш фотаздымкаў і малюнкаў пераможцаў глядзіце тут.