21.08.2018 / 09:08

Па ўсёй Польшчы прамысловыя будынкі, узведзеныя на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, набываюць новае жыццё.

Зялёны партал наведаў падобныя архітэктурныя аб’екты, што кардынальна змянілі функцыі, у Варшаве, Познані і Шчэціне.  Гэта будынкі ў так званым “цагляным стылі”, што можа мець рысы эклектыкі, неаготыкі, нацыянальнага рамантызму.

 

Варшава, Koneser

Цэлы квартал будынкаў у неагатычным стылі абмежаваны вуліцамі Беластоцкай, Замбкоўскай, Непарэцкай і Маркоўскай. Пабудаваны як фабрыка гарэлкі ў 1895 – 1897 гг, Koneser перажыў найбольшы росквіт у міжваенны перыяд. Вытворчасць працягвалася і пазней, аж да 2007 г. Потым некаторы час тут функцыянаваў арт-цэнтр кшталту мінскага “Корпуса”. Цяпер ідзе рэнавацыя, у верасні плануецца адкрыць шматфункцыянальны жыллёва-офісны комплекс.

Агенцтва ўжо прадае кватэры-лофты. Google плануе запусціць тут інкубатар ІТ-стартапаў. Акрамя таго, у квартале Koneser будзе працаваць гатэль, выставачны і канферэнц-цэнтры, офісы, рэстараны, бары, кавярні, крамы і… музей польскай гарэлкі.

Цэнтр для імпрэзаў і канферэнцый плануецца канцэптуальна назваць Bulelkownia (“Бутэлькоўня”). Частка будынкаў ужо функцыянуе. Адзін з дамоў на плане будучага комплексу пазначаны як “будынак для дзяцей”. Ад самага пачатку акрамя ўласна фабрыкі на тэрыторыі былі школа, кватэры, майстэрні, склады, кацельная, таму можна казаць пра пэўную пераемнасць.

Koneser цікавы яшчэ сваім размяшчэннем: ён знаходзіцца ў раёне Варшавы, які завецца Прага (не блытаць са сталіцай Чэхіі!). Назва паходзіць ад славянскага кораня, з якога і слова “пражыць”, пазначае “выпаленае месца”. У 1648 – 1791 гг варшаўская Прага была асобным горадам.

Тут захаваліся жылыя і прамысловыя будынкі мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, а таксама міжваеннага перыяду, у той час як цэнтр Варшавы амаль цалкам зруйнаваны падчас Другой сусветнай. Потым, праўда, адбудаваны і за якасць аднаўлення нават унесены ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

На Празе захоўваецца варшаўскі гарадскі фальклор і нават адмысловая гаворка. Апошнімі гадамі раён вельмі модны: тут шмат клубаў, галерэй, мастацкіх майстэрняў. Для Мінска гэта прыклад, як не-цэнтр можа прыцягваць жыхароў горада і турыстаў.

 

Шчэцін, Stara Rzeznia

Шчэцін – цэнтр Паморскага ваяводства Польшчы, знаходзіцца блізка ад нямецкай мяжы. Комплекс гаспадарчых будынкаў на востраве Łasztownia (Лаштоўня) на рацэ Одэр утварыўся яшчэ ў XVI стагоддзі. Спачатку тут функцыянавала шчэцінская гарадская мясабойня, ад якой і засталася назва сучаснага культурнага цэнтра.

У эпоху індустрыялізацыі паўстала прамысловая архітэктура. Пасля Другой сусветнай вайны на Лаштоўні працавалі пераважна склады. Цяпер тэрыторыя абгарожаная, частка дамоў стаіць закінутая, у некаторых месцяцца офісы.

Адзін з будынкаў, узведзены ў 1888 – 1898 гг як мясабойня на месцы ранейшых цяслярскіх складоў, у 2014 г. адрэстаўраваны адмыслова пад арт-аб’ект, і сёння тут дзейнічае Цэнтр культуры еўрарэгіёну Stara Rzeznia. Функцыянуе некалькі выставачных залаў, рэстаран, офісы, канферэнц-зала, кнігарня.

Тут праходзяць самыя разнастайныя мастацкія, музычныя, адукацыйныя мерапрыемствы, паказы кіно і спектакляў… Шлях ад шчэцінскага Старога горада да арт-цэнтра Stara Rzeznia ляжыць праз прыгожае ўзбярэжжа з цікавымі графіці. Гэта “тусовачны” раён, месца для шпацыраў.

Для Мінска шчэцінская Stara Rzeznia, як і варшаўскі Koneser, – прыклад пункту прыцягнення па-за “асноўным” гарадскім цэнтрам. Абодва аб’екты паказваюць, што арт-цэнтры ў былых прамысловых будынках могуць быць цалкам сабе прэзентабельнымі і дылему “напаўнефармальная ініцыятыва vs сур’ёзныя інвестыцыі” можна паспяхова зняць.

Цікава будзе прасачыць лёс астатніх будынкаў на Лаштоўні. Адзін з іх ужо атрымаў назву Stara stajnia і, падобна, там будуць офісы.

 

Познань, Stary Browar

Познань – цэнтр велькапольскага ваяводства (заходняя частка краіны). Аграмадны будынак , што займае цэлы квартал і калісьці быў броварам, цяпер месціць гандлёвы і арт-цэнтр, гатэль, шматлікія бары і рэстараны. Stary Browar знаходзіцца ў цэнтры горада і проста зачароўвае спалучэннем старой кладкі з чырвонай цэглы і новых шклофасадаў.

Першы будынак бровара з’явіўся ў 1844 г., калі Познань уваходзіла ў склад Прусіі, пашырыўся ў 1890 г. у тыповым для прамысловай архітэктуры таго часу “аркадным стылі” (rundbogenstil), моцна пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны, потым зноў перабудоўваўся.

Працаваў да 1980 г., потым паступова разбураўся. Перад адкрыццём сучаснага цэнтра ў 2003 г. аб’ект быў моцна разбудаваны, з продажам зямлі для яго здарыўся карупцыйны скандал.

Падчас перабудовы была ўжыта канцэпцыя 50/50: палова плошчаў аддадзена пад камерцыйныя аб’екты, а палова – пад культурныя. Канцэпцыя адлюстравана ў назве Blow Up Hall 50 50, што месціцца ў складзе цэнтра. Аб’ект спалучае арт-галерэю і гатэль, які The Guardian у 2009 г. назваў “самым футурыстычным гатэлем у свеце”.

Там няма рэцэпцыі і нумарацыі пакояў, а замест ключоў госці атрымліваюць айфон, што “прыводзіць” да патрэбнага памяшкання і “адмыкае” дзверы. На сваім сайце Stary Browar паведамляе, што лічыць сябе “месцам, дзе жыццё сустракаецца з мастацтвам”.

Скульптура “Бляск Месяца”, Ігар Мітарай, 1991
Скульптура “Бляск Месяца”, Ігар Мітарай, 1991

На тэрыторыі цэнтра Stary Browar месцяцца шматлікія арт-аб’екты, у тым ліку інсталяцыя мастака беларускага паходжання Лявона Тарасевіча. Яго “фірмовы стыль” – рознакаляровыя гарызантальныя палоскі, якія ён наносіць на самыя розныя паверхні. Тарасевіч нарадзіўся ў 1957 г. у вёсцы Валілы на Беласточчыне, часта падкрэслівае сваё беларускае паходжанне. Выкладае ў варшаўскай Акадэміі мастацтваў.

Гэтыя прыклады – не адзіныя ў Польшчы. Частка будынкаў тэкстыльнай фабрыкі ў Лодзі перароблена ў комплекс “Мануфактура”, што яднае арт-аб’екты, гандлёвы цэнтр, элементы турыстычнай інфраструктуры. У Гданьску рэнаваная вуліца Электрыкаў на тэрыторыі верфі, дзейнічае цэнтр “Гарнізон культуры” (а раней тут былі баракі). Як бачым, усе праекты новага жыцця прамысловых будынкаў так ці інакш утрымліваюць культурніцкі складнік.

Улучэнне адноўленых прамысловых будынкаў у архітэктуру горада – не толькі польскі, а і агульнаеўрапейскі трэнд.Нядаўна “Зялёны партал” пісаў, як гэта зроблена ў Таліне. Вялікі інтарэс і да нерэнаваных будынкаў. Напрыклад, дзейнічае Еўрапейскі маршрут індустрыяльнай спадчыны (ERIH), куды ўнесена і некалькі пунктаў у Беларусі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость