21.08.2019 / 14:08

У небе над заказнікам Ельня пройдзе канцэрт электроннай музыкі, паведамляе 34mag.net. Па задумцы арганізатараў – ютуб-праекта KURS:RA – гадзінны сэт на паветраным шары мусіць прыцягнуць увагу да праблемы асушэння балот.

Яны хочуць зняць выступ электроншчыка Modd на паветраным шары і падрыхтаваць дакументальнае кіно пра заказнік. Рэжысёрка Kati Lee і відэастудыя Notakitchen плануюць паказаць перадсвітальную Ельню і расказаць, чаму да яе варта вельмі беражліва ставіцца і ў чым яна ўвогуле незвычайная. Прэм’ера фільма мае адбыцца 19 верасня.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ухваляе ідэю прыцягнення ўвагі да прыродааховы новымі метадамі, але выступае катэгарычна супраць такога канцэрту:

“Мы за такія новыя падыходы і прапануем ім зрабіць гэты канцэрт над Міёрамі – горадам, ад якога залежыць будучыня Ельні. На жаль, сучасныя палажэнні аб заказніках і планы кіравання забарон такіх [на канцэрт над балотам] не ўтрымліваюць, бо нават дадумацца да такога ніхто не мог.

Тут праблема не толькі ў тым, што ў гнездавы перыяд птушкам могуць перашкаджаць, а яшчэ ў тым, што на Ельні круглы год жывуць рэдкія птушкі – цецярук, пардва (белая курапатка). Гэтых белых курапатак у Беларусі ўвогуле засталося некалькі пар, і ні ў якім разе нельга іх пужаць.

Трэба звязацца з гэтай камандай і папрасіць не рабіць канцэрт, нават калі ён і не забаронены законам. Я думаю, гэта добрыя людзі, і яны хочуць дабра, але не вельмі разумеюць сітуацыю. Малайцы, хай зробяць канцэрт, але лепш над Міёрамі”.

Ельня – адной з буйнейшых верхавых балот у кантынентальнай Еўропе. Яго плошча – больш 23 000 га, запасы вады – 450 млн м3 (дзве траціны ад аб’ёму возера Нарач). Балота з’яўляецца важнай транзітнай пляцоўкай для пералётных птушак, а з 93 відаў птушак, якія жывуць тут увесь час, 23 віды занесены ў Чырвоную кнігу.

У 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Ельні былі пабудаваны водаадводныя каналы, якія парушылі экалагічную раўнавагу і знізілі ўзровень грунтовых вод, што стала важнейшай прычынай шматлікіх буйных пажараў у 1992-2002 гадах.

З 2007 года тут арганізуюцца летнікі “Выратуем Ельню разам!”. 7 і 8 верасня гэтага года пройдзе генеральная прыборка Ельні,зарэгістравацца на якую можна тут.

Автор:
Фотограф:
Сергей Плыткевич
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость