21.08.2024 / 16:08

Як жыве экавёска Râșcova ў Малдове.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Пошук больш устойлівых і экалагічных падыходаў у штодзённасці, супольны стыль жыцця, думкі аб будучыні сваіх дзяцей і жаданне стварыць свайго роду «хаб» даследавання і прасоўвання экапрактык – зразумелыя прычыны папулярнасці экапаселішчаў, якія актуальныя і для кам’юніці ў вёсцы Râșcova.

Вёска Râșcova – выдатны прыклад нізавога партысіпатарнага праекта, які падтрымлівае кірунак устойлівага развіцця ў Малдове і з’яўляецца прыкладам для іншых краін, калі эксперты і эксперткі ці валанцёры і валанцёркі з розных краін прыязджаюць на навучальныя праграмы ў сяло.

Вёска знаходзіцца ўсяго за 40 км ад Кішынёва, што робіць яе больш даступнай для сталічных жыхароў і жыхарак, а таксама для ініцыятыў, якія знаходзяцца ў горадзе і супрацоўнічаюць з сялом.

Напрыклад, такіх як некамерцыйная арганізацыя EcoVisio, якая займаецца развіццём праектаў па ўстойлівым развіцці Малдовы i з’яўляецца партнёрам экавёскі, з якой разам адбывалася яе планаванне і будаўніцтва. Ці як EcoLocal – мясцовы рынак экалагічных і рамесных тавараў, і асацыяцыя рамеснікаў і рамесніц, дзе фермеры і фермеркі Râșcova прадаюць свой ураджай.

 

"Спачатку людзі думалі, што мы сышлі з розуму, марнуючы грошы, “будуючы свае глінабітныя дамы”

 

Навошта часнок расце разам з трускаўкай? Што за гатэль такі для казурак? Як працуе гліняная тынкоўка дома і як яна фармуе мікраклімат на практыцы?

 На гэтыя і яшчэ мільён пытанняў па ўстойлівым жыцці і практыках экавёскі адказвае Ліліяна Батнару, сузаснавальніца экавёскі і выканаўчая дырэктарка асацыяцыі сельскага развіцця.

Ліліяна – яркі прыклад амбасадоркі экапрактык у сваім жыцці, у тым ліку і будучы фасілітатаркай і трэнеркай.

Ліліяна Батнару
Ліліяна Батнару

У экавёсцы прытрымліваюцца прынцыпаў пермакультуры (ад англ. «permanent agriculture» (пастаянная сельская гаспадарка) – гэта інтэграваная сістэма экалагічнага дызайну, якую аўстрыйскі даследчык Біл Молісан распрацаваў сумесна з Дэвідам Холмгрэнам, і якую яны разам уяўлялі сабе як шматгадовую і ўстойлівую форму сельскай гаспадаркі.

Напрыклад, усё смецце сартуецца, а ўся арганіка кампастуецца, таксама выкарыстоўваюцца практыкі апсайклінга і мінімізацыі водных адходаў (збор дажджавой вады, прыродныя фільтры для ачысткі вады, кампостная прыбіральня).

У земляробстве каманда прытрымліваецца прынцыпаў адаптацыі лясной экасістэмы ў агарод і прыроднай разнастайнасці ў спадарожных пасадках, дзе расліны камбінуюцца па прынцыпе патэнцыйнага суседства па ўнутраных прыкметах (неабходных мікраэлементах, якія выдзяляюцца хімічным злучэнням) і нішавых прынцыпах па ярусах, тэраснай сістэмы на агароджы для захавання вады.

На тэрыторыі ўстаноўлены сонечныя батарэі для электраэнергіі і падагрэву вады, дамы пабудаваны з натуральных матэрыялаў.

Таксама жыхары і жыхаркі вёскі не выкарыстоўваюць хімічныя рэчывы як у побыце ў дамах, так і на агародзе.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

«Спачатку людзі думалі, што мы звар’яцелі, марнуючы грошы, “строячы свае глінабітныя дамы”.

Нават людзі, якія дапамагалі нам у будаўніцтве, ставіліся скептычна, а часам гэта было 20 жыхар_ак вёскі, бо для працы з глінай трэба шмат рук.

Але што цікава, некаторыя з іх прыходзілі ўзімку, і дзівіліся што гэта цеплыня захоўваецца і працуе эфектыўней у суадносінах з колькасцю выкарыстаных імі дроў. Таму некаторыя жыхары і жыхаркі вёскі таксама скарысталіся гэтымі ідэямі і пачалі выкарыстоўваць натуральныя матэрыялы і гліну», – расказвае Ліліяна.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Усе практыкі будаўніцтва вывучаліся ўсёй камандай самастойна і прадумваліся да дробязей.

Такія простыя, здавалася б, моманты, як размяшчэнне большай часткі вокнаў на паўднёвым баку і выкарыстанне глінянай тынкоўкі ў якасці тэрмамасы – па даследаваннях жыхароў і жыхарак экавёскі – значна абагравае хату з мінімальным выкарыстаннем энерганосьбітаў.

Цікавы і прыклад натуральных фарбавальнікаў з выкарыстаннем аксіду металаў і наўмыснага выбару шакаладнага колеру для дадатковага абагравання ў 20° C!

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Што да прынцыпаў спадарожных пасадак, то каманда камбінуе розныя расліны па старажытнай практыцы, якая ўжо паказала сваю эфектыўнасць у іх агародзе. Напрыклад, памідоры вельмі добра спалучаюцца з базілікам, з салерай, а цыбуля – з бураком.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

"Часам паміж шэрагамі памідораў можна пасадзіць моркву, паколькі памiдор абароніць моркву ад мухі. А морква захавае вільготнасць у падножжы памідора. Або, напрыклад, вядомае “супрацоўніцтва” кукурузы з фасоллю і гарбузом пад назвай “тры сястры”.

І кукурузе, і гарбузу трэба шмат азоту для росту. Бабовыя ж дадаюць азот у глебу. Каб бабы маглі на нешта ўзлезці, ім патрэбна тычка, у ролі якой можа выступіць кукуруза.

Гарбуз, у сваю чаргу, доўгім лісцем пакрые зямлю, захавае частку вільгаці і створыць цень для абароны ад спякоты. Такім чынам, існуе мноства камбінацый", – расказвае Ліліяна пра пермакультуру, паказваючы агарод у вёсцы.

Для здаровага саду таксама важныя і карысныя казуркі, такія, як божыя кароўкі, дзікія пчолы, чмялі. Таму на тэрыторыі вёскі і быў пабудаваны гатэль для аднаўлення біяразнастайнасці. Пасля казуркі дапамагаюць змагацца са шкоднікамі і, вядома ж, працуюць над апыленнем. 

 

«Навучыць людзей клапаціцца аб прыродзе, харчавацца здаровай ежай, займацца сацыяльным прадпрымальніцтвам»

Але больш жа саміх практык важна роля кам’юніці і кожнага чалавека, які выбудоўвае ўсвядомлены і ўстойлівы лад жыцця, і дзякуючы якім гэты праект быў рэалізаваны і ўплывае на вёску і іншыя ініцыятывы, праекты і актыўных грамадзян_ак. 

"Перш, чым мы пачалі будаўніцтва ў 2014 годзе, мы пачалі з інтэграцыі супольнасці і экакластара мясцовай школы, таму што мы разумелі, што калі мы гаворым пра ўстойлівы лад жыцця, гэта не проста практыка.

Устойлівае развіццё павінна ажыццяўляцца ў супольнасцях. І экапаселішча павінна знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да існуючай вёскі.

Мы павінны думаць пра тое, што ў нас ужо ёсць, не спрабуючы стварыць бурбалку, а паглядзець з усімі абмежаваннямі, якія ёсць, і падумаць пра тое, як мы можам зрабіць крокі ў напрамку больш экалагічнага і здаровага ладу жыцця", – распавядае Ліліяна, паказваючы захаваныя моманты будаўніцтва вёскі у 2014 годзе на фота.

Фота з архіву вёскі
Фота з архіву вёскі

Уласна, вёска і была пабудавана ўдзелам жыхароў і жыхарак у гарызантальным узаемадзеянні і пры сумесным навучанні ўстойліваму і экалагічнаму будаўніцтву.

Фота з архіву вёскі
Фота з архіву вёскі

«Мы арганізоўвалі валанцёрскія дні і воркшопы, некаторыя актыўныя ўдзельнікі і ўдзельніцы пасля працягвалі быць уцягнутымі ў праект і будаўніцтва экавёскі, хацелі быць часткай кам’юніці і браць больш адказнасці. Вельмі добрая сінэргія здаралася і з трэнінгамі EcoVisio, пасля якіх удзельніцы і ўдзельнікі таксама прыязджалі практыкавацца ў вёску».

А паркоўка, напрыклад, была цалкам спраектаваная і створаная студэнтамі і студэнткамі Кішынёўскага будаўнічага каледжа.

«Па прыездзе студэнткі сказалі што трэба ссекчы арэхавыя дрэвы, каб можна было змясціць больш за тры машыны, але ў выніку справіліся з наяўнай тэрыторыяй і эканамічным планаваннем».

Юл’ян Грэгер, заснавальнік EcoVisio і член каманды EcoVillage Moldova распавядае пра сваё бачанне пазітыўнага ўплыву экавёскі. 

"Экавёска таксама была важная і для кам’юніці, якое ўжо развівалася ў Кішынёве як дом і месца для навучання. Гэта кухня, якая гатуе вегетарыянскую экалагічную ежу, месца з імём, наша стабільнае пасланне, якое мы ўсімі дзеяннямі даносім да людзей, якія ўзаемадзейнічаюць з намі, і місія: навучыць людзей клапаціцца аб прыродзе, харчавацца здаровай ежай, займацца сацыяльным прадпрымальніцтвам! Калі мы пачыналі распрацоўваць канцэпцыю экавёскі мы таксама задаваліся пытаннем: "А якая роля вёскі ў грамадстве?"

Вёска – гэта пастаўшчык ежы, аднойчы, спадзяемся, энергіі, але і самае ключавое так ці інакш – гэта кам’юніці.

Таму, выбраўшы ўжо функцыянуючую вёску Râșcova, мы хацелі дадаць і прыўнесці больш каштоўнасці, а не ствараць усё з нуля. Таксама мне асабіста цікавы і менталітэт людзей у культурным разрэзе, якія гатовыя да пазітыўных пераменаў, і дастаткова гасцінныя і зацікаўленыя, у адрозненне, напрыклад, ад немцаў, якія праўда шануюць стабільнасць».

Фота з архіву вёскі
Фота з архіву вёскі

Экавёска развівае мясцовае кам’юніці і фінансава, напрыклад, калі ў цэнтр прыязджае вялікая колькасць людзей на адукацыйныя праекты, якіх немагчыма фізічна змясціць у вёсцы, то мясцовыя, прымаючы гасцей, могуць дадаткова зарабіць.

Яшчэ ўсе жыхары і жыхаркі вёскі актыўна расказваюць гісторыі пра новыя знаёмствы і дыялогы з людзьмі, якія прыязджалі да іх з усяго свету: як яны знаходзілі агульную мову, якія гісторыі адзін аднаму расказвалі.

Уплыў вёскі і нават экспертнасць таксама можна вызначыць і на нацыянальным узроўні – калі, напрыклад, у вёску прыязджаюць, каб паглядзець, як пабудаваць сучасную двухпавярховую хату з гліны і дрэва. 

"Самае простае і карыснае для кам’юніці – гэта доступ да канкрэтных прыкладаў, дзеянне якіх можна праверыць на практыцы, і якія яны могуць прымяніць у сябе на агародзе/у сваёй хаце і побыце. І гэтыя прыклады знаходзяцца побач з домам і ў тваёй краіне.

Класна бачыць, як мясцовыя жыхаркі знаходзяць для сябе карысныя практыкі, як, напрыклад, ратацыю раслін або выкарыстанне экаматэрыялаў у будаўніцтве дома.

Менш смецця і больш дрэў – гэта ўжо добры вынік нашага ўплыву! Напрыклад, сёлета 10 гектараў новых дрэў было пасаджана ў Râșcova!"

 

Канкрэтныя гісторыі ўплыву

Будаўнічы каледж у Кішынёве, які пачаў супрацоўнічаць з экапаселішчам і запусціў новыя прадметы

Напачатку праекту каманда падчас аналізаў мясцовага рынку ў пошуку экспертаў і экспертак і партнёраў усвядоміла, што ў краіне няма вывучаных спецыялістак і спецыялістаў па будаўніцтве з прыродных матэрыялаў, бо нават у будаўнічым каледжы за чатыры гады ў студэнтаў і студэнтак няма ніводнага прадмета па гэтай тэме.

Ужо пазней выкладчыкі і студэнты гэтага каледжа неаднаразова праходзілі трэнінгі ў экапаселішчы і ў арганізацыі Ecovisio, а яшчэ пазней у каледжы з’явілася два новых прадмета: “Пасіўны сонечны дызайн” і “Будаўніцтва з натуральных матэрыялаў”.

А ўжо праз 10 гадоў экавёска падпісала з каледжам пагадненне аб супрацоўніцтве, праз якое яны набіраюць студэнтаў.

Жыхарка_вёскі і ўжо частка каманды Ecovillage, Аўрыка Бугняк. Фота - Лізавета Ландэнбергер
Жыхарка_вёскі і ўжо частка каманды Ecovillage, Аўрыка Бугняк. Фота - Лізавета Ландэнбергер

Калі Аўрыка пачула аб тым, што ў вёску прыехалі нейкія гараджанкі і гараджане, і вырашылі адкрыць экацэнтр і развіваць экапаселішча, яна ж, у адрозненне ад многіх мясцовых, была зацікаўлена ў атрыманні новай для сябе інфармацыі, і была адкрыта да новага досведу.

Зараз Аўрыка – частка каманды экавёскі, і дапамагае Ліліяне на агародзе. Аўрыка са сваім мужам падзяляюць прынцыпы экалагічнага земляробства: спадарожныя пасадкі, адсутнасць хімічных матэрыялаў (у тым ліку і ручны збор каларадскіх жукоў).

Аўрыка Бугняк
Аўрыка Бугняк

З дадатковых пазітыўных паляпшэнняў гаспадаркі пасля з’яўлення экавёскі – гэта запазычаная вынаходка, сонечныя дэгідратары для высушвання раслін і садавіны, ці ж выйграны грант на ўстаноўку кропельнага арашэння, вада для якога ідзе з сажалкі на іх тэрыторыі.

Маладая сям’я, якая тры гады таму таксама пераехала з горада ў Râșcova і пачала займацца арганічным земляробствам
Маладая сям’я, якая тры гады таму таксама пераехала з горада ў Râșcova і пачала займацца арганічным земляробствам

Абайда Асаад кінуў матэматыку (з кандыдацкай ступенню і навуковай працай) і пераехаў у Râșcova займацца фермерствам з Францыі, дзе яны пазнаёміліся з Фелічэ, яго жонкай з Малдовы.

У чым экалагічнасць вытворчасці фермера? Абайда выкарыстоўвае еўрапейскае сертыфікаванае экалагічнае насенне. Прадукцыя фермера таксама сертыфікавана мясцовай кампаніяй, што падвышае і фінальную вартасць тавару. Таксама на ўсіх этапах росту гародніны і садавіны не выкарыстоўваюцца хімікаты.

Новы сацыяльна-прадпрымальніцкі праект у Râșcova – Katalyst Kitchen
Новы сацыяльна-прадпрымальніцкі праект у Râșcova – Katalyst Kitchen

Праект, створаны пасля з’яўлення экавёскі – першы ў Малдове бізнес-інкубатар прадуктаў харчавання з мэтамі павелічэння магчымасцей працаўладкавання, паляпшэння бізнес-рэсурсаў для дробных прадпрымальні_ц-пачаткоўцаў у галіне харчовай прамысловасці.

Інкубатар стаў асноўным пакупніком ураджаю ў мясцовых фермера_к, дапамагаючы ім зарабляць. Прадукты дастаўляюцца ў Кішынёў і кормяць тысячы сем’яў штотыдзень.

Падчас крызісных сітуацый інкубатар перастройвае працу і дастаўляе ежу тым, хто мае патрэбу, як уцекачам. Таксама праект праводзіць навучальныя курсы для мясцовых для патэнцыйнай магчымасці іх працаўладкавання на кухню.

Новы сацыяльна-прадпрымальніцкі праект у Râșcova – Katalyst Kitchen
Новы сацыяльна-прадпрымальніцкі праект у Râșcova – Katalyst Kitchen

Вёска гатова прыняць кожнага і адкрыта для камунікацыі – усё адно, ці вы турыст ці турыстка, ці вы хочаце паваланцёрыць, прыняць удзел у іх адукацыйнай праграме, ці ж вы зацікаўлены ў арганізацыі свайго мерапрыемства!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость