Напрыклад, у Эстоніі анлайн-назіранні за прыродай становяцца ўсё больш папулярнымі. Дзякуючы веб-камерам можна ўбачыць на сваім маніторы самых розных прадстаўнікоў дзікай прыроды — ад мядзведзя да арла. Падрабязныя справаздачы аб назіраннях за арланамі, крывалапымі, цюленямі і іншымі жывёламі на сайце EENet ў 2015 годзе выклаў у сваім блогу майстар спорту па турызме з Гродна Аляксандр Пятроў.
На дадзены момант на сайце ідзе трансляцыя з некалькіх камер. Цікуючы за гэтай лясной кармушкай у Эстоніі, можна, калі пашанцуе, убачыць высакароднага аленя і іншых лясных жыхароў. Праз гэтую камеру можна паназіраць за марскімі жыхарамі, а вось тут жывуць шэрыя цюлені. Як адзначана на сайце, некаторыя камеры працуюць на сонечных акумулятарах, таму час ад часу карцінка можа быць недаступная. А часам і самі жывёлы здзяйсняюць «атакі» на веб-камеры і псуюць абсталяванне. Напрыклад, у сакавіку мінулага года маладзенькі цюлень пагрыз правады.
Аматары птушак таксама могуць ужывую паназіраць за сакалінымі гнёздамі, напрыклад, на польскім сайце, прысвечаным гэтым птушкам.
Дарэчы, у Гродне раней былі ўсталяваны камеры назірання за гнёздамі сокала-пустальгі на Бернардынскім касцёле і ў мікрараёне Дзевятоўка.
— Такія камеры працуюць, калі сокалы гняздуюць, — гэта прыкладна ад пачатку красавіка да сярэдзіны чэрвеня. Але ў мінулым годзе яны ў Гродне ўжо не працавалі, — паведаміў нам арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі.
Па яго словах, назіранне ў Бернардынскім касцёле было спынена пасля таго, як самка, заляцеўшы ў будынак, па невядомай прычыне пакінула гняздо. Потым там загнездавала яшчэ адна пара, але таксама па незразумелых прычынах яны кінулі гняздо, і больш там сокалы не гняздуюць. На працягу аднаго сезона была таксама ўсталявана веб-камера ў гнездавой скрыні на Белых Росах на Дзевятоўцы. Але ў мінулым годзе сакаліныя нішы былі зачыненыя, і таму там ніхто не гнездаваў.
На сайце Птушкі штодня на працягу некалькіх гадоў ідзе трансляцыя з гнязда сокала-пустальгі ў Брэсце. Хутчэй за ўсё, яна будзе працягнута і ў гэтым годзе. Акрамя таго, у арнітолагаў ёсць задумкі паставіць камеру назірання за барадатай кугакаўкай у заказніку «Выганашчанскі».
Яшчэ некалькі спасылак на анлайн-трансляцыю відэа з сусветнай жывой прыроды:
-
Веб-камера ў Паўднёвай Афрыцы паказвае дзікую экзатычную прыроду ў фармаце жывога відэа з гукам.
-
Веб-камера каля Скалы Вітання ў ЗША, месца адпачынку ваўкоў, транслюе, як ваўкі час ад часу грэюцца ў промнях сонца.
-
Веб-камера на антарктычнай станцыі «GARS O'Higgins» паказвае калонію пінгвінаў. Карцінка абнаўляецца кожныя 15 хвілін.