Шалікаў, якімі жыхары хацелі “сагрэць” дрэвы ў Грушаўцы, не засталося. Магчыма, неўзабаве не будзе і дрэваў, лічаць актывісты.
Яны ўжо некалькі гадоў выступаюць супраць ушчыльнення раёна і высечкі сквера. Учора раніцай, не атрымаўшы выніку ад шматлікіх пісьмовых зваротаў у інстанцыі, яны выклалі відэа, адрасаванае прэзідэнту.
“Ранкам выклалі відэазварот з патрабаваннем не знішчаць Грушаўскі сквер, а як сцямнела, будаўнікі кінуліся ставіць плот. Па-бандыцку, у цемры, каб ніхто не бачыў. Да раніцы абяцаюць скончыць працу...
Выклікалі міліцыю. Нават міліцыянтам адмовіліся паказваць дакументы. Але роўна ў 20:00 спынілі працы і ўцяклі. На жаль, па іх разметках у зону вырубкі трапляюць самыя старыя, стогадовыя дрэвы. Баюся, што сваю справу яны працягнуць», – піша учора ў сацсетках Віталь Зыблюк.
Актывісты напісалі заяву ў міліцыю. Сёння а 8 гадзіне раніцы людзі ў чорна-сіняй спецформе і касках працягнулі працу – рабілі замеры. Праз пару гадзін у тэлеграм-канале "Грушвіль" з'явілася паведамленне аб тым, што 40 дрэваў сапраўды высекуць цягам некалькі дзён і 15 перасадзяць. Актывісты спасылаюцца на інфармацыю, атрыманую на сустрэчы з адміністрацыяй Маскоўскага раёна.
Агулам сквер выглядае дагледжаным, раніцай у ім шмат выгульваюць сабак. Але побач не меней машын, і іх колькасць павялічыцца – побач ідзе будоўля шматкватэрнага дома.
Што гэта за сквер? Той, што знаходзіцца між шматпавярховых дамоў зусім побач з метро “Грушаўка”. Незадавальненне мясцовых жыхароў узнікла ў 2017 годзе, калі кампанія “Датч Стар” сабралася дабудаваць да жылога комплексу “Гранд Хаўз” яшчэ чатыры пад’езды на месцы часткі Грушаўскага скверу насуперак праекту дэтальнага планавання.