22.01.2021 / 10:01

З 1 студзеня беларускія кавярні і рэстараны павінны былі сказаць “не” аднаразоваму пластыку. Мы ўжо разбіраліся, што не ўсе сур’ёзна аднесліся да змен, таму сустрэць аднаразовы посуд у месцах грамадскага харчавання яшчэ цалкам магчыма.

На прэс-канферэнцыі, якая адбылася днямі ў сталіцы, прадстаўнік Мінпрыроды нагадаў правілы, якія ўжо ўступілі ў сілу, а таксама агучыў планы да 2030 года.

Па дадзеных Сусветнага фонду дзікай прыроды, штогод ад 5 да 12 мільёнаў (!) тон пластыку аказваецца ў акіяне. Там ён пераўтвараецца ў мікрапластык і трапляе ў харчовы ланцуг жывёл і людзей.

Максім Тарасаў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, расказаў, як у Беларусі ідзе паэтапны пераход на экалагічна бяспечную ўпакоўку.

План зніжэння выкарыстання пластыку прадугледжвае 19 мерапрыемстваў у розных сферах. Беларусі трэба ўдасканаліць сістэму абыходжання з адходамі, скараціць выкарыстанне палімернай упакоўкі і яе імпарт, а таксама правесці навуковыя даследаванні і інфармаванне грамадзян.

Нагадаем, што з пачатку гэтага года ва ўстановах грамадскага харчавання не павінна быць аднаразовых пластыкавых відэльцаў, лыжак, нажоў, палачак для размешвання напояў, стаканаў, талерак, трубачак (саломінак), кубачкаў, а таксама ўпакоўкі для ўласнай прадукцыі і харчовых прадуктаў: кантэйнераў, латкоў, ланч-боксаў і інш. (за выключэннем упакоўкі для кулінарных паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў).

Каб стымуляваць пераход на экапосуд, для вытворцаў і пастаўшчыкоў з 1 красавіка мінулага года была ўдвая зніжана плата за арганізацыю збору і абясшкоджвання біяраскладальнай упакоўкі: са 180 да 90 рублёў за тону. А з 1 студзеня гэтага году быў павялічаны памер платы за арганізацыю збору і абясшкоджвання палімернай упакоўкі – цяпер ён складае 360 рублёў за тону.

У кірунку ўдасканалення заканадаўства на бліжэйшы час запланавана распрацоўка шэрагу дзяржаўных стандартаў, якія датычацца патрабаванняў да экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяраскладальнай.

Апроч таго, Беларусь прапануе ўнесці змены ў тэхнічны рэгламент ЕАЭС, у прыватнасці абмежаваць выкарыстанне этыкетцы з ПВХ на ўпакоўцы з ПЭТ, выкарыстанне лёгкіх палімерных пакетаў з таўшчынёй сценкі да 50 мікрон, а таксама прымянення оксіраскладальных дадаткаў пры вытворчасці ўпакоўкі і выкарыстанне спажывецкай упакоўкі з успененага полістыролу для харчовай прадукцыі.

У той жа час Нацыянальная акадэмія навук збіраецца правесці навукова-даследчыя работы па вызначэнню найбольш перспектыўных напрамкаў атрымання біяраскладальных матэрыялаў і ўпакоўкі на іх аснове.

Максім Тарасаў лічыць, што, акрамя намаганняў з боку дзяржавы, трэба, каб у кожнага чалавека з’явілася асабістае жаданне да пераходу на экалагічны лад жыцця.

“Калі кожны з нас будзе імкнуцца мінімізаваць колькасць пластыкавых пакетаў, якія набываюць у краме. Калі замене іх на шматразовыя сумкі, адмовіцца ад кавы на вынас у пластыку і будзе сартаваць адходы – сумеснымі намаганнямі мы шмат чаго даб’ёмся”, – кажа прадстаўнік міністэрства.

Дарэчы, зараз ва ўсіх аб’ектах гандлю павялічаны пералік пакетаў з паперы і мінімазаваны пералік пластыкавых пакетаў. Акрамя таго, у абавязковым парадку ўсюды прысутнічаюць безалкагольныя напоі ў шкляной тары рознага фармату.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, за 2019 год у Беларусі ўтварылася каля 280 000 тон адходаў пластмас, з іх 182 000 – адходы ад вытворчасці. Увесь пластык можна падзяліць на 132 віда, з якіх: поліэтылену – 32%, поліпрапілену – 8%, полівінілхларыду – 3%, полістэролу – 4%.

У нашай краіне працуюць 196 аб’ектаў па выкарыстанні адходаў пластмас, але на 85 з іх выкарыстоўваюцца толькі ўласныя адходы. Усяго яны перапрацоўваюць 92 віду пластмас. Агульная магутнасць аб’ектаў – каля 113 000 тон у год.

У планах на будучыню стварыць сетку з 30 міжрэгіянальных сучасных аб’ектаў па абыходжанню з цвёрдымі камунальнымі адходамі да 2030 года. На гэтых прадпрыемства смецце будуць сартаваць, паўторна выкарыстоўваць ці бяспечна захоўваць. На новых аб’ектах у абавязковым парадку будзе прадугледжана кампасціраванне адходаў.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость