22.01.2024 / 18:01

Мінулы год быў няпростым: свет замёр у чаканні магчымай экалагічнай катастрофы з-за нападу Расіі на Украіну, а Еўропа перажыла рэкордна спякотнае лета. Што чакае нас у 2024 годзе?

Иллюстративное изображение
Иллюстративное изображение

Зялёны партал стварыў уласны прагноз, які будуецца на поглядах экспертаў, аналітыцы зялёных інстытуцый і, зразумела, здаровым сэнсе. Спойлер – лёгка ня будзе.

 

Змяненне клімату

На жаль, праблемы, з якімі свет змагаўся ў 2023 годзе, застануцца актуальнымі і ў 2024 годзе. Галоўная з іх – змены клімату.

У 2023 годзе быў зафіксаваны самы спякотны трохтыднёвы перыяд за ўсю гісторыю назіранняў за надвор’ем. Гэта прывяло да павышэння тэмпературы ў акіяне і пачатку цыкла Эль-Ніньё. Нягледзячы на тое, што назва гучыць міла (у перакладзе з іспанскага «маленькі хлопчык»), наступствы ў яго сапраўды разбуральныя і сумныя. Навукоўцы чакаюць, што 2024 можа пабіць гэты рэкорд.

Пацяпленне клімату, у сваю чаргу, прыводзіць да засух, лясных пажараў, знікнення відаў раслінаў і жывёл, а таксама да недахопу прадуктаў харчавання.

Востра стаіць пытанне і выкіду парніковых газаў: калі яны не зменшацца, пацяпленне можа перавысіць 2,9 °C у гэтым стагоддзі. За апошнія дзесяцігоддзі ўзровень CO2 у атмасферы значна вырас у параўнанні з перыядам да пачатку прамысловай рэвалюцыі.

Аднак, паводле экспертаў, больш за 70 працэнтаў выкідаў ужо можна скараціць дзякуючы гатовым да выкарыстання тэхналагічным распрацоўкам – над гэтай задачай зараз працуць многія краіны.

Иллюстративное изображение
Иллюстративное изображение

 

Выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі

Звыш 75 працэнтаў глабальных выкідаў парніковых газаў і амаль 90 працэнтаў усіх выкідаў вуглякіслага газу прыпадае на такія віды паліва як нафта, газ, вугаль. Таму большасць краін зараз засяроджана на пераходзе ад выкапнёвага паліва да аднаўляльных крыніц энергіі.

На пасяджэнні ААН у канцы 2023 года падпісалі новую дамову па клімаце: яна заклікае адмовіцца ад выкапнёвага паліва. Больш за 100 краін дамовіліся патроіць магутнасці аднаўляльных крыніц энергіі да 2030 года. Так што гэтая тэндэнцыя плаўна перацякае ў 2024 год.  

Паводле апошняй справаздачы Міжнароднага энергетычнага агенцтва (МЭА) магутнасці па вытворчасці аднаўляльнай энергіі перавысяць адзнаку ў 4 500 гігават да канца 2024 года, а гэта эквівалентна магутнасці, якая вырабляецца выкапнёвымі палівамі.  

Еўрапейскія краіны плануюць павелічэнне долі энергіі ад ветраных, гідра- і сонечных крыніц. Дарэчы, штучны інтэлект таксама прыцягнуць да барацьбы за зялёную энергію ў 2024 годзе. Алгарытмы на аснове штучнага інтэлекту могуць стаць эфектыўнымі для вядзення земляробства. Аналізуючы даныя аб глебе, здароўі раслін і прагнозы надвор’я, AІ можа прадастаўляць карысную інфармацыю для дакладнага арашэння, унясення угнаенняў і барацьбы са шкоднікамі.

 

Страта біяразнастайнасці

Змяненні клімату прыводзяць да знікнення відаў. Павелічэнне страты біяразнастайнасці ў асноўным звязана з выкарыстаннем чалавекам зямельных рэсурсаў, у асноўным у мэтах вытворчасці прадуктаў харчавання. У выніку гэтага многія віды раслін і жывёл губляюць сваё прыроднае асяроддзе пасялення і сутыкаюцца з пагрозай вымірання.

На скарачэнне біяразнастайнасці моцна ўплывае таксама змена клімату. Гэты працэс уздзейнічае на разнастайныя экасістэмы, што прыводзіць да захворвання і масавай гібелі раслін і жывёл.  

Яшчэ адна праблема – праз змену клімату жывёлы вымушаны міграваць, а гэта мае негатыўныя наступствы для экасістэм. Улічваючы, што 2024 год абяцае быць яшчэ больш гарачым, рызыка страты біяразнастайнасці застаецца вялікай.  

Цікавы факт: змены біяразнастайнасці таксама ўплываюць на змены клімату. Клопат аб біяразнастайнасці неабходны для змякчэння наступстваў змены клімату, такіх як: павышэнне тэмпературы, павелічэнне ападкаў і іншыя глабальныя праблемы.  

Такім чынам, мы бачым замкнёнае кола. І каб з яго выйсці, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па навакольным асяроддзі (UNEA) распрацавала праграму па захаванні біяразнастайнасці і паставіла перад сабой мэту спініць гэты працэс да 2030 года. А да 2050 года дабіцца поўнага аднаўлення біяразнастайнасці.

Иллюстративное изображение
Иллюстративное изображение

 

Барацьба з забруджваннем і грынвошынгам

Па дадзеных на 2023 год, у Сусветным акіяне плавае больш за 171 трыльён кавалкаў пластыка. Марскія жывёлы і некаторыя марскія птушкі памылкова прымаюць пластык за ежу, што прыводзіць да сумных наступстваў: смецце трапляе ў страўнікі і можа стаць прычынай смерці.

Але яшчэ больш пластыка аказваецца на сушы. Таму у ЕС, напрыклад, прынялі дырэктыву. Яна вызначае, як прадукты могуць рэкламавацца з пункту гледжання іх экалагічных характарыстык ці даўгавечнасці.  

Цяпер, каб назваць прадукт экалагічным, вытворцу зараз трэба прадаставіць канкрэтныя доказы аб тым, што яго вытворчасць і выкарыстанне не наносяць моцнай шкоды навакольнаму асяроддзю. Гэтыя меры накіраваны на барацьбу з грынвошынгам.

Акрамя гэтага з’явіцца стандартызаваная маркіроўка для ўказання на экалагічныя характарыстыкі прадукта. Цяпер пры куплі тавару пакупніком будзе лягчэй разумець, наколькі прадукт сапраўды экалагічны. Хаця гэтая дырэктыва была прынята яшчэ летась, чакаецца, што ў 2024 годзе яна будзе больш актыўна ўкаранёна.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость