22.03.2017 / 11:03

У свой час вынаходніцтва «лямпачкі Ільіча» стала сапраўдным прарывам у асвятленні дамоў сялян. Але сёння тэхналогіі настолькі пайшлі наперад, што пра простую лямпачку накальвання ўжо даўно забылі, аддаючы перавагу энергазберагальным і светадыёдным. Зялёны партал распавядзе, як можна ператварыць гэты рарытэт у дызайнерскую рэч, а не адпраўляць на звалку.

На жаль, пасля перагарання лямпачку накальвання трэба адпраўляць у агульныя адходы, бо яна не з'яўляецца другасным матэрыяльным рэсурсам і ніякім чынам не перапрацоўваецца. Аднак простай лямпачцы можна працягнуць «жыццё», ператварыўшы яе ў цікавы элемент дэкору.

 

Вісіць груша дый з'есці нельга

Простым, але эфектным, а галоўнае — экалагічным упрыгожваннем інтэр'ера могуць стаць «грушы» з самых звычайных круглых лямпачак.

 

Дзеля гэтага вам спатрэбяцца:

  • круглыя лямпачкі,
  • ніткі, можна разнакаляровыя,
  • суперклей.

Трэба акуратна абматаць лямпачку ніткамі, так, каб кожны наступны віток шчыльна прылягаў да папярэдняга. Пачынаць лепш з круглага шклянога аснавання, паступова падбіраючыся да цокаля. Раім замацоўваць ніткі клеем як мага часцей. На самім цокалі не забудзьцеся зрабіць «хвосцік» вашай «грушы».

Складзіце гатовыя «грушы» ў шкляную вазу ці глыбокую талерку з празрыстага шкла.

 

Ваза для першакветак

За акном ужо часцей свеціць сонца, і прабіваецца першая зеляніна. Воку так і хочацца хутчэй выхапіць яркі, свежы колер пасля шэрай зімы. Тады стварайце вясну самі ў сваім доме — з лямпачкі можна зрабіць вельмі лёгкую і незвычайную вазу.

Дзеля гэтага вам спатрэбяцца:

  • лямпачкі любой формы,
  • пласкагубцы,
  • шыла ці любы іншы востры прадмет.

Перш за ўсё трэба пазбавіцца ад спіралі. Акуратна пласкагубцамі выдаляем металічны носік цокаля. Звычайна пад ім знаходзіцца некалькі слаёў шкла, іх трэба разбіць шылам, але вельмі акуратна, каб не параніць рукі дробнымі рэштачкамі шкла і не раскалоць саму лямпачку.

Ваза гатова! Яе можна падвесіць ля вакна, а калі вы жывеце ў прыватным доме — на верандзе. Прамяні сонца будуць весела іграць на шкляной паверхні вашай вазы.

 

Паветраны шар для дзіцячага пакоя

Цікавым упрыгожваннем дзіцячага пакоя могуць стаць яркія і разнакаляровыя паветраныя шары.

Дзеля гэтага вам спатрэбяцца:

  • лямпачкі круглай формы,
  • шматкі тканіны,
  • клей,
  • коркі ад пластыкавых бутэлек,
  • акрылавая фарба,
  • шыла,
  • вяроўка.

Спачатку бярэмся за аснову будучага шара. Адмяраем адледласць ад цокаля да верхавіны лямпачкі і з тканіны выразаем 8 дэталяў у форме лістка неабходнай даўжыні. Пачынаем іх клеіць. Найлепш спачатку прамазаць клеем саму лямпачку, затым прыкласці адну з дэталяў, замацаваць і яшчэ раз прамазаць. Як толькі будзе закрыта ўся паверхня лямпачкі — адпраўляем яе сушыцца.

У гэты ж час рыхтуем «кошык» для шара з пластыкавага корка. Афарбоўваем яго ў любы колер акрылавай фарбай. Як толькі фарба схопіцца і падсохне, шылам робім 4 адтуліны ў сценках корка для вяроўкі.

Затым бярэм аснову шара і робім немудрагелістую сістэму, каб замацаваць яго да столі, на якую прымацуем «кошык». Бярэм кавалак вяроўкі, завязваем пяцельку і замацоўваем яе на аснове: сама пяцелька павінна быць на верхавіне лямпачкі. Канцы вяроўкі спускаем уздоўж сценак, добра прамазаўшы клеем да самага цокаля. Бярэм яшчэ адзін кавалачак вяроўкі і, завязаўшы яго вузлом паверх папярэдняга, замацоўваем як папярэдні. Такім чынам, аснова шара павінна быць падзелена вяроўкамі на 4 роўныя часткі.

Прымацоўваем «кошык»: прадзяваем у дзірачкі канцы вяроўкі і завязваем вузельчыкі.

Аснову цокаля можна абклеіць стужкай, схаваўшы стык з тканінай, — так будзе прыгажэй.

Паветраныя шары можна падвесіць ля вакна ці над камодам на рознай даўжыні. 

З лямпачак можна таксама рабіць навагоднія елачныя цацкі, самастойныя элементы дэкору ў стылі хай-тэк, дызайнерскія гаршкі для кактусаў і сакулентаў.

Автор:
Фотограф:
unsplash.com, www.decorablog.com, roomble.com,
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость