22.03.2019 / 10:03

Суд Светлагорскага раёна 20 сакавіка разгледзеў скаргу актывісткі Тамары Кавальчук на адмову цэлюлоза-кардоннага камбіната (СЦКК), канцэрну “Беллеспаперпрам” і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага прадастаўляць экалагічную інфармацыю.

Раней светлагорскія экалагічныя актывісты запрашвалі матэрыялы паўторнай экалагічнай экспертызы праекта завода беленай цэлюлозы (ЗБЦ), але яны іх не атрымалі.

На судзе, як перадае светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова, прадстаўнікі Мінпрыроды занялі бок ЗБЦ і сцвярджалі, што экалагічная экспертыза ўвогуле не з'яўляецца экалагічнай інфармацыяй, на атрыманне якой маюць права грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

21 сакавіка суддзя Л. Сядзько вынесла рашэнне, якім адмовіла Тамары Кавальчук у задавальненні скаргі. Суддзя патлумачыла сваё рашэнне тым, што арганізацыі, на дзеянні якіх пададзена скарга, не з'яўляюцца ўладальнікамі запытваемай інфармацыі. Суд нагадаў, што генеральным заказчыкам будаўніцтва ЗБЦ з'яўляецца “Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ”. Таму і за інфармацыяй па заводу трэба звяртацца да іх. 

Праваабаронца Алена Маслюкова каментуе гэтую сітуацыю:

Рашэнне суда банальна традыцыйнае — скаргу пакінуць без задавальнення. Здаецца, што беларускі суд не толькі з заплюшчанымі вачамі, але і з заткнутымі вушамі. Актыўных людзей не хоча ні бачыць, ні чуць.

Нелагічнай, можна лічыць, неправамернай, нам падаецца аргументацыя Мінпрыроды ў адмове прадаставіць вынікі паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы на падставе таго, што яна не з'яўляецца экалагічнай інфармацыяй.

Праваабаронца нагадвае, што ў Кавальчук ёсць права абскардзіць рашэнне суда Светлагорскага раёна, чым абавязкова актывістцы трэба скарыстацца.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость