На самым поўдні краіны размешачана тэрыторыя, якая знаходзіцца ў зоне адказнасці Мазырскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Як сцвярджаюць у рэспубліканскім кіраўніцтве дзяржінспекцыі, мазырскае падраздзяленне лічыцца адным з самых выніковых.
Маршрут чарговага рэйда, у які выпраўляецца старшы інспектар Мікалай Харунжа, мусіць пралегчы па тэрыторыі трох раёнаў: Ельскага, Мазырскага і Калінкавіцкага.
На ранішняй нарадзе перад выездам начальнік інспекцыі Уладзімір Лагімахаў ставіць задачу абавязкова праверыць захаванасць тэрыторый каля месцаў пражывання рэдкіх відаў жывёл. Непрацяглыя фармальнасці па афармленні пуцявых лістоў — і вось ужо службовы УАЗ імчыць у напрамку паўднёвай мяжы Беларусі.
На кантролі дзяржінспекцыі не толькі выкананне правілаў палявання і рыбнай лоўлі, але і іншых прыродаахоўных патрабаванняў, у тым ліку правілаў высечкі драўніны, яе перавозкі. Таму, калі на даляглядзе па трасе на Ельск з’яўляецца гружаны драўнінаю лесавоз, патрульны УАЗ адразу збочвае, Мікалай Харунжа бярэ ў рукі жэзл і выходзіць на трасу. Спынены МАЗ перавозіць драўніну для папраўчай калоніі №20, што знаходзіцца каля Мазыра. Малады кіроўца ад нечаканай праверкі дакументаў і агляду груза крыху збянтэжыўся. Але ні паперы, ні тое, што знаходзіцца на машыне і прычэпе, аніякіх падазрэнняў не выклікае. Таму, пажадаўшы хлопцу шчаслівай дарогі, інспектар вяртаецца ў службовы аўтамабіль, і мы працягваем рух па маршруце.
Пасля наведвання Ельскай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і праверкі тут дакументацыі па выдачы дазволаў на паляванне і лоўлю рыбы інспектары вырашаюць скіравацца туды, дзе жыве такі рэдкі жыхар беларускіх лясоў, як барсук.
Гэты звер даўно стаў рэдкім відам у нашых лясах, і пакуль яго колькаць далёкая ад аптымальнай. Навукоўцы вывучаюць яго біялогію ў асноўным у запаведніках і нацыянальных парках. На землях, якія не належаць да асабліва ахоўных прародных тэрыторый, сустрэць гэтага звера стала амаль немагчыма. Тым больш дзіўным можна лічыць тое, што адно з месцаў яго пражывання знаходзіцца ў Ельскім раёне ў звычайным лесе, хай і вельмі глухім ды аддаленым ад цывілізацыі.
Гэтыя тэрытораі ў інспектараў на пільным кантролі. Яны іх ведаюць, і падчас рэйдаў, калі маршрут пралягае паблізу ад такіх мясцінаў, абавязкова туды заязджаюць.
- Такія ўчасткі звычайна маюць асаблівы ахоўны статус. Там неабходна максімальна выключыць фактар непакою для рэдкай жывёліны. Гэта значыць, што на іх без асаблівага дазволу нельга праводзіць высечкі, разворванне зямлі ды шэраг іншых мерапрыемстваў, нават у межах лесагаспадарчай дзейнасці.
Паколькі далейшы маршрут мае пралегчы па ўгоддзях паляўнічай гаспадаркі Ельскай структуры БТПР, яе дырэктар Уладзімір Лізун далучаецца да групы.
Праехаўшы вёску Рэмезы, аўтамабіль уязджае ў сухі сасняк. Але раптам на нашым шляху паўстае не пераадольная для аўтамабіля водная перашкода.
«Гэтая ''жыла'' цягнеца на некалькі кіламетраў, — кажа Уладзімір Лізун. — Вада ў ёй перасыхала толькі летась і залетась, калі была вялікая спёка. Хаця на гэтай дарозе раней быў даволі добры брод, а зараз надзіва доўга трымаецца вялікая вада».
З трэцяй спробы мы знаходзім дарогу, на якой нехта нагаціў бярвенняў цераз ваду, і пераязджаем. Нарэшце, праехаўшы добрых кіламетраў 7, спыняемся каля невялікіх пагоркаў. З боку парослай маладзенькай зелянінай дарогі нават не здагадаешся, што ў нейкіх пары дзясяткаў метраў адсюль цэлы падземны горад.
Менавіта так і жывуць барсукі: яны ствараюць вялікую кольскасць нораў, якія маюць уваходы і выхады ў розных месцах на дастаткова вялікай тэрыторыі. Гэтае месца інспектар Харунжа ведае добра.
Калісьці даўно тут жылі першабытныя людзі. Пазней стаялі печы, дзе выраблялі дрэўны вугаль. Аніякіх рэшткаў, акрамя гэтых пагоркаў ад пячэй ужо не засталося, але людзі і дагэтуль клічуць урочышча «Печы».
«Падчас вайны бліжнія вёскі былі спаленыя фашыстамі. Яны так і не адрадзіліся, а мясціны тут сталі зусім глухімі. Таму і пануюць тут барсукі, адчуваючы сябе ў бяспецы. Гэта Рамязоўскае лясніцтва Ельскага лясгаса», — тлумачыць інспектар.
І сапраўды, нор вельмі шмат. Прычым бачна, што яны жылыя. Зямля, выкінутая з некаторых выхадаў знешне нязграбнымі гаспадарамі, зусім свежая. Барсук вядзе ў асноўным начны лад жыцця — удзень адсыпаецца ў нары. Свежы грунт найхутчэй быў выкапаны папярэдняй нашаму рэйду ноччу. Каля аднаго з пагоркаў Мікалай Харунжы знаходзіць і сляды.
«Чымсьці нагадваюць сляды мядзведзя, толькі ў мініятуры», — усміхаецца дзяржінспектар.
Але, зрэшты, турбаваць жывёлу не варта. Вырашаем агледзець тэрыторыю. Інспектары пераконваюцца: ахоўны рэжым не парушаецца, лес у захаванасці.
Праўда, пэўны клопат выклікае тое, што гарадзішча мілаградскай археалагічнай культуры, якое аблюбавалі для свайго дому барсукі, мясцовым лясгасам уключанае ў экалагічны маршрут «Жывапісныя вобразы Ельшчыны», як прыпынак №11. Усё ж частае наведванне такога палахлівага звера, як барсук, можа паўплываць на паводзіны жывёлы. Уладзімір Лізун гаворыць, што турысты сюды трапляюць вельмі рэдка, бо дабрацца ў такую глухамань і сапраўды цяжка.
На рэйдавым маршруце ж яшчэ наведванне падкормачнай пляцоўкі Ельскай паляўнічай гаспадаркі. Тут інспектары бачаць зайздросную гаспадарлівасць: у кармушках збожжа і сена, у саланцах — соль.
Так атрымалася, што «рэйдаваць» гэтай групе давялося ў апошні дзень забароны на рыбную лоўлю любымі прыладамі, акрамя вудаў, ды з берага. Таму абавязкова інспектары зазіраюць на вадаёмы. Асноўная праца на гэтай «ніве» будзе ўвечары, калі рыбакі паімкнуцца на рэкі і азёры.
На шляху інспектараў трапляецца штучнае возера Вадзіцца, што арандуе Ельская структура БТПР. Вырашаем таксама яго аглядзець: некалькі рыбакоў ловяць вудамі з адмысловых памостаў. Парушэнняў няма. Радуе створаная для аматараў структура — альтанкі, насцілы, нават валейбольная пляцоўка і пляж.
Развітаўшыся з Уладзімірам Лізуном у Ельску, накіроўваемся на іншы край зоны адказнасці Мазырскай міжрайінспекцыі. Інспектары вырашылі праверыць выкананне правілаў высечак у Хобненскім лясніцтве ЭЛПГ «Ляскавічы». Лесагаспадарчыя патрабаванні на адной з дзялянак нараканняў не выклікаюць.
Але побач з маршрутам на «рахунку» ў інспектараў жытло яшчэ аднаго чырвонакніжніка — гняздоўе чорнага бусла. Ці не турбуюць тут людзі яшчэ большага палахліўца, чым ельскія барсукі?
Зборчваем з трасы ў сухадолны хвойнік. Адразу задаешся пытаннем: якія тут могуць быць чорныя буслы, калі яны любяць гнездавацца ў вільготным «чарналессі»: дубровах, алешніках, асінніках?! Але Мікалай Харунжы ведае куды кіруе. Спыняемся ў хвойніку і пешкі накіроўваемся далей па парослай маладой крапівой дарозе. Крочым, можа, з кіламетр, і сапраўды ўваходзячы ў дубова-бярозавы лес з дамешкам асіны. У засланай леташняй лістотай каляіне нас сустракае малады вужык. Але яшчэ колькі крокаў, і Мікалай пераходзіць на шэпт, кажучы, што зараз справа будзе гняздо чорнага брата птушкі-сімвала Беларусі.
Асцярожна, узняўшы галовы, углядаемся паміж свежай зеляніны лістоты. Гняздо заўважаем разам. Да яго метраў 50. Там дзве дарослыя птушкі.
На жаль, застацца незаўважанымі нам не ўдаецца. Птушкі ціха ўзнімаюцца і злятаюць. Паміж зялёных шатаў над намі мільгаюць толькі вялікія цені. Азіраемся, ці не бачна вакол нейкіх парушэнняў прыродаахоўнага заканадаства, і сыходзім. Няхай і гэты насельнік палескіх лясоў адчувае сябе спакойна. Усё ж пакуль выключаць яго з Чырвонай кнігі падстаў няма.
Дарогаю на Мазыршчыну нам трапляецца яшчэ адзін аўтамабіль, у прычэпе якога загружанае дубовае ды ясянёвае бярвенне. Ён стаіць проста на стаянцы ў знакамітай «гумарыстычнай» вёсцы Малыя Аўцюкі. Праверка дакументацыі не выклікае падазрэнняў.
Увечары інспектары скіроўваюцца на прыпяцкія «старыкі» і затоны. Тут уся асноўная праца па ахове рыбы. Забарона ў сувязі з нерастам дзейнічае яшчэ да апоўначы. Але за паўтары содняў аніякіх парушэнняў падчас гэтага рэйда інспектары так і не выкрылі. Гэта гаворыць аб тым, што рыбакі ў гэтых мясцінах у большасці сваёй дысцыплінаваныя.
Застаецца толькі верыць, што і колькасць рэдкіх звяроў і птушак тут будзе толькі павялічвацца.