22.05.2018 / 16:05

На карце Мінска з’явілася чарговая “гарачая” кропка ўшчыльняльнай забудовы. На гэты раз пад удар патрапіў гарадскі цэнтр – зацішны зялёны раён Залатой горкі. Зялёны партал вырашыў разабрацца, чаму ўзнік канфлікт і ці маюць людзі магчымасць адстаяць свае правы.

Грамадскія абмеркаванні праекта ўзвядзення шматпавярховага дома на месцы закінутага інтэрната па вуліце Гікала, 22а, які належыць “Амкадору”, прайшлі яшчэ напрыканцы красавіка-пачатку мая.

Фотаздымак tut.by
Фотаздымак tut.by

Аднак, як зазаначае Дзяніс Кобрусеў, каардынатар таварыства “Горад для гараджан”, само абмеркаванне праводзілася ў фармаце інфармавання без прэзентацыі праекта, на што арганізатары цалкам маюць права. Але з улікам інтарэсу мясцовых жыхароў і таго рэзанансу, які выклікаў намер “Амкадора” узвесці жылы дом з падземнай стаянкай сярод зялёнага двара, у сярэдзіне мая прадстаўнікі забудоўшчыка і праектыроўшчыка ўсё ж правялі сустрэчу з людзьмі, каб больш падрабязна распавесці пра будучыя перамены.

Відавочна, што арганізатары мелі на мэце заручыцца падтрымкай мясцовых жыхароў, але ў іх гэта не атрымалася. Бо людзі катэгарычна супраць любой будоўлі на гэтым месцы”, – падкрэслівае Дзяніс. 

Для сталічнага раёна Залатая горка гэта не адзіны выпадак ушчыльнення. Па словах каардынатара таварыства “Горад для гараджан”, праблема крыецца ў адсутнасці дэтальнага плана для гэтай тэрыторыі, што дазваляе праводзіць яго хаатычную забудову. 

З улікам, што ў мікрараёне ўжо зфарміравалася моцная мясцовая супольнасць з грунтоўным досведам барацьбы супраць ушчыльнення, на нашу думку, сваю дзейнасць ім неабходна накіраваць на патрабаванне распрацоўкі новага дэтальнага плана. Такі дакумент паказаў бы рэальную сітуацыю з жылым фондам, грамадскімі ўстановамі, сацыяльнай інфраструктурай, аўтамабілізацыяй і азеляненнем, што дазволіла б дакладна вызначыць “плямы”, на якіх магчыма ці нельга штосьці будаваць”, – тлумачыць Дзяніс.

Што ж тычыцца канкрэтна забудовы па вуліцы Гікала, 22а, то на сайце адміністрацыі Савецкага раёна ўжо з’явілася рашэнне па празнанні грамадскіх абмеркаванняў неадбыўшыміся.  Па словах юрыста грамадскага аб’яднання “ЭкадомТаццяны Сініцы, такі вынік азначае правядзенне новых грамадскіх абмеркаванняў праекта.

Між тым мясцовыя жыхары намераныя патрабаваць разгляду не канкрэтна дадзенага праекта ўшчыльнення, а ўсё ж такі распрацоўкі новага плана дэтальнага планавання раёну. Ці атрымаецца, залежыць ад актыўнасці саміх людзей.

Паўплываць на сітуацыю можа рэзананс, які ўзнікае вакол аб’екта, збор подпісаў, актыўнасць людзей і ўвага медыя. Чыноўнікі сапраўда глядзяць наколькі пратэст, калі ён ёсць, можа быць сур’ёзным, наколькі верагодныя парушэнні пры рэалізацыі праекта, нават калі зараз яны зусім незаўважныя. Застаецца спадзявацца, што дапаможа ўся папярэдняя актыўнасць людзей”, – кажа каардынатар ініцыятывы “Горад для гараджан”.

Ініцыятыўная група на Залатой горцы апроч збору подпісаў і перадачы іх на грамадскіх абмеркаваннях чыноўнікам, па парадзе таварыства дасылала свае заўвагі і прапановы ў розныя датычныя дзяржаўныя структуры.

Таксама мясцовыя жыхары звярнуліся за кансультацыяй на сервіс “Зялёны тэлефон” з просьбай дапамагчы падрыхтавацца ім да сустрэчы з дэпутатам, якая адбудзецца 24 мая, каб больш прадметна пабудаваць камунікацыю з чыноўнікам і атрымаць канкрэтныя адказы па сваёй праблеме.

Як падкрэслівае Дзяніс Кобрусеў, такога кшталту актыўнасць з’яўляецца добрым знакам, асабліва з улікам, што людзі працягваюць весці камунікацыю з дзяржаўнымі органамі.

Автор:
Фотограф:
tut.by, sov.minsk.gov.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость