Пачаткоўцам спецыяліст па пермакультурнаму дызайну ўстановы «АграЭкаКультура» Вольга Шчыглінская раіць набываць свой агародніцкі вопыт, пачынаючы з выганкі — цыбулінак часнаку, цыбулі, каранёў пятрушкі, маладога бацвіння буракоў. Яны будуць самымі простымі варыянтамі, бо гэтыя расліны растуць за кошт назапашаных рэчываў і больш устойлівыя да экстрымальных сітуацый. Таксама можна пазычыць у знаёмых дачнікаў па восені курціну шматгадовай цыбулі — шніт, слізун, батун, духмянай, якія нядрэнна прыжываюцца ў хатніх умовах і пры наступленні неабходнага ім па працягласці светавога дня пачнуць расці ў поўную сілу. Калі ж памеры балкона дазваляюць вырошчваць больш буйную гародніну, то ў вядзёрныя кантэйнеры можна засадзіць кабачкі цукіні. Тым больш, што сёння можна знайсці невялікія куставыя сарты, перцы, памідоры, агуркі, віды павойнай фасолі, разнастайныя салаты. Можна аддаць перавагу прыправам і араматычным раслінам, якія добра адчуваюць сябе на балконах.
«Ва ўмовах павышаных тэмператур, якія, як правіла, бываюць на балконах, прыправы назапашваюць шмат экстрактыўных рэчываў, што робіць іх асабліва духмянымі. А калі ім даць зашмат вільгаці, то расліны будуць багата зелянець, але губляць у сваёй водарнасці», — кажа Вольга.
Перад тым, як пачаць разбіваць агарод, трэба прадумаць камфортныя ўмовы для раслін, якія будуць вырошчвацца ў абмежаванай прасторы гарадскіх дамоў. У першую чаргу неабходна звярнуць увагу на свой балкон, а, менавіта, на які бок ён выходзіць:
«Аптымальнымі для вырошчвання чагосьці з'яўляюцца усходнія балконы, нядрэнна расліны адчуваюць сябе на заходніх. А вось паміж паўночнымі і паўднёвымі найлепшымі ў дадзеным выпадку будуць першыя. Паўднёвыя балконы — самыя экстрымальныя пляцоўкі для арганізацыі на іх агародзікаў: яны моцна перанаграюцца апоўдні летам, і, паколькі карані раслін абмежаваныя аб'ёмам гаршка, яны таксама пакутуюць ад спякоты», — зазначае спецыяліст.
Але гэта зусім не прычына адмаўляцца ад ідэі, выхадам будзе правільнае «зацяненне». У паўдзённы час неабходна паглядзець, праз якія вокны і куды трапляюць сонечныя прамяні, затым вокны можна «прыглушыць» паўпразрыстай плёнкай, французскімі шторамі, жалюзі ці нават злёгку замазаць вадзяным растворам зубнога парашку. А паверхні, якія знаходзяцца пад «ударам» сонца, зрабіць светлага колеру, каб яны не акумуліравалі цяпло і, адпаведна, не пераграваліся. Гэта ж датычыцца і колеру гаршкоў і паддонаў: на паўднёвых балконах перавагу лепш аддаваць светлым ёмкасцям, паверхню глебы можна «закрыць» белай мармуровай крошкай, што будзе эстэтычным і практычным сродкам. У якасці кліматычнай абароны глебы ад перасыхання на балконах можна выкарыстоўваць арганічныя матэрыялы, напрыклад, скошаную падсушаную траву, якую раскладваюць тонкім слоем.
«Варта памятаць, што чым больш у расліны паверхня ліста, тым больш яна патрабуе вільгаці. Часам можна назіраць, што ў самую спёку лісты становяцца вялымі, але гэта зусім не значыць, што расліна тут жа патрабуе паліву. Такім чынам зялёны гадаванец рэагуе на павышаную тэмпературу, зніжаючы тургар ліста, каб не выпараць зашмат вільгаці. Лепш праверыць глебу: калі яна вільготная, то зразумела, што не трэба яшчэ дадаваць вады», — распавядае Вольга.
Увогуле на балконах дзейнічае такі ж прынцып паліву, як і на адкрытай глебе: яго трэба праводзіць у прахалодны час сутак. Калі вяртаецеся дадому, не варта адразу хапацца за лейку, бо вільготная глеба з'яўляецца найбольш цеплаправоднай.
«Нават калі паверхня глебы экстрымальна нагрэлася, і яна не такая вільготная, то недзе ніжэй 3 сантыметраў тэмпература для каранёў будзе ўсё ж прымальнай. А як толькі мы паліваем, вільготная глеба праграваецца, тэмпература ў ніжніх слаях таксама павышаецца, і расліне становіцца некамфортна. Паліваць трэба ці вельмі рана, ці ў канцы дня», — падкрэслівае спецыяліст.
Калі раптам неабходна з'ехаць і пакінуць сваіх гадаванцаў на нейкі час без дагляду, перажываць з нагоды іх магчымай гібелі таксама не трэба. Індустрыя садаводства сёння прапаноўвае шырокі выбар гаршкоў і паддонаў з самапалівам, альбо можна скарыстацца простай практыкай і арганізаваць яго самастойна.
«У ёмкасці большага памеру за гаршкі, у якіх растуць расліны, можна закласці злёгку змочаны керамзіт, перліт ці мармуровую крошку, затым цалкам пагрузіць гаршок у яго. Такім чынам мы забяспечваем больш вільготнае асяроддзе, і расліны могуць пратрымацца пару дзён. Аднак такі спосаб эфектыўны, калі самі гаршкі не глазураваныя, і порыстая сценка яго можа прапускаць вільгаць», — расказвае Вольга.
Яшчэ адзін спосаб, калі вышэй ўзроўню гаршка з раслінамі ставіцца ёмкасць з вадой, а з яе на паверхню глебы спускаецца льняны шнур альбо баваўняная стужачка. Але, спецыяліст адзначае, што такая сістэма патрабуе абавязковай праверкі, і ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць вяроўку з дробна рванага льнянога валакна, бо такі матэрыял дрэна «праводзіць» ваду.
Нядрэнна арганізоўваць раслінам і штучны дождж, але абавязкова трэба прытрымлівацца натуральных ўмоў, каб не нашкодзіць і не перапаліць лісты ў спёку, бо кроплі вады могуць сыграць ролю лінз. Таму апырсківаць расліны лепш у канцы дня, калі сонца села і ў прыродзе выпадае раса, ці ў пахмурнае надвор'е.
Загадзя неабходна прадумаць пытанне падкормкі. Бо нават калі першапачаткова ўзяць для пасадкі харошай глебы, з часам расліны пачынаюць пакутваць і патрабаваць пажыўных рэчываў. Пры гэтым не варта «шпігаваць» сваіх гадаванцаў рознымі сентытычнымі і хімічнымі рэчывамі. Ад гэтага губляецца ўвесь сэнс вырошчвання хатняй гародніны ці зеляніны, бо можна проста пайсці ў краму і ўсё гэта набыць.
«Зброджаныя настойкі траў, птушынага памёту не падыйдуць для падкормкі раслін на балконе праз свой спецыфічны пах. Нават калі абстрагавацца ад яго, то азот, які ўтрымліваецца ў свежых адходах жыццядзейнасці жывёл, можа адкласціся ў лістах ці пладах у выглядзе нітратаў. Лепш за ўсё ў такіх умовах — харошы садовы кампост, невялікай колькасці якога хопіць на працяглы час, і гэта будзе самым лепшым і збалансаваным кормам для раслін», — кажа спецыяліст.
Невялікая колькасць кампосту, грам 150-200, закладаецца ў мяшочак з тканіны, што добра прапускае ваду. З гэтай мэтай у расход можна пусціць нават старыя жаночыя калготкі. Мяшочак закладаецца ў пасудзіну з вадой на некаторы час, а затым пры дапамозе самага простага акварыумнага кампрэса трэба актывізаваць бактэрыі, прагнаўшы паветра праз тоўшчу вады. Такога кшталту працэдура ўтрымлівае пажыўныя рэчывы ў той форме, якая добра засвойваецца раслінамі, і мае карысныя для глебы мікраарганізмы.
Таксама нядрэннай падкормкай можа паслужыць акварыумная вада, якая багата арганікай. У перыяд цвіцення і завязвання пладоў для перцаў, агуркоў і салатаў не нашкодзіць паліў настойкай з попелу. Для тых жа, хто хоча сур'ёзна і ўстойліва заняцца сваім агародзікам на балконе, спецыяліст раіць завесці невялікі хатні вермікампосцер, які пры правільнай арганізацыі не пахне, дазваляе пазбавіца ад часткі арганічных адходаў з кухні і пры гэтым забяспечвае якасным біягумусам.
З розумам неабходна падысці да выбару гаршкоў, у якіх будзе расці агародзік. Варта памятаць, што кашпо — гэта ёмкасці без дрэнажнай сістэмы, якія не прадназначаныя дзеля таго, каб у іх адразу высаджваліся расліны.
«У кашпо ставіцца гаршок з дзіркай. Пры гэтым яно павінна быць значна большым па дыяметру за гаршок, і розніца гэта запаўняецца керамзітам ці іншым матэрыялам. Чаго, дарэчы, можна не рабіць для раслін, якія ўстойлівыя да засухі. Аднак варта прасачыць, каб дно гаршка не судакраналася з дном кашпо, і быў арганізаваны «выхад» вадзе. Але для ўмоў балкона дрэнажная сістэма з'яўляецца асабліва важнай і неабходнай, яна не дась перасохнуць ці, наадварот, загніць караням», — зазначае Вольга.
Асаблівую ўвагу спецыяліст раіць праявіць і да глебы. Лепш не аддаваць перавагу зямлі на аснове торфу, бо некаторыя яго віды з'яўляюцца не вельмі вільгацяёмістымі. Ідэальным рашэннем будзе кампост на аснове лістоў, нягледзячы на тое, што для яго «саспявання» неабходна 2-3 гады. Аднак менавіта такога кшталту глеба ўтрымлівае мікрафлору, што найбольш прыдатная для раслін у абмежаваным аб'ёме, і яна добра акамулюе вільгаць. Можна набываць гатовую глебу, але ўжо ў правераных часам вытворцаў і падыходзячай маркі.
Займаючыся вырошчваннем агародніны, садавіны ці зеляніны на балконе не трэба думаць, што ўдасцца пазбегнуць праблемы са шкоднікамі, якіх можна занесці разам з глебай, раслінамі ці праз іх міграцыю па паветры.
«Барацьба са шкоднікамі ў закрытай прасторы — пытанне складанае, бо для іх ствараецца вельмі спрыяльны мікраклімат. Таму параіць можна толькі адно: паколькі агародзік па сваіх памерах невялікі, яго можна штодзень аглядаць. І, як толькі ёсць падазрэнне на наяўнасць хваробы ці шкодніка, расліна выстаўляецца на каранцін на падаконік у другі пакой, і там за ёй ужо праводзіцца назіранне і ляченне. Калі ж падцвярджаецца, што гэта віруснае захворванне, то расліна адразу падлягае знішчэнню», — падкрэслівае Вольга.
Са шкоднікамі можна змагацца біялагічнабяспечнымі прэпаратамі. Калі прамываць сваіх гадаванцаў прахалоднай вадой хаця б праз дзень, можна, напрыклад, пазбавіцца ад павуціннага клешча без шкодных сродкаў.
Што тычыцца сезоннасці высадкі, балкон — гэта як імправізаваная цяпліца, якая дазваляе падоўжыць сезон: пачаць высаджваць раней і пазней скончыць. Калі ж на лоджыі створаны ўмовы падагрэву і штучнага асвятлення, то ўвогуле можна разбіць безперапынны агародзік. Але пры гэтым трэбы строга прытрымлівацца графіка светавога дня, які дазваляе правільна і камфортна развівацца зялёным гадаванцам.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Мінску гараджанка заснавала агародзік, які хоча ператварыць у месца культурнага развіцця беларусаў