Намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача Гродна Дзмітрый Гайда распавёў Hrodna.life, што жывёл пасля агляду вывезлi ў лес у Азёрах для натуральных умоў пражывання.
«Жывёл супрацоўнікі МНС злавілі ў трубе на вуліцы Гая пры дапамозе сеткі. Мы іх аглядзелі і бачных прыкмет шаленства не знайшлі. У клініцы жывёлам зрабілі абавязковую вакцынацыю ад шаленства. Сумесна з Аховай прыроды вырашылі, што лiсаў трэба адпусціць у натуральныя ўмовы пражывання. Выбралі лес у Азёрах».
Лісу ў Румлёўскім парку заўважылі яшчэ ўвесну. Яна бегала па сцяжыне здароўя, не баялася людзей, што выклікала падазрэнне на хваробу шаленства. Пазней нару лісы знайшлі ў кіламетры ад парку на беразе Нёмана, у яе ўжо былі лісяняты. Мясцовых жыхароў моцна непакоіла, ці жывёліна была здаровай, але злавіць лісу, каб праверыць на наяўнасць шаленства, доўга не ўдавалася.