Відэа доўжыцца менш за хвіліну, затое які накал эмоцый! Вы толькі паглядзіце:
Мясцовыя жыхары распавялі Зялёнаму парталу, што часцей гуркі проста вывозяць за межы населеных пунктаў і пакідаюць там гніць. Шматлікія парады, якія з’яўляліся на розных рэсурсах пасля публікацыі відэа, кшталту аддаць у дзіцячы дом, звазіць на продаж у Мінск, падараваць пенсіянерам, мясцовыя лічаць у гэтай сітуацыі недарэчнымі – большасць фермераў не мае неабходных дакументаў на прадукцыю, каб распаўсюджваць яе без перакупшчыкаў, не маюць адпаведнага транспарту ды і банальна вольнага часу.
Пра пачатак гурковага сезону Зялёны парталь сёлета пісаў. Каб паставіць парнік сярэдняга для Альшанаў памеру ў 10 сотак, тапіць яго ў халодныя месяцы, засеяць гуркамі і выгадаваць ураджай, апрацоўваючы ад паразітаў, трэба каля чатырох тысяч даляраў. Самы прыбытковы перыяд, калі закупачныя кошты на гуркі высокія – красавік–пачатак траўня. Сёлета вясной за кілаграм гуркоў на воптавым альшанскім рынку перакупшчыкі давалі 2–3 рублі. У той жа час у вялікіх гарадах гуркі каштавалі 4–5 рублёў.
Прыкладна ў сярэдзіне траўня кошты на гуркі пачынаюць падаць і недзе каля праваслаўнай Тройцы (рухомае свята, адзначаецца праз сем тыдняў па Вялікадні, у канцы траўня ці ў чэрвені) становяцца зусім нізкімі. Сёлета Тройца была позняя, 20-га чэрвеня, і кошты ўпалі раней. Але 10 капеек за кілаграм гуркоў – гэта, па словах мясцовых жыхароў, гістарычны мінімум.
– Усё роўна за першы год парнік не апраўдваецца. Дарагія нясучыя канструкцыі, рулон плёнкі каштуе каля 100 даляраў… Але ўжо на другі год, калі парнік будаваць не трэба і ўкладаешся толькі ў насенне, угнаенне, атруту ад шкоднікаў, можна атрымаць прыбытак за кошт аб’ёмаў вытворчасці, – раскрываюць “унутраную кухню” агурковага бізнэсу палешукі.
– Спрабуем і памідоры саджаць, але на іх таксама цяпер невысокія закупачныя кошты, ад простых людзей, не фермераў, бяруць па 50 капеек за кілаграм. Ад фермераў даражэй, бо тыя маюць усе патрэбныя сертыфікаты і іх памідоры можна прадаць не проста на кірмашы, а ў гандлёвыя сеткі, напрыклад.
– Скажыце, калі такая сітуацыя, то што будзе налета? Альшанцы стануць займацца нейкімі іншымі культурамі?
– Думаю, не. Гуркоў менш саджаць усё роўна не стануць. Будуць спадзявацца, што яны так не ўродзяцца і кошты будуць вышэйшымі. Напрыклад, хто б мог падумаць, што сёлета будуць такія высокія закупачныя кошты на чарніцы? Іх прымаюць па восем рублёў. Заўсёды было – максімум чатыры. Год на год не даводзіцца.