Сустрэча была арганізаваная для беларускіх аматараў мастацтва і журналістаў, але мастакі ды арганізатары шмат кантактавалі не толькі з публікай, але і між сабой. Адчувалася, што гэта, перш за ўсё, звязана з дыскусіяй, якая ідзе ў бразільскім грамадстве аб захаванні джунгляў Амазонкі.
Бразілія знаходзіцца ў тропіках, таму прырода ў большасці штатаў, хіба што акрамя Сан-Паўла, нагадвае афрыканскую. Трапічныя лясы высякаюць, і гэта пытанне, як высветлілася, хвалюе не толькі эколагаў.
Мастак Рамон Марцінс распавёў: “Мне вельмі імпануе фармат фестывалю VULICA BRASIL , дзе людзі думаюць пра экалогію, пра будучыню. Я доўга жыў у мегаполісах і адчуваў пустэчу. Потым пераехаў у вёску, але нават за горадам назіраю знічтажэнне прыроды сучасным шляхам гаспадарання. Малюючы я імкнуся сказаць, што для чалавека істотна быць у кантакце з прыродай. Два месяцы таму атрымалася наведаць Амазонію, пажыць з мясцовай народнасцю. Мяне хвалюе не толькі тое, што высякаюць трапічныя лясы, але і тое, што мы садзім замест іх, які наш шлях спажывання. Мы павінны думаць пра будучыню. Клопат пра экасістэму істотны для здароўя самога чалавека”.
Амбасадар Бразіліі Паўла Антонія Перэйра Пінта, які прымаў актыўны ўдзел у абмяркаванні, больш аптымістычны: “Джунглі аднаўляюць самі сябе. Тысячы зярнятак насення перамогуць сякеры. У Беларусі падыход да захавання прыродных рэсурсаў адрозніваецца ад бразільскага, у чым мастакі маглі пераканацца, калі хадзілі па эка-маршруце. Прырода Беларусі і Бразіліі вельмі адрозніваецца, але прырода нас і яднае”.
Беларускія мастакі, у сваю чаргу, распавялі пра свае экалагічныя праекты. Урбаністы Ілля Катлярскі і Наста Лемяшонак з дапамогай валанцёраў будуюць шматфункцыянальны экалагічны павільён “Ідэальны хмарачос” на трамвайным кальцы на Кастрычніцкай. Там будуць сонечныя панэлі для асвятлення ўначы і запраўкі тэлефонаў, будзе здзяйсняцца збор дажджавой вады для паліву раслін (ужо завезлі скрыні з памідорамі і клубніцамі). На другім паверсе павільёна размесціцца мастацкая галерэя.
Скульптарка Паліна Пірагова прадстаўніца творчага дуэта “Рэха”, распавяла пра праект інсталяцыі з лазы. Вышыня яе будзе 9 метраў, а па форме скульптура будзе нагадваць завадскія трубы: “Гэта алегорыя таго, што ў трубах цячэ энергія прыроды, – кажа мастачка. – Унутры кожнага чалавека таксама ёсць гэта энергія. Наша інсталяцыя вельмі працаёмкая, дапамагае шмат валанцёраў: спачатку трэба сабраць цэлы прычэп лазы, прывезці ў горад, потым ачысціць ад лісця, замацаваць на каркасе. Спадзяюся, мы ўсё паспеем”.
Фестываль завяршыцца 2–3 верасня карнавалам, які будзе доўжыцца роўна з 12.00 да 12.00.
Як кажа адзін з арганізатараў Аляксандр Карнейчук, наведвальнікам мерапрыемства будзе прапанавана далучыцца да прыборкі тэрыторыі пасля мерапрыемства: “Як на пікніку – пабылі і прыбралі самі за сабой”.
А прыбіраць будзе што. На Кастрычніцкай падчас карнавалу зробяць гарадскі пляж.
Сёлета фестываль стрыт-арту VULICA BRASIL праходзіць у Мінску ўжо чацвёрты раз.