22.09.2015 / 08:09

У гарадзенскай "Спецаўтагаспадарцы", якую часцей называюць з расійскай мовы САХАм, знікаюць сабакі. Афіцыйна гэта называецца эўтаназія. Гарадзенскія абаронцы жывёл называюць гэта забойствам. Але ёсць і іншыя праблемы. Наперадзе зіма, бяздомныя жывёлы ў пункце часовага ўтрымання могуць не перажыць маразоў. Валанцёры збіралі подпісы, каб у будынак правялі ацяпленне, але ім адмовілі.

Сабакі чакалі гаспадароў, а іх усыпілі

Са слоў валанцёраў, яшчэ ў канцы жніўня ветэрынар САХу ўсыпіла сабак, якіх у хуткім часе збіраліся забраць новыя гаспадары. Сярод пяці сабак былі i два маленькія шчанюкі.

- Усыпленне было 25 жніўня, а 24-га я асабіста дзяжурыла, і патраціла шмат часу на тое, каб Жужа (сучка, якая падпала пад эўтаназію - рэд.) досыць шмат погуляла. Дзіна, якую таксама забілі, павінна была паехаць у новы дом. Я называю эўтаназію забойствам, каб людзі зразумелі, што за прыгожым словам стаiць гідкае злачынства, - распавяла валанцёрка Крысціна.

Калі валанцёры прыйшлі ў пiтомнік і не знайшлі сабак, яны пайшлі да ветэрынара з просьбай паказаць трупы жывёл. Яны хацелі ўпэўніцца, што забойства было "гуманным". Але трупаў не аказалася. Месца пахавання жывёл таксама не паказалі.

- Нам забаранілі ўмешвацца ў працу і структуру САХ, і далі зразумець, што калі мы будзем перашкаджаць, нам забароняць заходзіць у будынак. У САХ і так ужо не зойдзеш так проста, як раней. Цяпер там на варотах стаiць дамафон - трэба тэлефанаваць майстру, пытацца дазволу.

Зусім нядаўна валанцёры сустракаліся з начальствам па пытанні ўсыплення сабак. Але адказ начальства быў кароткі: "Гэта не прытулак, мы нічога не вырашаем, ідзіце ў гарвыканкам. Мы і так вам саступаем". Паводле версіі супрацоўнікаў САХ, у дзень усыплення проста не было ўжо пустых вальераў. Але валанцёры кажуць, што яны былі.

В САХе усыпили собак, хотя волонтеры могли их спасти

Праз пяць дзён - эўтаназія

Цяпер на ўчастку ёсць 36 вальераў, два з якіх павінны быць вольныя для новых адлоўленых сабак або для пастаноўкі жывёл на каранцін.

Безнаглядныя жывёлы ўтрымліваюцца на ўчастку да таго часу, пакуль ёсць магчымасць іх там трымаць. Эўтаназія праводзіцца ў адмыслова абсталяваным памяшканні паводле метадычных указанняў па гуманнай эўтаназіі. Для гэтага выкарыстоўваецца зарэгістраваныя ў Беларусi прэпараты, якія не выклікаюць пакут: "Зааксілазін" і "Т - 61".

Эўтаназія жывёл прадугледжаная праз пяць дзён пасля адлову. Але па шматлікіх просьбах валанцёраў, з улікам фізічнага стану жывёлы, яе здароўя, наяўнасці вольных вальераў і перспектыў з'яўлення новых гаспадароў, жывёлы ўтрымліваюцца на ўчастку максімальна магчымы час.

Каб палепшыць умовы ўтрымання жывёлаў, валанцёры напісалі прэзідэнту. Адтуль зварот скіравалі ў аблвыканкам, а адтуль - у гарвыканкам. Чыноўнікі і супрацоўнікі ЖКГ выязджалі на месца і адказалі, што САХ працуе без парушэнняў правіл. Пасля гэтага валанцёрам дазволілі наведваць пункт утрымання толькі ў строга вызначаныя гадзіны.

- Нам забаронена варыць цёплую ежу сабакам, мы даем ім сухі корм. Забаронена ўцяпляць вальеры, сабак можна выгульваюць толькі на ланцужках, хаця тэрыторыя зачынена, няма пагрозы іншым людзям. Самае цяжкае для нас тое, што мы сапраўды хочам дапамагчы гэтым няшчасным жывёлам, якія па віне людзей павінны трываць гэтыя нечалавечыя ўмовы. У нас няма гарантыі, што мы заўтра знойдзем тую ці іншую сабаку жывой. У нас няма сродкаў змагацца з гэтай жорсткасцю. Таму што на ўсе нашы просьбы і скаргі адзін адказ: "Такі закон."

У апошні час у САХу востра стала пытанне ацяплення. Валанцёры адзначаюць, што ім было адмоўлена ацяпляць пункт часовага ўтрымання. Таксама ім забаранілі слаць сабакам коўдры і анучкі, забаранілі ставіць будкі.

- Ніхто не будзе марнаваць грошы на нейкі там САХ. Начальства лічыць, што там і так добрыя ўмовы. Калісьці валанцёры скінуліся на невялікую печку, якую пасля канфіскавалі са словамі "не паложана". Крыўдна, што грошы ёсць нават на вытворчасць самагонкі, а на жывёл няма.

Мы ўпэўненыя, што калі-небудзь справядлівасць наступіць. Нас шмат, і я лiчу, што гарадзенцы нас падтрымаюць. Таму што людзі ў Гродне спагадныя, нам столькі дапамагаюць, і грашыма, і працай.

Дарэчы, пра грошы. У абавязкі работнікаў САХ не ўваходзіць стэрылізацыя жывёл. Валанцёры за свае грошы і за ахвяраванні гарадзенцаў стэрылізуюць іх, каб вырашыць праблему размнажэння безнаглядных жывёл. САХаўцы скарчаюць іх колькасць больш простымі метадамі, а калі людзі называюць гэту ўстанову "жывадзёрняй", крыўдзяцца і расцэньваюць гэта як паклёп.

Майстры САХ ад каментароў па справе адмовіліся.

Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость