Нават па афіцыйных дадзеных, Наваполацк з’яўляецца самым забруджаным горадам Беларусі, паведамляе racyja.com.
Узровень прамысловых выкідаў перавышае дапусцімыя нормы ў разы. Праваабаронцы і грамадскія актывісты зладзілі тэматычны круглы стол і запрасілі прадстаўнікоў завода «Нафтан».
– Мы ведаем, што ёсць агромністы экалагічны падатак, які плаціць завод «Нафтан». Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, вялікую частку пакідаюць на месцах для вырашэння экалагічных пытанняў. Пэўная частка ідзе ў вобласць і ў рэспубліку, хаця пакутуюць усё ж такі навапалачане. Трэба прапаноўваць уводзіць імператыўную норму, каб увесь экалагічны падатак заставаўся ў Наваполацку і выкарыстоўваўся на мадэрнізацыю ачышчальных збудаванняў, а таксама на змяншэнне наступстваў, – распавядае Зміцер Салаўёў.
Кампанія па барацьбе за чысты Наваполацк толькі пачынаецца. Актывісты будуць дамагацца аднаўлення лабараторыі, якая будзе даследаваць выкіды шкодных прадпрыемстваў у поўным аб’ёме, чаго няма зараз, а таксама ўзнаўленне алергацэнтра.