Супрацоўнікі надгляднага ведамства праверылі і выкананне Дзяржаўнай праграмы збора (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Беларусі. Было выяўлена, што 5 раёнаў Гомельшчыны ў першым паўгоддзі 2015 года выканалі план па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў толькі на 30%.
У некаторых раёнах дагэтуль не наладжаны збор і выдаленне адкідаў у вясковых населеных пунктах, праз што і ўзнікаюць стыхійныя звалкі. Падобная сітуацыя назіраецца ў вёсках Брагінскага, Кармянскага, Жыткавіцкага ды Петрыкаўскага раёнаў.
У ходзе праверкі прадухілена незаконнае размяшчэнне адкідаў на тэрыторыі безкурганавага могільніка ІІІ ст. да н.э. па V ст. н.э., які знаходзіцца непадалёк ад вёск Бурэзь. Дадзены аб’ект уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
На дадзены момант у Гомельскай вобласці функцыянуе 30 палігонаў цвёрдых камунальных адкідаў і 650 міні-палігонаў у сельскай мясцовасці. Некаторыя з іх ужо вычарпалі свой рэсурс, а асобныя не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў і з’яўляюцца прамымі крыніцамі забруджвання навакольнага асяроддзя.
Па выніках праверкі пракуратурай вобласці генеральнаму дырэктару ДА “Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці” ўнесена прадпісанне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства і прычын ды ўмоваў, што садзейнічалі гэтаму.
За дапушчаныя парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты 31 чалавек, а да дысцыплінарнай – 10.