22.12.2015 / 18:12

Зялёны партал Гомельшчыны даў усім жыхарам горада магчымасць з карысцю пабавіць свой час ды пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў.

Арганізаваны парталам фрымаркет сабраў 19 снежня ўсіх неабыякавых да ідэяў узаемаабмену гомельцаў. Вольны кірмаш быў падтрыманы і другімі грамадскімі аб’яднаннямі горада – “Жаночая ініцыятыва” і агульнагарадскі рух “Новы Гомель” прынялі самы актыўны ўдзел у правядзенні мерапрыемства.

Галіна Краўчанка, кіраўнік руха “Новы Гомель”:

“Файна, калі людзі ў душэўнай абстаноўцы камунікуюць, абменьваюцца рэчамі, адорваюць адно аднога пазітыўнымі эмоцыямі ды абмяркоўваюць важнасць вольнага непрамога абмена рэсурсамі ў маштабах нашай планеты. Асабіста мне ўдалося пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, якія сапраўды хочуць і здолеюць змяніць наш горад да лепшага”.

На фрымаркеце ва ўсіх наведнікаў і ўдзельнікаў была магчымасць прынесці і абмяняцца сваімі старымі рэчамі. Гара непатрэбнага адзення, абутку ды дзіцячых цацак расла з кожнай гадзінай. Шматлікія рэчы не паспявалі быць раскладзенымі на сталах – так хутка іх расцягвалі на прымерку спрытныя дзяўчыны. Попытам карысталіся і дзіцячыя рэчы ды асабліва цацкі.

Удзел у кірмашы прынялі і гарадскі валанцёрскі рух у абарону бяздомных жывёлаў а таксама ініцыятыва “Кніжная камора”. Дзяўчаты запакоўвалі старыя кнігі ў прыгожыя абгорткі і раздавалі ўсім ахвотным.

Ніводзін фрымаркет у Гомелі не праходзіць без удзелу майстра па роспісе хной Марыі Рыбінай. Чэргі дзяўчат чакалі свайго часу каб упрыгожыць свае рукі прыгожымі ды таямнічымі ўзорамі.

Навагодні настрой дапамагалі ствараць удзельніцы ініцыятывы “Прамяні дабрыні”, якія зладзілі для ўсіх наведнікаў і ўдзельнікаў кірмаша адметныя майстар-класы. Гэтым разам любы ахвотны мог сваімі ўласнымі рукамі змайстраваць сабе навагодні вянок або стварыць сваю чароўную навагоднюю баначку.

 

 

Аляксей Сіўцоў, удзельнік:

"Мне ўсё вельмі спадабалася і я лічу, што мерапрыемства мае быць шырэйшым. Наогул магчыма Гомелю патрэбна нейкая пляцоўка, дзе падобныя эка-кірмашы маглі б адбывацца штодня ці штотыдзень. Ва ўсім астатнім я прыйшоў на мерапрыемства дзеля новых ўражанняў і я іх атрымаў".

Забаўляльную частку фрымаркета дапоўнілі гомельскія музыкі ды гурты. Трыа пад кіраўніцтвам Віктара Спраўцава адпаліла эмацыйнымі матывамі з яскравым удзелам саксафона.

Эстафету ў хлапцоў пераняў дуэт “Агнявіт і Сальвадор”, які праспяваў некалькі кампазіцый па-беларуску і руску, у тым ліку і песні, заснаваныя на мясцовых гомельскіх міфах.

Скончылі праграму вольнага кірмаша ўдзельнікі гурта “Бодхі”, якія зачаравалі якасным вакалам і арыгінальнымі песнямі.

Навагодні фрымаркет у Гомелі паспрыяў новым знаёмствам, навагодняму настрою і змяншэнню забруджвання навакольнага асяроддзя праз абмен непатрэбнымі рэчамі. Адзенне і абутак, што засталіся пасля яго правядзення будуць перададзеныя Чырвонаму Крыжу для размеркавання сярод тых, хто мае ў іх патрэбу.

Зялёны партал Гомельшчыны развітваецца з вамі да сустрэчы на нашых мерапрыемствах ужо ў Новым годзе!

Автор:
Фотограф:
Марына Драбышэўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость