22.12.2016 / 11:12

Забруджванне навакольнага асяроддзя пластыкавай тарай стала актуальным і для Глыбокага. Мясцовыя прадпрымальнікі імкнуцца замяніць такую тару натуральнымі матэрыяламі — паперай і кардонам. Адзін з іх — Вячаслаў Дзямідка, які ўжо другі год працуе з экалагічнай упакоўкай.

Як тлумачыць бізнесовец, хаця на вытворчасць паперы і затрачваецца драўніна, але гэта аднаўляльны рэсурс. Акрамя таго, паперу для ўпакоўкі можна вырабляць з другаснай сыравіны. Яшчэ яе несумненныя плюсы — магчымасць шматразовага выкарыстання, наяўнасць розных памераў і форм, цікавы дызайн.

З гэтай нагоды Віцебскі Зялёны партал задаў Вячаславу Дзямідку некалькі пытанняў.

— Як вы прыйшлі да экалагічнай упакоўкі?

— Неяк само па сабе атрымалася. Я пачынаў з касметыкі: спачатку з сінтэтычнай, потым перайшоў на натуральную. А калі людзі дораць касметыку, якія іншыя прэзенты, то іх трэба адпаведна ўпакаваць. Ну, не будзеш жа класці падарунак ў звычайны поліэтыленавы пакет?! Таму і вырашыў карыстацца экалагічна чыстай упакоўкай. Да таго ж зараз навокал і так дастаткова рознай хіміі, асабліва ў тары. З-за гэтага ідзе забруджванне навакольнага асяроддзя. А ў свеце мода на натуральнасць і экалагічнасць.

— Наколькі такая тара даражэй?

— Не шмат. Я яе замаўляю на вытворчасці атрымоўваецца крыху больш па кошце, чым поліэтылен, але затое ўпакоўка мае іншы выгляд — прыгожы, прыстойны і экалагічны.

— Як ацанілі яе вашы пакупнікі?

— Вельмі добра. У мінулым годзе я зрабіў такую ўпакоўку ў першы раз, некаторыя нават жартавалі, што пакецікі, як у McDonald’s. З іншага боку, гэта нетыповы выгляд, нешта новае. У гэтым годзе я мадэрнізаваў тару, яна стала больш цікавай. Да таго ж не я адзін у Глыбокім прадаю натуральную касметыку ў экалагічнай ўпакоўцы. А той, хто падобнага яшчэ не робіць, яшчэ прыйдзе да гэтага.

Автор:
Фотограф:
Леанід Юрык
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость