Цягам некалькіх гадоў лесапарк "Румлёва" наведвае цяжкая тэхніка з рабочымі, якія ажыццяўляюць нібыта „санітарнае прарэджванне” ці „санітарную высечку аварыйных дрэваў”.
Сёлета, ужо ў студзені гэтым занятыя рабочыя, у якіх ёсць толькі адзін дакумент пра прыборку захламленасці, у якім дазваляецца спілоўваць граб, дуб, сасну, клён, асіну.
Парк „Румлёва” – помнік садова-паркавага мастацтва, які бярэ свой пачатак яшчэ ў XVIII стагоддзі. У 1993 годзе парк атрымаў статус помніка прыроды. Тут сустракаюцца шматлікія віды жывёл і раслін, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Як паведамляе "Радыё Рацыя" у дачыненні да "Румлёва" не было рашэнняў адмысловай камісіі па высечцы дрэваў, а ў паперах, якія маюць рабочыя, пазначана толькі неабходная кубатура драўніны. Мясцовыя жыхары не заўважылі ў парку ніякіх маркіраванных пад спіл дрэваў.
Сітуацыя больш нагадвае лесараспрацоўку ў ахоўнай зоне, чым прыборку смецця. Па сутнасці на тэрыторыі помніка прыроды мясцовага значэння парк „Румлёва” ідзе бескантрольная высечка дрэваў, сярод якіх дрэвы высокай якасці і гатункаў.