23.01.2024 / 16:01

У аргкамітэце СОР-29 няма ніводнай жанчыны. І не, гэта не дробязі.

Фота - pixabay.com
Фота - pixabay.com

У аргакамітэце CОР-29, што пройдзе ў Азербайджане, не будзе аніводнай жанчыны. А гэта, як паказвае практыка, значыць, што потым нам давядзецца разграбаць касякі, якія панаробіць выключна мужчынская кампанія.

Некаторыя з вас зараз саркастычна заўсміхаюцца і скажуць, што няма аніякай розніцы, якога полу ці гендару людзі ў кіраўніцтве, калі яны разумныя. Я такое чую часта і не толькі калі гаворка ідзе пра жанчын.

Якая розніца, хто, але хай будуць толькі мужчыны? Якая розніца, на якой мове, але хай будзе ўсё па-руску? Няважна, якое ў чалавека паходжанне, але хай вайсковымі ў Беларусі кіруе расіянін? Не, дзякуй.

Усё гэта ўжо было, і ў нас безліч прыкладаў таго, як мы фізічна пакутуем праз тое, што свет застаецца арыентаваным пад мужчын. У краш-тэстах аўтамабіляў манекены толькі тыповых мужчынскіх фігур? У выніку мы больш за мужчын церпім і калечымся ў ДТЗ.

Медычныя даследаванні стагоддзямі былі заточаныя пад мужчын? У выніку нам на 50 % часцей, чым ім, няправільна дыягнастуюць інфаркт міякарда і на 25 % – інсульт. Першая 3D-візуалізацыя клітара з’явілася толькі ў 2009 годзе, і толькі ў 2023 годзе пракладкі ўпершыню пратэставалі з вадкасцю, якая па шчыльнасці была набліжаная да менструальнай крыві.

Разумееце, у свеце, дзе нейрасеткі ўжо замяняюць шэраг прафесій, толькі цяпер дадумаліся нармальна даследаваць пракладкі!

А калі мы кажам пра важнасць жаночага прадстаўніцтва на ўсіх узроўнях прыняцця рашэнняў, шмат хто дагэтуль закатвае вочы і кажа, што не туды мы скіроўваем сваю ўвагу, ой не туды.

У мяне ж прапанова простая – калі сапраўды няважна, хто займае высокія пасады, давайце забаронім гэта рабіць мужчынам! Альбо ну ладна, у некаторых месцах зробім для іх квоты ў 30 %.

А на ўсе спробы выказваць незадавальненне будзем абвінавачваць іх у тым, што яны патрабуюць для сябе адмысловага стаўлення і паблажак, а мы давяраем кіраўніцтва проста лепшым эксперткам і не звяртаем увагу на тое, якога яны полу. І ўвогуле, калі мужчына хоча чагосьці дабіцца, ён зможа зрабіць гэта нягледзячы ні на што!

Але ніхто і ніколі не прыме такую прапанову па той простай прычыне, што калі мы спрабуем дыскрымінаваць мужчын, свет адразу разумее важнысць антыдыскрымінацыйнага падыходу і прадстаўленасці (патэнцыйна) ўразлівай групы пры прыняцці рашэнняў.

А з жанчынамі гэта не працуе. Падумаеш, 80% людзей, якім даводзіцца пераязджаць праз кліматычны крызіс – гэта жанчыны, і менавіта ў дзяўчат і жанчын падвышаныя рызыкі пацярпець ад гендарнага гвалту і трафікінгу.

Падумаеш, у жанчын у 14 разоў больш шансаў загінуць падчас прыроднай катастрофы. І падумаеш, даследванні паказваюць, што дзяўчаты і жанчыны ў цэлым больш пакутуюць ад наступстваў кліматычнага крызісу. Маскуліннасць у Азербайджане настолькі крохкая, што тамтэйшыя мужчыны не могуць дапусціць, каб жанчыны таксама кіравалі міжнародным кліматычныя самітам.

Нам жа потым давядзецца выпраўляць іх памылкі. І мы, вядома, выправім, нікуды не падзенемся. Але колькі жанчын гэтага не дачакаюцца?

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость