23.02.2026 / 00:02

Гэтай зімой сталі не толькі азёры, але і рэкі – што ў апошнія гады бывае не так ужо і часта. Лёгка забыцца, што раней зімы з марозам да –20 °C былі звычайнай з’явай, а халады – не забаўкай. Снег і лёд служылі натуральнай заменай халадзільнікам, якіх проста не існавала. Расказваем, як гэта працавала.

Пачатак ХХ стагоддзя, загрузка лёду на склад, ЗША. Фота - gchsnj.org
Пачатак ХХ стагоддзя, загрузка лёду на склад, ЗША. Фота - gchsnj.org

Пакласці ў скрыню, засыпаўшы снегам

Як правільна – лядоўня ці халадзільнік? Сёння ўжываюцца абодва словы, але «лядоўня» мае за сабой шэраг значэнняў, якія ўжо сталі часткай гісторыі.

Калі вельмі коратка, гэтай назвай маглі звацца і скрыня, і цэлы будынак – галоўным было тое, што з дапамогай натуральнага холаду яны выкарыстоўваліся для захавання прадуктаў. У кнізе «Літоўская гаспадыня» сярэдзіны XIX стагоддзя апісваюцца некалькі відаў такіх канструкцый.

Скрыня са снегам. Напрыклад, забітую позняй восенню птушку можна было захоўваць усю зіму, калі замарозіць яе на вуліцы, а потым пакласці ў скрыню, засыпаўшы снегам. Такія скрыні некаторыя нават адпраўлялі ў Пецярбург –  то бок на значную адлегласць.

Куфар з накрыўкай. Мяса раілі захоўваць у лядоўні, якая выглядала як скрыня або куфар з вельмі шчыльнай накрыўкай, каб унутр не трапляла паветра. Знізу пры гэтым рабілі адтуліны і ставілі куфар «у лёд», каб ён амаль цалкам яго ахопліваў.

На дне скрыні ўнутры таксама раскладвалі лёд, перасыпалі соллю, накрывалі саломай або цыратай, а зверху клалі мяса ці рыбу. Праз некалькі дзён яны, як пісала аўтарка, «рабіліся крохкімі».

Лёд здавалі па 6 рублёў 65 капеек

У «Літоўскай гаспадыні» часта сустракаюцца парады вынесці страву «на лёд», захоўваць там прадукты або ахалоджваць іх у працэсе гатавання –і зімой, і летам. Лёд выразалі зімой з рэк і азёраў у выглядзе вялікіх блокаў, выкарыстоўвалі таксама крышаны лёд, а захоўвалі яго, пераслаёўваючы саломай.

Фота 8. Пачатак ХХ стагоддзя, перамяшчэнне лёду, ЗША. Фота — gchsnj.org

Нарыхтоўку лёду згадваюць і ў гісторыі піваварства ў Лідзе (піўзавод Пупко). У 1946 годзе адзначалася, што Лідскі піўзавод быў «дапатопшчынай»: халадзільных установак не існавала, і ўзімку лёд нарыхтоўвалі на рацэ Лідзейцы і ў возеры, дастаўляючы яго на завод коннымі павозкамі.

У 1948 годзе нарыхтоўка прайшла дрэнна – «не спрыялі пагодныя ўмовы: лёд быў тонкі, няроўны і дробны». У крыніцах з іншых краін адзначаецца, што пажаданая таўшчыня лёду складала не менш за 30 сантыметраў.

  • На 28 студзеня было нарыхтавана 1541 тона лёду пры плане ў 5500 тон.
  • Працавалі 30 фурманак замест запланаваных 58.
  • Сялянам за куб лёду плацілі 6 рублёў 65 капеек (прыкладна на гэтыя грошы можна было купіць паўтара–два дзясяткі літраў малака).
  • Лёданарыхтоўкі вяліся да 19 сакавіка.

Дарэчы, лёд, нарыхтаваны ў халодных краінах, нават экспартавалі: з ЗША ў Індыю, з Нарвегіі ў Вялікабрытанію.

Загрузка лёду ў Нарвегіі для Вялікабрытаніі, сакавік 1906 года. Фота — Музей Нарфолка, cdforskning.no
Загрузка лёду ў Нарвегіі для Вялікабрытаніі, сакавік 1906 года. Фота — Музей Нарфолка, cdforskning.no

«Высякалі ледзяныя груды на рацэ»

Лядоўні маглі выглядаць як заглыбленыя ў зямлю ямы. Такія апісваюцца, напрыклад, у кнізе пра Івянец канца XIX стагоддзя:

«У тыя дні ніхто не ведаў пра халадзільнікі, але лёд быў даступны нават летам. У дварах рабілі глыбокія ямы, накрытыя цяжкімі вечкамі, і зімой высякалі ледзяныя груды на рацэ, прывозілі іх у павозках і складалі ў ямы, дзе яны захоўваліся да наступнай зімы».

Такія лядоўні мелі і прыватныя гаспадаркі, і працаўнікі розных сфер. Напрыклад, налібоцкія рыбнікі захоўвалі ў іх рыбу паміж адвозамі ў гаспадарку Радзівілаў.

Іншы варыянт – лядоўні ў выглядзе будынкаў або падвальных памяшканняў, якія ахалоджваліся назапашаным лёдам. Дахі пакрывалі ізаляцыйнымі матэрыяламі –  напрыклад, мохам. На паліцах захоўваліся стравы і напоі, а колаты лёд часам выкарыстоўвалі для ахалоджвання вады ці нават дадавалі ў халаднік.

Будынкі з валуноў і чырвонай цэглы

Часам лядоўнямі называлі цэлыя асобныя будынкі пры сядзібах. Іх фота можна знайсці ў адкрытых крыніцах – Вікіпедыі або на сайце Банка звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі.

Рэшткі лядоўні ў Вялікай Сваротве, Брэсцкая вобласць.
Рэшткі лядоўні ў Вялікай Сваротве, Брэсцкая вобласць.

 

Рэшткі лядоўні ў Вялікай Сваротве, Брэсцкая вобласць.
Рэшткі лядоўні ў Вялікай Сваротве, Брэсцкая вобласць.

Некаторыя з гэтых пабудоў сёння выглядалі б амаль як міні-палацы.

Лядоўня пры палацы Умястоўскіх, Гродзенская вобласць.
Лядоўня пры палацы Умястоўскіх, Гродзенская вобласць.

А вось што засталося ад лядоўні пры Кіякоўскай сядзібе – пабудовы з колатых валуноў і чырвонай цэглы.

Руіны лядоўні ў Кіякаве, Віцебская вобласць.
Руіны лядоўні ў Кіякаве, Віцебская вобласць.

Ледзяныя шафы – амаль сучасныя

Першыя электрычныя халадзільнікі ў Беларусі з’явіліся толькі напачатку 1960-х гадоў і былі даступныя не ўсім – не паўсюль нават мелася электрычнасць. Таму цікава зірнуць на іх папярэднікаў.

Музей інжынерыі і тэхналогій у Кракаве.
Музей інжынерыі і тэхналогій у Кракаве.

Перад вамі лядоўня, зробленая ў 1930 годзе ў Кракаве. Яна выглядае як сейф або маленькі сучасны халадзільнік. Сценкі такой прылады былі ізаляваныя і часткова запоўненыя лёдам, часткова – паветрам. Падобныя лядоўні з’явіліся ў другой палове XIX стагоддзя і ў міжваенны час па кошце параўноўваліся з аўтамабілем.

Для іх працы штодня патрабавалася ад 8 да 15 кілаграмаў лёду, а апошнія такія мадэлі выкарыстоўваліся аж да 1970-х гадоў.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость