Зоаахоўны цэнтр “Анімалекс” падрыхтаваў парады, як падрыхтавацца да таго, што ваш кот ці сабака застануцца без гаспадара на 24 гадзіны. А таксама арганізаваў збор валанцёраў, якія даглядзяць за жывёлам, калі вас затрымаюць на больш доўгі час.
Калі сабраліся на пратэст, ні ў якім разе не бярыце з сабою жывёлу
Сабакі могуць спалохацца вялікай колькасці людзей, незнаёмых гукаў ці міліцыянераў. Калі яны запанікуюць, то збягуць ад вас. Плюс, калі вас затрымаюць, сабака застанецца на вуліцы адзін.
Перад выхаду з дому, пакіньце жывёле запас корму і вады, як мінімум на дзень. А таксама пачысціце кату туалет. Калі вы паедзеце катацца ў аўтазаку, нейкі час у вас не будзе магчымасці ні з кім звязацца.
Дадаткова трэба мець дома запас корму і напаўняльніку – пастаўце іх на бачнае месца. А таксама палажыце туды ашыйнік і павадок. Пакіньце на ўсялякі выпадак ключы знаёмым.
“Анімалекс” будзе каардынаваць дапамогу жывёлам у выпадках затрымання. Для таго каб вам маглі дапамагчы, загадзя запоўніце гэту анкету. У ёй трэба зазначыць свае асабістыя даныя, а таксама асаблівасці догляду за гадаванцам.
Зоаабаронцы будуць сачыць за спісам затрыманых, калі там знойдуць ваша прозвішча, то па нумару ў анкеце валанцёры звяжуцца з вашым запасным кантактам і прыедуць на дапамогу жывёле.
Калі вы гатовы самі пакарміць ката ці пагуляць з сабакам у выпадку неабходнасці, запоўніце вось гэту анкету. Валанцёры патрэбны не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах.
За два дні ў валанцёрскую базу запісалася ўжо больш за 230 чалавек! Арганізатары кажуць, што ім уся яшчэ прыходзяць заяўкі ад людзей са ўсёй Беларусі. Пакуль што затрыманым, у асноўным, даюць штрафы, але трэба быць гатовым да рознага развіцця падзей.