Пісьменнік і панк-паэт Віктар Лупасін ганяў на ровары штодня – ажно да пазаўчора, калі прабіў кола. Пакуль нашая рэдакцыя была ў пошуку годных парадаў раварыстам напярэдадні восені, ён напісаў іх цэлы спіс і гатовы падзяліцца.
“Я сёмы год езджу на сваім ровары, агулам карыстаюся роварам на год больш. Чаму перасеў на яго? Было некалькі фактараў: мне смяротна надакучыла ездзіць грамадскім транспартам і я заўважыў усябе зачаткі пуза. Дапамагло і ад таго, і ад другога. Але зімой цяпер ломка, выязджаю толькі часам.
На ровары езджу ўсюды, калі няма нейкага аб’ёмнага багажу, надвор’е сухое і плюсавая тэмпература. Выключэнне – выпадкі, калі ідзе дождж і мне трэба быць прыгожа апранутым, ці зіма. Езджу пераважна па ходніках, бо лічу, што на праезнай частцы трэба трымаць хуткасць не 30, як я, а 40 кіламетраў на гадзіну.
Парады напісаліся проста з прычыны графаманіі і нарцысізму. Ну і яшчэ — каб народу лепш ездзілася”, – кажа Віктар.
Не пужай людзей і не паўзі, як чарапаха
Нармальныя людзі спяць, а Лупасін піша трактат пра #раварызм, а дакладней — колькі прыёмчыкаў для камфортнай язды ў гарадскім трафіку (у менскім выпадку — 95 % па ходніках).
1. Усё, што рухаецца, трэба аб'язджаць ззаду, а не спераду. Напрыклад, калі рухаецца направа, то злева, а калі налева, то справа.
2. Дзяцей аб'язджаць толькі з боку бацькоў, сабак — з боку гаспадароў. Ніколі не спрабаваць праскочыць паміж онымі.
3. Калі можаш прапусціць паміж сабой і візаві нейкі нерухомы прадмет (напрыклад, слуп) — вельмі добра для бяспекі.
3 1/2. Глядзі ў слуп не ўпішыся.
4. Будзь чытэльным і прадказальным, а па магчымасці не рабі падзеі са свайго праезду. Праляцеў міма — нікога не напужаў — пашураваў далей.
5. Калі не ўмееш скокаць (напрыклад, я не ўмею), трошкі прыадпускай стырно перад няроўнасцямі — часам дапамагае.
6. Калі малая бакавая бачнасць — кепска. Глухія платы, вузкія ходнікі з дзвярмі і варотамі — твае ворагі. Хуткасць на ніз, рукі на тармазы.
Шосты – асабліва каварны пункт. Калі аб'ект рэзка з'яўляецца са сляпой зоны, зрэагаваць амаль немагчыма, прычым ні на якой хуткасці: час з'яўлення перашкоды меншы за час рэакцыі.
7. Каб не кульнуцца цераз стырно, падчас тармажэння адхіляйся назад. Адцягвай тармазы быццам усім тулавам.
7 1/2. Калі ў цябе нажны тормаз, не ўяўляю, як ты ў горадзе ездзіш.
7 1/4. Калі фікс — здымаю капялюш, але так і не разумею твайго мазахізму.
8. Пераходы лепей праязджаць паралельна з пешаходамі. Калі пешаходаў няма, пераканайся, што ўсе кіроўцы цябе бачаць і прапускаюць. У спрэчных выпадках лепш ты іх прапусці.
9. Трохі меней напружвайся фізічна, чым душа просіць, а калі ты толькі пачынаеш — напружвайся яшчэ трохі меней.
10. Не забывайся папіваць вадзіцу з біклажкі.
11. Паміж 25 км/гадз і 35 км/гадз розніца ёсць толькі там, дзе вялікае плячо паміж святлафорамі.
12. Не аблізвай апэкс у сляпых паваротах))
13. Калі аб'ект непразрысты, не праязджай яго ўшчыльную.
14. Аднолькавая хуткасць двух ровараў у трафіку — кепска. Каго можаш – абганяй, каго не можаш – адпускай.
17. Не поўзай як чарапаха. На пешаходнай хуткасці ровар цяжка руліцца, а канцэнтрацыя ўвагі ўпадае. Акрамя таго, у гэтым выпадку ты ўзаемадзейнічаеш з кожным канкрэтным пешыкам не долю секунды, а значна болей, і можаш яму надакучыць. І яшчэ ў гэтым выпадку ты не маеш утульных мёртвых зон.
18. Пачынай адтарможвацца плаўна, паступова ўзмацняючы ціск. Нават калі трэба спыніцца хутка, не хапайся адразу за максімум. Паспрабуй скасплэіць АБС (тармазіць серыяй асобных кароткіх націсканняў – рэд.)
19. Не едзь хутчэй, чым думаеш.
20. Ноччу ў дождж у велаакулярах кепска бачна.
21. Заўсягды глядзі, на якую паверхню едзеш.
22. Думай наперад сябе, асабліва калі хуткасць вялікая.
23. Не пужай людзей.
24. Памятай, што з прыступкі ровар едзе добра, а на прыступку — кепска.
Ад рэдакцыі – пра правілы і рух па правым боку
Але не забывайцеся, што ровар небяспечны для пешаходаў. Хаця на яго не патрэбна мець правы, але правілы дарожнага руху трэба выконваць дзеля бяспекі ўсіх бакоў.
1. Не пераязджать на чырвонае святло.
2. Старацца рухацца па правым баку нават у плыні пешаходаў.
3. Па ПДР раварыст мусіць ехаць па тратуары, пры немагчымасці ці яго адсутнасці – па ўзбочыне або краі дарогі. Але не ўсе так робяць.
4. Калі ёсць роварная сцежка – лепш ехаць па ёй і не аб'язджаць людзей, збочваючы на пешаходную частку. Гэта можа быць небяспечна, лепш сігнальце ім.
5. Раварыст не заўсёды павінен спешвацца перад перасячэннем дарогі. У месцах яе перасячэння з роварнай сцежкай можна праехаць, але трэба зрабіць гэта бяспечна: прытармазіць і пераканацца, што кіроўцы вас заўважылі.
6. Улічвайце абставіны вакол: напрыклад, пешаходы схільныя рэзка паварочваць на роварную сцежку пры набліжэнні да метро і не звяртаць увагу ні на што.
“Выязджала на суседнюю левую і не паказвала рукой”
Напрыканцы застаецца дадаць: ровар лепш за аўто, бо ад яго няма выкідаў у атмасферу. Аўтамабілі адказныя больш чым за 70% выкідаў у атмаферу ў Мінску. Карыстаючыся роварам, вы робіце добрую справу, а да таго ж атрымаеце задавальненне. Ровар дазваляе захоўваць асабістую прастору, часцей бываць у цішыні і непарэдна кантактаваць з гарадскім асяроддзем.
Ровар патрабуе дысцыпліны і ўвагі, можа справакаваць жорсткія канфлікты. Усе памятаюць выпадак са збіццём бейсбольнай бітай? І ён не адзіны.
"Трэба памятаць, што вы не адны на любой дарозе. Часам нехта ды забудзе, што побач іншыя таксама права маюць, паправіць карону і пойдзе прынцыпова па роварнай сцежцы ці паедзе на хуткасці ў натоўп", – кажа Вераніка Бурак.
"Я на гэтым тыдні бачыла неверагодных людзей. Жанчыну на “колабайку”, якая ехала ў крайне правым радзе і гутарыла па тэлефоне, трымалася за руль толькі левай рукой.
Таму, калі ёй трэба было аб'ехаць аўто, што былі запаркаваны на правай паласе, яна проста выязджала на суседнюю левую, пры гэтым не паказвала рукой пра свае планы здзейсніць манёўр ці штосьці іншае. Ці была ў яе магчымасць ехаць па тратуары? Так, ён там існуе, таксама ёсць вытаптаная сцежка на зялёнай зоне і ніякіх перашкод ехаць па ёй.
І бачыла дзяцей, год 16 і 14, што ехалі на самакаце (удвох на адным) па дарозе без шлемаў і ўсялякага ўспрымання дарожнага руху», – дзеліцца Хрысціна Чарняўская.