24.08.2023 / 08:08

Экаактывіст_кі ўжо сёння працуюць над бачаннем новай зялёнай Беларусі — 2050. Здаецца, што ва ўмовах цяперашняй палітычнай сітуацыі думкі аб цудоўнай экалагічнай будучыні несвоечасовыя — але экаэксперткі з вамі не пагодзяцца.

Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Мы пагаварылі з Ірынай Сухій, заснавальніцай і членкай рады Экадома — і атрымалі натхняльны маналог аб тым, як клопат аб экалогіі сёння набліжае перамены і дапамагае нам пераходзіць не толькі на зялёныя, але і дэмакратычныя рэйкі. Публікуем аповед з нашай рэдакцыяй.

 

Бачанне зялёнай Беларусі — гэта як?

Год таму экалагічныя актывіст_кі і эксперт_кі, прадстаўні_цы беларускіх экаарганізацый сустрэліся і пачалі абмяркоўваць, што можна рабіць у існуючых умовах, што зараз мае сэнс для паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў Беларусі.

Канешне, гэта быў складаны час: мала таго, што многія экаініцыятывы былі ліквідаваны пасля 2020 года і вымушаны былі з’ехаць з Беларусі, дык яшчэ і пачалася поўнамаштабная вайна. Абмяркоўваючы зялёныя магчымасці для Беларусі, мы сфармулявалі цэлую тэорыю змен. 

Трэба ўявіць Беларусь, у якой хацелася б жыць. Мы называем гэта бачаннем зялёнай Беларусі — 2050. Любы больш набліжаны час накладвае на нас занадта шмат абмежаванняў, а калі бярэм аддалены тэрмін, то ў нас развязваюцца рукі.

Мы сапраўды можам памарыць, прыклаўшы да гэтага ўсе нашы веды, сусветныя тэндэнцыі, еўрапейскую ідэю Green transition — і зразумець, якой бы мы хацелі бачыць Беларусь праз 30 гадоў. Гэтае бачанне мы ўжо рыхтуем да публікацыі, хутка з ім можна будзе азнаёміцца.

Наша мэта — апублікаваць яго ў такім фармаце, каб чытач_кі не спатыкаліся аб зубаскрышальныя экалагічныя тэрміны.

Ірына Сухій — сузаснавальніца Экадома, найстарэйшай экалагічнай НДА ў Беларусі, створанай у 1996 годзе.
Ірына Сухій — сузаснавальніца Экадома, найстарэйшай экалагічнай НДА ў Беларусі, створанай у 1996 годзе.

Пры фармаванні бачання мы адштурхваліся ад думкі, што нам неабходна жыць у трох часах.  Ёсць будучыня, да якой мы імкнёмся і рухаемся. Таксама ёсць пункт трансфармацыі — нейкая кульмінацыйная стадыя, калі ў Беларусі пачнуцца змены. Як бы ні развіваліся палітычныя падзеі, краіна не застанецца ў тым выглядзе, у якім яна ёсць зараз.

У пэўны момант перамены прыйдуць — і нам трэба адразу ставіць Беларусь на зялёныя рэйкі. Да гэтага трэба рыхтавацца ўжо зараз. Вядома, мы думаем пра дэмакратычную трансфармацыю, за якой рушаць услед змены заканадаўства і рэформы.

Першае, чым будзе займацца новы ўрад, — эканамічныя рэформы. І ў іх ужо павінен быць улічаны пераход на зялёную эканоміку і чысцейшыя тэхналогіі. Вельмі важна, каб гэта было закладзена з самага пачатку, таму мы мусім правесці падрыхтоўку.

Неабходна выразна ўяўляць, як гэта рэалізаваць, «заразіць» ідэяй максімальна вялікую колькасць людзей, данесці інфармацыю да зацікаўленых бакоў: палітык_інь, эксперта_к, чыноўні_ц, адміністратар_ак. У цяперашняй сітуацыі нам складана ўявіць, хто канкрэтна будуць гэтыя людзі, але меркаваць можна ўжо зараз.

Немагчыма ў Новай Беларусі звольніць усё міністэрства цалкам. Трэба спрабаваць дагрукацца, у тым ліку да тых, хто цяпер там працуе, ахапіць кола патэнцыйных супрацоўні_ц і адмыслоўцаў. Тлумачыць розным палітык_іням, якія, магчыма, будуць у парламенце прымаць рашэнні.

Калі працуеш і адвакатуеш у дзяржаве, якая нармальна функцыянуе, то зацікаўленыя бакі зразумелыя, а тут атрымліваецца, што трэба ахопліваць розных людзей і максімальна даступным чынам тлумачыць, чаму важна клапаціцца аб экалогіі.

Бачанне зялёнай Беларусі павінна быць прывабным і для эксперта_к, і для палітык_інь. І гэта, канечне, складаная задача, над якой мы працуем. 

Без разумення немагчыма рабіць змены. Калі эксперт_кі з розных абласцей будуць разумець важнасць экалагічных пытанняў і ўключаць у свае планы зялёны падыход, то ўсё атрымаецца.

Мы з цяперашняга часу глядзім на кропку трансфармацыі, на будучую цудоўную Беларусь — 2050, і разумеем, якіх зменаў мы хочам, пачынаем з гэтай пазіцыі рухацца ў будучыню. Важна зважаць на розныя сектаральныя вобласці. Напрыклад, як павінна быць да 2050 года арганізавана абыходжанне з адходамі, якой павінна быць наша энергетыка, захаванне біяразнастайнасці і прыродных тэрыторый і інш.

Нам трэба спраектаваць пераход да аднаўляльнай энергетыкі.  Энергетыка, якая ёсць у Беларусі сёння,  — з атамнай і газавымі станцыямі — павінна пераўтварыцца. І гэта трэба ўяўляць не толькі цудоўнымі бачаннямі, а даволі дакладнымі планамі, дарожнымі мапамі. Гэта дапаможа эксперт_кам і людзям, якія ў будучыні будуць прымаць рашэнні.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

 

Ужо ў цяперашняй палітычнай сітуацыі ў краіне важна казаць пра зялёныя змены

Пры фармаванні бачання мы адштурхоўваліся ад таго, што б у ідэале жадалася мець. Гэта падобна на сцэнар зваротнага адліку. У 2018 годзе Экадом ініцыяваў распрацоўку сцэнара энергетычнай рэвалюцыі, да якой былі прыцягнуты нямецкія эксперт_кі.

Яны таксама ўзялі за аснову думку, што да пачатку 2050 года ў Беларусі будзе ажыццёўлены стоадсоткавы пераход на аднаўляльную энергетыку. З гэтага пункту яны ішлі ў бок цяперашняга і зразумелі, што гэта немагчыма рэалізаваць пры бягучым стане энергетыкі і існуючых працуючых тэхналогіях. Вось так, даследуючы крокі «туды-назад», мы распрацоўваем план дзеянняў. Цяпер мы не ведаем, наколькі далёка тэхналогіі крочаць наперад, напрыклад, у 2040 годзе. 

Хутчэй за ўсё, у Беларусі дастаткова патэнцыялу, каб перайсці на стоадсоткавую аднаўляльную энергетыку, але для гэтага патрэбная палітычная воля.  Калі яе не будзе, то ў нас усё застанецца як ёсць: з атамнай і газавымі станцыямі. У нас ёсць цудоўная будучыня, з якой мы рухаемся ў цяперашні час, і думаем, што нам трэба зрабіць, каб у гэтую будучыню трапіць.

Каб туды перайсці, патрэбна перабудова ўсёй энергасістэмы. З атамнай станцыяй у краіне гэта будзе няпросты працэс. Да таго ж, мы маем поўную залежнасць ад расійскіх энерганосьбітаў. І тут трэба рыхтавацца сур’ёзна, таму што немагчыма ў адзін момант паставіць тысячу ветракоў і пяць тысяч сонечных батарэй і за секунду ўсё трансфармаваць — гэта так не працуе.

Неабходна, каб з’явіліся інвестыцыі, быў паступовы пераход і разуменне таго, як мы замяшчаем газ і атамную энергетыку. Тут вельмі важна адпавядаць прынцыпам A European Green Deal. У Еўропе таксама ставяць за мэту пераход на аднаўляльную энергетыку і фінансуюць яе развіццё.

Гэты пераход мае мноства плюсаў, у тым ліку стварэнне праграм дэкарбанізацыі (дэкарбанізацыя — працэс пераходу да нізкавугляроднай эканомікі — заўв.) і адсутнасць абкладання падаткам беларускіх тавараў пры продажы ў краінах Еўрасаюза.

Мы павінны браць на сябе абавязальніцтвы, стымуляваць прамысловасць, заахвочваць нашы прадпрыемствы памяншаць колькасць выкідаў, ажыццяўляць рэгуляванне ўнутры краіны.

Працаваць трэба з многімі напрамкамі, у тым ліку з уладкаваннем населеных пунктаў. Якасць жыцця як у гарадах, так і на сельскіх тэрыторыях павінна быць аднолькава добрая ў сэнсе дасяжнасці паслуг, адукацыі. Тут важную ролю іграюць транспартныя схемы.

На жаль, мы ведаем, што з населенага пункта, напрыклад, у Гродзенскай вобласці, дабрацца да горада ў Віцебскай прамым грамадскім транспартам немагчыма. Хаця паміж імі можа быць адлегласць 18 кіламетраў. Бо ўсё пабудавана з цэнтра вобласці на перыферыю і назад, а паміж гарадамі розных абласцей зручнай транспартнай камунікацыі няма. Гэтыя рэчы трэба змяняць і будаваць іншыя сувязі. Магчыма, нават змяняць адміністрацыйны падзел Беларусі.

Мы бачым Беларусь у рэшце рэшт краінай, у якой людзі маюць высокую якасць жыцця. І гэта не толькі пра магчымасць набыць тое, што ты хочаш. Гэта пра тое, што ты, жывучы ў розных частках Беларусі, можаш мець працу і прыстойную аплату сваёй працы, добрую дасяжную адукацыю, культурныя аб’екты і мерапрыемствы, добрую якасць паветра, шмат прыродных тэрыторый.

Прыпяць. Фота - Віктар Малышчыц
Прыпяць. Фота - Віктар Малышчыц

Зялёная Беларусь у 2050 годзе — гэта мара

Мы апублікуем бачанне зялёнай Беларусі — 2050 наратывам з візуалізацыяй. Гэта будзе агульны агляд з магчымасцю больш глыбока вывучыць мэты і задачы па розных галінах

Напрыклад, энергетычная рэформа — гэта складаная і важная рэч, бо лічыцца, што энергетыка — хрыбет эканомікі. Ад таго, як у нас яна будзе працаваць, залежаць шмат якія рэчы. Цяпер эканоміка цэнтралізаваная, як нашая ўлада: па прынцыпе «зверху ўніз». Але калі мы думаем пра аднаўляльную энергетыку, гэта ўжо зусім іншы падыход: мноства розных крыніц вырабляюць энергію і спажываюць яе.

Зараз актыўна развіваецца паняцце прасьюмерызму. Гэта феномен фармавання супольнасцей, удзельні_цы якіх адначасова і вытворцы, і спажыў_ніцы. Напрыклад, дом можа вырабляць і спажываць энергію, калі ў яго на даху размешчаны сонечныя батарэі. Так энергетыка становіцца дэцэнтралізаванай, знаходзіцца ў большай ступені ў кантролі людзей, супольнасцей — на ўзроўні дома або горада. Зусім інакш пачынае працаваць тэхналагічны лад грамадства, які падмацоўвае, у тым ліку, і дэмакратычныя змены.

Для нас відавочна, што без дэмакратычных зменаў нашых мэт не дамагчыся.  З іншага боку, дасягаючы іх, мы таксама падтрымліваем дэмакратычны лад грамадства. Гэта не толькі пра экалогію, але і пра правы чалавека і інклюзію.

Мы стварылі тэлеграм-канал «I have a Green | Марым Беларусь», у якім прапануем людзям марыць, расказваем пра натхняльныя прыклады. Мы спадзяемся на дыялог, каб чытач_кі таксама дзяліліся, у якой Беларусі ім бы хацелася жыць. 

 

Што мы можам зрабіць сёння для зялёнай Беларусі

У Беларусі зараз складана паўплываць на нешта глабальна. Раней яна была ўдзельніцай Орхускай канвенцыі — у яе былі абавязкі па ўдзеле грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў, доступе да інфармацыі, да правасуддзя па пытаннях, якія датычацца навакольнага асяроддзя.

Гэтыя рэчы да 2021 года мы актыўна прасоўвалі: хадзілі ў суды, дапамагалі грамадзян_кам абараняць свае правы. Цяпер гэта практычна не працуе. Засталіся фэйкавыя структуры.

Напрыклад, пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (далей — Мінпрыроды) ёсць Грамадская каардынацыйная экалагічная рада, у якой раней прысутнічалі буйныя экалагічныя арганізацыі — цяпер амаль усе з іх ліквідаваныя. Хтосьці, напэўна, там да гэтага часу ўдзельнічае ў паседжаннях, і Мінпрыроды робіць выгляд, што грамадскасць удзельнічае.

Тым не менш, экалагічнае заканадаўства да нейкай ступені ў Беларусі працуе і ёсць магчымасць на пэўным узроўні на нешта мінімальна паўплываць. Напрыклад, мясцовая ўлада павінна сачыць за несанкцыянаванымі звалкамі і калі жыхар_кі пра гэта паведамляюць, то ўладзе няма куды дзявацца, яна павінна гэтым займацца. Адсочваць такія парушэнні ёсць сэнс, звяртаць на гэтую ўвагу мясцовых органаў трэба — яны, як правіла, з гэтым нешта робяць.

Здарыўся выбух на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце і, хутчэй за ўсё, былі сур’ёзныя выкіды шкодных рэчываў. Але ўлада гаворыць, што нічога страшнага не адбылося. Хоць бедны Светлагорск даўно задыхаецца ад жудаснага паху меркаптана, які пахне як гнілая квашаная капуста. І ўплываць на гэта цяжка, пакуль не зменіцца палітычная сітуацыя. 

У процівагу гэтаму нейкія драбнейшыя рэчы можна змяніць. У Беларусі працуе асобны збор адходаў — гэтага варта прытрымлівацца.  Весці экалагічна свядомы лад жыцця мае сэнс у любой сітуацыі.

Наш уплыў на навакольнае асяроддзе мае значэнне —  усё роўна, у дэмакратычным мы грамадстве жывем або пры дыктатуры. Мы можам зменшыць негатыўны ўплыў — і гэта важна.  Экалагічна спрыяльныя практыкі могуць, у тым ліку, падтрымліваць наш эмацыйны і псіхалагічны стан.

Тым, хто з’ехаў, трэба патраціць час у міграцыі з максімальнай карысцю — не на шкоду сабе, вядома. Сёння можна навучыцца нечаму новаму і карыснаму. Бо зусім хутка спатрэбяцца розныя прафесіі, якім пакуль не вучаць у Беларусі. Напрыклад, зараз сталі больш адмаўляцца ад расейскага газу.

І адзін з добрых альтэрнатыўных падыходаў да ацяплення — геатэрмальная сістэма (экалагічна чысты від ацяплення, у якім выкарыстоўваецца энергія навакольнага асяроддзя). У Беларусі ўжо ставяць такія сістэмы. У Еўропе бум на падобныя рэчы, таму што адбываецца пераход ад цэнтральнага ацяплення газам да больш экалагічных відаў.

І няма спецыяліста_к, якія маглі б ставіць і абслугоўваць гэтыя сістэмы. У Беларусі дакладна не хапае людзей, якія могуць працаваць у мясцовых органах улады — нам патрэбны новыя кіраўнікі з прагрэсіўнымі поглядамі, а не спадчына савецкіх часоў.

Калі мы хочам пабудаваць добрую краіну для жыцця, то нам зараз трэба пра гэта падумаць. Уявіць, зразумець, чаго не хапае, ацаніць, чаго мы не ведаем.

У Беларусі няма досведу мясцовага самакіравання — і гэта таксама адзін з важных кампанентаў зялёнага пераходу. Тыя, хто зараз жывуць у больш дэмакратычных краінах, могуць назіраць, як там усё працуе, шукаць і знаходзіць прататыпы грамадскіх адносін, якія нам падабаюцца, каб потым мы маглі іх рэалізаваць у Беларусі.

Мы набліжаем перамены, і трэба па-за Беларуссю шукаць для гэтага розныя спосабы.  Таму што прапаноўваць людзям, якія засталіся ў Беларусі, ісці пратэставаць — гэта карміць дракона. Нам, якія з’ехалі, трэба рабіць усё, каб Беларусь заставалася на павестцы. Весці экалагічны лад жыцця, рабіць івэнты, узаемадзейнічаць з арганізацыямі краін, у якіх мы знаходзімся.

Напрыклад, на Літву моцна ўплывае Беларусь: у нас адна мяжа, рэчкі адны і тыя ж. І калі Беларусь будзе забруджваць асяроддзе, дык гэта ўсё прыйдзе ў Літву з паветрам і вадой. Нам трэба ўзаемадзейнічаць і казаць пра гэта.

Вядома, пасля 2020 года дзейнасць зялёных актывіст_ак перайшла пераважна  ў інфармацыйны фармат. Адзін з найбуйнейшых медыя-праектаў Зялёны партал працуе (без VPN унутры Беларусі ён недаступны, але я вельмі спадзяюся, што людзі навучыліся ім карыстацца).

Праца партала — гэта распаўсюджванне важнай і дакладнай інфармацыі аб экалогіі ўнутры Беларусі, у тым ліку аб экалагічных наступствах вайны, развязанай Расіяй (вядома, вайна ўплывае і на нашу краіну). Розныя арганізацыі і ініцыятывы праводзяць анлайн-адукацыю, пашыраючы погляды людзей.

Возера Звонь. Фота - Віктар Малышчыц
Возера Звонь. Фота - Віктар Малышчыц

 

Што зараз адбываецца ў Мінпрыроды?

На жаль, цяжка ацаніць, бо няма належнага доступу да інфармацыі. Я думаю, што за апошнія пару гадоў экалагічная сітуацыя ў Беларусі не моцна пагоршылася, але ёсць сур’ёзныя рызыкі. Усё ўпіраецца ў адсутнасць грамадскага кантролю.

Калі раней нешта здаралася, людзі актыўна гэта маніторылі і спрабавалі паўплываць на сітуацыю. Цяпер гэтых людзей стала мала — выказвацца стала небяспечна. Шмат у каго ёсць асцярогі кантактаваць з мясцовымі ўладамі ці іншымі органамі. Хтосьці аднойчы стаў збіраць подпісы наконт экалагічнай праблемы і «паехаў» на 15 сутак. 

У апошнія гады павялічылася колькасць высечкі лесу, гэта звязана з тым, што пасля кавіду кошт на драўніну павысіўся — і гэта магчымасць зарабіць грошы. Наколькі гэтыя рубкі кантралююцца, ці не знішчаюцца там каштоўныя прыродныя тэрыторыі — гэта складана сказаць.

Трывожыць сітуацыя на мяжы з Украінай і ў самой Украіне: там наносіцца відавочная шкода прыродзе. Праз памежныя балоты былі пабудаваны дарогі, мяркуючы па ўсім, для ваенных дзеянняў.

Ёсць гісторыя з расейскімі вайскоўцамі, якія былі ў Чарнобылі, а потым заехалі ў Беларусь і з тэхнікай прыцягнулі да нас радыёнукліды. Складана ацаніць уплыў гэтага інцыдэнту на людзей, небяспечна гэта ці не. Тое, што сістэма функцыянуе ўсё горш і горш, мы можам бачыць па выбуху на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, шматлікім падзенням мастоў летась.

Гэта сведчыць аб тым, што знішчэнні арганізацый, незалежных СМІ ў Беларусі, а таксама сыход буйных інвестыцый, праектаў міжнароднай дапамогі маюць вялікі ўплыў. Дзяржсістэма не можа адэкватна кантраляваць сітуацыю — а гэта прыводзіць да сур’ёзных наступстваў. 

Але беларус_кі па сваёй натуры ўсё роўна дастаткова законапаслухмяныя — і ў нас ёсць экалагічнае заканадаўства. Існуе дзяржаўная сістэма кантролю, якая ў нейкай ступені працуе.

Інфармацыйная дзейнасць важная. Нават калі нешта значнае будзе напісана ў незалежных медыя, якія дзейныя чыноўні_цы не павінны чытаць, усё роўна ёсць шанец дагрукацца.  Любое апублічванне фактаў, звязаных з экалогіяй, уплывае на сітуацыю.  Бо нехта маніторыць гэтыя СМІ ў любым выпадку.

Нават зыходзячы з гэтага, я б імкнулася апублікаваць інфармацыю аб парушэннях эказаканадаўства і выкідах у навакольнае асяроддзе. І, канешне, любая інфармацыйная дзейнасць патрэбна не толькі для таго, каб дастукацца да чыноўніц, але і для змены стаўлення ўсяго беларускага грамадства.

Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость