23.09.2016 / 15:09

На Тыдні мабільнасці для палачан зладзілі адно з самых маштабных мерапрыемстваў — гарадскі велапікнік. Ён адбыўся ў парку ля Кургана Бессмяротнасці па завяршэнні велапрабега паміж Полацкам і Наваполацкам. Свята атрымалася ў стылі «эка»: тут былі экамэбля, экаежа, экатранспарт, а галоўнае — экасвядомыя людзі.

Занятак па душы знайшоўся кожнаму. Фітнэс, танцы, ёга — са свежым паветрам у якасці бонуса. Працаваў буккросінг, handmade-кірмаш, фрымаркет. Карыстаючыся экалагічным падыходам, можна было падараваць старым рэчам другое жыццё. Новым для горада і цікавым для гараджан стаў лекторый на траве: куды вандраваць без візы, як сарціраваць смецце…

Дзяцей і дарослых захапілі хімічныя фокусы ад праекта «Наука вне себя». А малыя яшчэ і майстравалі кошыкі і сядзенні для ровараў з лазы, будавалі дамы з кардону, блукалі ў саламяным лабірынце.

Бацькі тым часам удзельнічалі ў конкурсах і майстар-класах па тэме веласіпеднага руху, мабільнасці і экалогіі ўвогуле. Самыя ўпэўненыя запрашаліся прыняць удзел у гонцы па перасечанай мясцовасці. І ўсё гэта — пад жывую музыку.

Вялікай папулярнасцю на пікніку карысталася саламяная мэбля аўтарства Наваполацкай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў — імправізаваныя пуфы спалучаюць бяспэчнасць для асяроддзя і ўтульнасць сенніка. У Полацку ўвогуле да моладзі прыслухоўваюцца. Так, у межах праекта «ГарСвятло» будучы выгляд горада стваралі тыя ж студэнты.

Арганізавалі Еўрапейскі тыдзень мабільнасці Полацкі раённы выканаўчы камітэт, фонд «Інтэракцыя», інжэнерна-будаўнічы факультет Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Наваполацкая асацыяцыя студэнтаў-будаўнікоў. Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

Автор:
Фотограф:
Фонд «Інтэракцыя»
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость