24.10.2016 / 00:10

У вёсцы Чырвоная Слабада паміж Гомелем і Рэчыцай на беразе Дняпра сёння каля трох дзясяткаў селішчаў, якія ў асноўным выкарыстоўваюцца пад лецішчы жыхарамі абласнога цэнтра. І сярод гэтай супольнасці яшчэ летась узнік амаль невырашальны канфлікт. Аднаму з дачнікаў стала замінаць дрэва, якое расло на вясковай вуліцы. Гомельскі Зялёны партал вырашыў даведацца пра лёс ясеня, які падзяліў жыхароў Чырвонай Слабады на два лагеры.

Ясень памятаюць яшчэ мясцовыя старажылы, якіх у былой прыбярэжнай вёсцы засталося літаральна двое. Яны сцвярджаюць: узрост дрэва – каля сотні гадоў. І вось мінулай восенню гамельчуку Эдуарду Разрэзаву, які купіў сабе дом пад лецішча акурат побач з ясненем, дрэва пачало замінаць і ён вырашыў яго зрэзаць. Ён звярнуўся ў Баршчоўскі сельсавет, да якога належыць Чырвоная Слабада, каб узяць дазвол на знос дрэва як аварыйнага. Але, паколькі ясень быў цалкам зялёны, у дазволе на высечку мясцовыя ўлады адмовілі. Тады Разрэзаў пачаў дзейнічаць іншым чынам.

Распавядае Іван Шахматаў

— Я як раз у двары нешта рабіў, аж тут суседскія дзеці бягуць і крычаць: «Дзядька Ваня, хадзі пабач, што Барыс робіць, ён дрэва тое паваліць хоча». Я выйшаў, гляджу — Разрэзаў абпільвае кару ясеня па коле. Я тады набраў нашаму актывісту, які заўжды бароніць навакольную прыроду, Андрэю, што так і так, трэба нешта рабіць. 

У сваю чаргу Андрэй Кабанаў выклікаў міліцыю. 

Дарэчы, менавіта Андрэй Кабанаў са сваёй жонкай Анжэлай і з’яўляюцца асноўнымі абаронцамі гэтага дрэва. Яны распавялі, што складзены Баршчоўскім сельвыканкам пратакол, нікаравалі на разгляд у Адміністрацыю Савецкага раёна Гомеля, па месцы жыхарства Разрэзава. Але адміністрацыйная камісія ўгледзела ў складзеных дакументах нейкія хібы і выправіла іх назад у сельсавет на дапрацоўку. 

Спадарыня Анжэла тэрмінова замазала пашкоджаную кару садовай замазкай і забяліла ствол спецыяльнай пабелкай. Яна верыла, што дрэва ўдасца ўратаваць. 

Паперы аб правапарушэнні хадзілі па інстанцыях цэлую зіму. А ў сёлетнюю вясну здарыўся цуд: дрэва, якое было практычна па перыметры абпіленае, выжыла, раскінулася зялёнай лістотай, на ім нават з’явіліся птушыныя гнёзды! 

— За гэты ясень даўно ідзе вайна. Адны хочуць яго прыбраць, іншыя ратуюць, — гаворыць Павел, чыя хата знаходзіцца насупраць ясеня раздору. – Самае цікавае, што сярод тых, хто супраць таго, каб дрэва расло, нават тыя, хто жыве зусім на іншым канцы вёскі. А мне дрэва не замінае, наадварот, калі спёка стаіць улетку, ад яго хоць нейкі цень.   

Але ж працягу жыцця радаваліся многія вяскоўцы і дачнікі, але не Разрэзаў, якога так і не прыцягнулі тады да адказнасці. Ён, адчуўшы сваю беспакаранасць і пабачыўшы, што дрэва засталося жыць, спачатку адкалупваў леташнюю замазку і змочваў толькі што загоеную рану нейкім хімічным саставам. Калі пра гэта даведаліся суседзі, зноў усчаўся нежартоўны канфлікт. 

Абаронцы дрэва звярнуліся ў Рэчыцкую райінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, каб яны адрэагавалі на дзеянні Разрэзава. Але ў інспекцыі спачатку развялі рукамі, маўляў не маюць доказаў таго, што шкоду дрэву нанёс менавіта Разрэзаў. Тады неабыякавыя суседзі ўсталявалі каля дрэва схаваную відэакамеру і ім удалося зняць момант, калі Разрэзаў свідраваў тоўстыя карані дрэва і ў гумавых пальчатках уліваў туды нейкую вадкасць, якая потым аказалася вельмі едкаю, і дачнікі мяркуюць, што гэта была кіслата.   

І ўжо з відэазапісам абаронцы ясеня звярнуліся зноў у інспекцыю прыродных рэсурсаў, якая, усё ж, склала адпаведныя дакументы і пакарала Разрэзава штрафам у 20 базавых вялічынь. Пры гэтым, падчас першаснага апытання, Разрэзаў катэгарычна адмаўляў сваю датычнасць да пашкоджання ясеня, сцвярджаючы, што ў той дзень, калі яго здымалі (а мясцовых экалагічных інспектараў выклікалі адразу ж, як было атрымана відэапацьверджанне злачынства Разрэзава), ён зусім не падыходзіў да дрэва, потым жа ўвогуле нахабна заявіў інспектару: «Так, гэта я зрабіў, а ты цяпер гэта дакажы!». Калі ж было прадэманстравана відэа, дзе дакладна бачныя дзеянні праціўніка ясеня, Разрэзаў пагадзіўся з абвінавачваннямі. Тым не менш, рашэнне Рэчыцкай райінспекцыі аб штрафе ён яшчэ аспрэчыў у Гомельскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, які пакінуў яго без зменаў.  

Дарэчы, нягледзячы на тое, што падчас знаходжання карэспандэнта Гомельскага Зялёнага партала каля дрэва і, адпаведна, хаты Разрэзава брама яго двара была адчынена, узяць нейкія каментары ў яго не атрымалася, бо ён не выходзіў вонкі і на грукат у дзверы ніяк не рэагаваў.                                 

Зараз на двары глыбокая восень. На стогадовым ясені ўсё лета зелянела сакавітая лістота, рэшткі якой усё яшчэ не абляцелі з дрэва. І жыхары Чырвонай Слабады, і дачнікі, якія сюды прыязджаюць з абласнога цэнтра, спадзяюцца, што налета ясень зноў зазелянее, і ніхто ўжо не будзе яго псаваць і нішчыць.  

Автор:
Фотограф:
Андрусь Гаёвы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость