23.10.2019 / 09:10

Вось ужо сёмы год, як Ратмір Новікаў разам з жонкай і іх конікамі пераехаў жыць на хутар пад Полацкам. Вёсачку Ваўкі, дзе яны вырашылі атабарыцца, Ратмір і Эльга знайшлі амаль 12 год таму.

Шукалі мэтанакіравана і накруцілі каля 10 000 кіламетраў па Беларусі, пакуль знайшлі гэта месца. Побыт на хутары яны арганізоўваюць не зусім звычайна – у фармаце экапаселішча, і разам з суседзямі развіваюць ідэю сучаснага жыцця на зямлі.

У кастрычніку Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі "Жывая Бібліятэка" адзначае сваё пяцігоддзе. Да першага юбілею ўнікальнага для Беларусі праекта Зялёны партал запусціў серыю інтэрв’ю, у якіх пазнаёміць сваіх чытачоў з найбольш цікавымі і экалагічнымі Кнігамі “Жывой Бібліятэкі” за ўвесь час існавання праекта.

 

Кніга трэцяя – “Жыццё на зямлі”.

“У нас больш развіты фармат радавых паселішчаў”

Я з дзяцінства разам з прыродай. У мяне бацькі ў паходы ўвесь час хадзілі, і мяне з пяці год цягалі. Мне падабалася заўсёды ездзіць і па Беларусі, і ў Крым кожны год у горы. Яшчэ ва ўніверсітэце я пачаў перабірацца пад Мінск, на лецішча. І потым зацікавіўся экапаселішчамі, даведаўся пра розныя іх віды, пачытаў, як у Еўропе і Амерыцы гэта развіваецца. Пачаў падтрымліваць гэтую тэму ў Беларусі і стварыў партал ecoby.info, дзе збіраю пра іх інфармацыю.

На захадзе, дзе было менш прымусовай калектывізацыі, вельмі папулярны ідэі камун. Яны разам выкупаюць вялікі кавалак зямлі. У нас, напэўна, людзі гэтай калектывізацыі ў свой час наеліся, і ім бліжэй жаданне мець менавіта свой куток зямлі, свой дом. Таму ў нас больш развіты фармат радавых паселішчаў. Такім чынам фарміруецца прастора, дзе ёсць некалькі сямей.

Самая вялікая ў нас – Росы у Валожынскім раёне: 25 сямей. Звон-Гара у Віцебскім раёне – 13 сямей. У Беларусі маштабы крыху менш. У Расіі, напрыклад, ёсць паселішчы 50-70 сямей. Але гэта накладвае таксама свае адбіткі. Ёсць такая рэч, як лічба Данбара, – колькасць людзей, з якімі ты можаш непасрэдна падтрымліваць сувязь –  каля 100-200 чалавек.

Калі ў адным экапаселішчы становіцца больш за 60 сямей, нават сабрацца ўсім у адной зале становіцца цяжка. І любое пытанне вырашыць складана. У Беларусі з гэтым прасцей, бо ў нас такіх вялікіх паселішч няма.

 

“Мы прыязджаем, заходзім на горку… Вау!”

Разам з нашай ініцыятыўнай групай, пяць сямей, мы збіраліся ў Мінску па вечарах і думалі пра тое, як жадаем жыць, што нам падабаецца на зямлі, як мы плануем выхоўваць дзяцей, што мы думаем наконт экалогіі і будаўніцтва… Усё гэта мы разглядалі і на падставе розных канцэпцый экапаселішчаў фарміравалі свой вобраз. Гэта быў вельмі вясёлы і цікавы час.

Потым сабраліся і на машынах паехалі шукаць па Беларусі. Накруцілі тады каля 10 тысяч кіламетраў. Вельмі нам спадабалася пад Белавежскай пушчай вёсачка Дзедаўка. Там 1-2 двары жылыя, астатнія пакінутыя. І адзін дом стаіць наўпрост у сасновым лесе разам з чарнічнікам і такім сімвалічным рознакаляровы плотам на паўметры.

Выдатныя мясціны пад Белаазёрскам. Нават знайшлі асобныя хутары сярод палёў і лясоў. Пад Мёрамі  бачны заходні ўплыў. Там хутары грунтоўныя: кафля на печы, склеп тры метры глыбінёю... І бліжэйшы дом 100-150 метраў. Гэта не вёска, а менавіта хутарская сістэма.

І вось у 2008 годзе, 5 траўня, мы прыехалі ў Ваўкі. Мы прыязджаем, заходзім на горку… Вау!... Дагэтуль мы сумесна пісалі плюсы і мінусы, а тут не сталі нічога пісаць, а адразу зразумелі, што гэта тое месца, дзе мы жадалі жыць. Лес, азёры, дзікія мясціны і пры гэтым блізка, чатыры кіламетры ад трасы і ад цэнтра сельсавета. І ў выніку мы не прагадалі.

Калі ўсё гэта пачыналася, выглядала вельмі рамантычна. Мы маглі стаць другім выпадкам, калі для нас зямлю ад калгасу, 16 га, вывялі б з сельскагаспадарчай дзейнасці і аддалі пад новы населены пункт. Мы дайшлі да апошняга пункту, але змянілася ўлада ў райвыканкаме, і новыя людзі не захацелі складанасцей, не жадалі займацца гэтым пытаннем. І ў выніку так гэта ўсё заглухла.

Шчыра кажучы, мы ўдзячны, што так атрымалася. Жыццё на зямлі не настолькі хутка і проста будуецца, як нам падавалася спачатку. Апынулася, што трэба вельмі шмат укласці, каб атрымалася нешта істотнае. І ў выніку нашу суполку, якая збіралася па вечарах у Мінску, раскідала па розных мясцінах. Мы на хутары разам з іншай сям’ёй выкупілі адзін вясковы дом і, пакуль будавалі на сваім пустым участку, жылі там.

На зямлю па рознай нагодзе людзі прыходзяць. Калі мы прыйшлі, у нас ужо было двое коней. Потым нават трое. Яны раней жылі пад Мінскам, у Астрашыцкім Гарадку, у бацькоў жонкі. У нас ужо была частка гэтага жыцця, проста мы перамясціліся ў іншае месца. Вось наша суседка Надзея ўжо гадоў 12 займаецца пітомнікам раслін. І яе прыход на зямлю таксама прайшоў натуральна, бо неабходна больш прасторы, каб гэтым займацца. Некаторыя прыязджаюць зусім не прывязаныя.

 

“Мы пашам як коні, каб нашы коні жылі як людзі”

Спачатку мы пабудавалі стайню для коней. Ва ўсіх коннікаў ёсць такая добрая прымаўка: “Мы пашам як коні, каб нашы коні жылі як людзі”. Вось гэта рэальна так. І ў працэсе будаўніцтва дома для коней мы зразумелі, што на другім паверсе шмат месца. І зрабілі яго жылым. Зноў жа не прагадалі з гэтым. Нарасцілі крыху – зрабілі мансардавы паверх. І вось мы пераехалі туды і жылі на ім наступныя шэсць год.  Потым пачалі будаваць асобны дом, двухпавярховы, дзе мы зараз жывём.

Дом мы будавалі з сілікатнага блоку. На жаль, абраць больш экалагічныя матэрыялы ў нас у той момант не атрымалася. Яны ў большасці сваёй патрабуюць часу. У нас шмат сяброў, якія той жа саман выкарыстоўвалі для дома, майстэрні, хлява. Салома, гліна – нічога больш не трэба, але займае гэта вельмі шмат часу, плюс яшчэ год сохне. Гэты працэс расцягваецца яшчэ далей, і ёсць свае нюансы. Але маленькі домік можна пабудаваць за 100 долараў. І ўзімку будзе цёпла. Мы вырашылі сілікатныя блокі, яшчэ і таму, што былі ўпэўненыя: можам самі пабудаваць і зэканоміць на брыгадзе.

Але ўсім, з кім мы размаўляем зараз, кажам: не пачынайце свой дом з нуля. Гэта цяжка, вельмі шмат працы і грошай. Калі б мы пачыналі зараз, мы б набылі вясковы дом. У нас ёсць сябры, якія ўлетку выкупілі вясковы дом, за восень яны сваімі сіламі яго адрамантавалі і ўзімку ўжо пераехалі. Яны дагэтуль там жывуць і будуюць свой. Але ім не трэба цяпер спяшацца. Зноў жа трэба не забываць пра наша заканадаўства: над намі вісела, што мы павінны будавацца з-за нормаў. Першы год – зрабіць падмурак, на працягу далейшых двух-трох год трэба здаць дом у эксплуатацыю.

Калі ты не здаеш, узнікаюць пытанні. Часам у людзей даходзіла і да суда, бо лічыцца, што вы не выкарыстоўваеце зямлю па прызначэнню. Вы ўзялі, каб пабудаваць жылы дом, і дзе ён? Хаця дзіўна чакаць, што за тры гады хтосьці здолее гэта зрабіць з нашым узроўнем заробку, але тым не менш закон такі ёсць. І атрымліваецца людзі, якія адразу выкупілі дамы, яны пазбаўлены гэтай праблемы.

 

“Яны бачаць магчымасці там, дзе вясковы чалавек проста праходзіць міма”

Калі прыязджаеш у вялікае экапаселішча, бачыш адрозненне ад звычайнай вёскі ў тым, што людзі значна болей ўзаемадзейнічаюць. У іх ёсць сумесныя праекты і прасторы. Яны не замкнутыя ў сваіх каробках. Пры тым што, здавалася б, у вёсцы ты ўсё адно ведаеш сваіх суседзяў, сустракаешся з імі. Але, па сутнасці, там практычна няма ўзаемадзеяння, і ніхто не робіць агульнай справы – нават каб прыбраць тэрыторыю.

А тут людзі збіраюцца разам, таму што ім блізкі светапогляд адзін аднаго. І кожнае экапаселішча крыху іншае. Ёсць такі тэрмін intentional communities. На беларускую і рускую яго складана перакласці. Гэта накшталт “ідэйнай суполкі”. На мой погляд, гэта самае дакладнае тлумачэнне экапаселішчаў. Сутнасць у тым, што ёсць нейкая сукупнасць поглядаў, якая аб’ядноўвае гэтых людзей.

Яны не проста жывуць побач, а падзяляюць погляды адзін аднаго. І гэта адразу дае стымул рухацца, рабіць нешта разам. У іх ёсць банальна тэмы для размовы. І яны разам адзначаюць святы, робяць канцэрты ў мясцовых дамах культуры, арганізуюць з дзецьмі дадатковыя заняткі. Яны дапамагаюць адзін аднаму з падлеткамі, каб дзеці былі разам пад даглядам кагосьці аднаго з дарослых. Адпаведна ў іншых вызваляецца шмат часу. Гэта тое, што завецца на захадзе sharing economy – зрабіць нешта істотнае разам, пры гэтым патраціць менш рэсурсаў. І ў гэтым вялікая вартасць экапаселішчаў. Яны значна больш экалагічны па сваёй прыродзе.

Напрыклад, у адным з паселішчаў набылі разам прафесійную пральную машыну, якая, зразумела, каштуе ў некалькі разоў даражэй за звычайную. Але яна і служыць долей, і працуе лепш. І ў выніку усе карыстаюцца, і не трэба кожнаму асобна набываць. У нас, напрыклад, стаіць мой старэнькі Peugeot, які я даю суседзям, калі зламалася ў іх машына. Дапамагаем адзін аднаму. Гэта больш экалагічна.

Так складваецца, што звычайна ў экапаселішча падбіраюцца людзі, якія не злоўжываюць ні алкаголем, ні тытунём, колькасць вегетарыянцаў у параўнанні са звычайным насельніцтвам вёсцы вышэй на парадак. І большасць – гэта людзі, якія прыязджаюць з гораду. Гэта адчуваецца. Яны дагэтуль ездзілі ў розныя краіны, спрабавалі розныя працы, у некаторых быў свой  бізнес – у іх далягляд значна больш.

Яны бачаць магчымасці там, дзе вясковы чалавек проста праходзіць міма. Колькі я ні размаўляў з маладымі людзьмі на вёсцы, уся іх мара – гэта з’ехаць у бліжэйшы райцэнтр. Таму што працы на вёсцы няма. Сапраўды такая, каб прыйшоў і працуеш, – гэта толькі лясніцтва, кацельная, школа, ФАП, калгас. Гэта вельмі мала месцаў.  Атрымліваецца, калі ты не прадпрымальнік у шырокім сэнсе гэтага слова, калі ты не гатовы сам думаць, як стварыць працу, якая будзе прыносіць грошы, то ты не зможаш дасягнуць чагосьці на вёсцы.

 

“Наша сям’я не займаецца земляробствам”

Па маім адчуванні, у экапаселішчах траціна людзей працуе выдалена. Як я, напрыклад. Я удзячны кампаніі, што ў мяне ёсць магчымасць так працаваць. Гэта лагічна для менеджара, бо ўся мая каманда раскідана па розных краінах: Расія, Украіна, Беларусь. На тым праекце, дзе я зараз працую, у мяне няма ні воднага чалавека з Полацку. І сядзець у полацкім офісе проста так – гэта зноў жа не экалагічна: буду траціць паліва на паездкі туды-сюды, буду займаць месца, якое камусьці сапраўды патрэбна. Праграмісты, менеджары, архітэктары, дызайнеры – гэта фрылансеры. Яны могуць адпаведна жыць і працаваць дзе заўгодна.

Дзесьці трэць людзей працуюць вахтавым метадам. Ездзяць у Расію ці Еўропу. У нас сусед кранаўшчык. Ён ездзіць на зіму ў Маскву, Піцер і цэлы год жыве на гэтыя грошы. Гэта лагічна, бо зіма зараз у Беларусі не такая прыгожая, як раней. Я яшчэ памятаю зіму, калі прыязджаю на лецішча, а там снегу па брамку – метра паўтары. Але апошнія пяць год снегу амаль не было. І вось на гэты перыяд шмат хто вырашае ехаць або ў цёплыя краіны – сонейка дабіраць, або працаваць.

І частка людзей яшчэ займаецца менавіта той справай, з якой асацыіруецца экапаселішча: экапрадукцыяй ці рамесніцтвам. Гэтым таксама можна зарабляць, калі робіш маштабна. Звон-Гара, напрыклад, дамовілася з сеткай гіпермаркетаў пастаўляць ім экаежу пад сваім брэндам.

У чым плюс экапаселішча, як кааперацыі, што мне не трэба займацца ўсім. Вось наша сям’я, напрыклад, не займаецца земляробствам. Не ляжыць пакуль што да гэтага наша душа. Затое наша суседка круглы год вырошчвае гародніну і забяспечвае нас. А мы яе – угнаеннем для гэтага, бо ў нас коні. Іншага здабытку яны нам не прыносяць. Мы занімаліся пад Мінска іпатэрапіяй – лячэбнай верхавой яздой для дзетак. Але пад Полацк дзеля гэтага складана камусьці даязджаць.

Мы кантактуем з вялікай колькасцю людзей. Да мяне прыязджаюць па CouchSurfing, HelpX кожны год дзесяткі людзей з розных краін: Германія, Японія, Аўстралія, Англія, Расія, Польшча… Людзі, якія проста жадаюць пабачыць Беларусь, як яна ёсць. Тыповая беларуская вёска: тут сядзіць праграміст-менеджар, які вольна размаўляе па-англійску, суседка з агароду – размаўляе на французскай. Я ім на дроне паказваю наваколле з вышыні птушынага палёту.

Яшчэ адзін сусед праз 1,5 кіламетра ў суседняй вёсцы будуе аграэкасядзібу. Яны гатовы прымаць гасцей. Суседка можа пастаўляць экаежу, якую яна вырошчвае. Я магу рабіць нейкія праграмы, завязаныя на спорце ці з дронам. Нядаўна рабіў трэйлранінг па наваколлі. Ужо ёсць маршруты.

 

“Пераехаўшы з гораду ў вёску, мы не губляем узровень жыцця, мы яго павышаем”

Экапаселішча – гэта мікракосмас. Трэба разумець, што яно забяспечвае большасць патрэб людзей. Нават у нас няшмат людзей – чацвёра сямей па наваколлі, – але, калі нешта цяжкае трэба зрабіць, кінуў кліч – заўсёды сабраліся і не трэба нікога наймаць. Вельмі зручна. Чым больш людзей, тым прасцей. Ёсць нейкі мінімум – сямей 8-10, – каб паселішча стала больш-менш аўтаномным ў плане самазабеспячэння.

Там будуць прадстаўлены розныя людзі, розныя спецыяльнасці. І дадаецца тое, чаго не хапае ў горадзе, – банальныя чалавечыя стасункі, цеплыня, размовы з людзьмі, магчымасць падзяліцца нечым важным, магчымасць знайсці аднадумцаў, зрабіць тое, што ўсім падабаецца. Калі цікава разам, ёсць супольныя праекты, гэта зусім іншы ўзровень жыцця. Пераехаўшы з гораду ў вёску, мы не губляем узровень жыцця, мы яго павышаем.

Так, у нас ёсць свае абмежаванні. Напрыклад, на плаванне дзяцей узімку адвезці. Тут складанасць у тым, што ў горадзе гэта можа існаваць, а ў паселішчы не. Але зноў жа ў нас аптымальнае месца – 25 кіламетраў ад Полацку. Пры жаданні з’ездзіць у гіпермаркет ці звазіць дзіцё на танцы два разы на тыдзень – гэта не так складана. Тым больш, што можна скааперавацца з суседзямі.

Са школай ўсё проста. У Беларусі ўсё ўладкавана: школьны аўтобус ездзіць па вёсках і забірае. Ад нас школа ў чатырох кіламетраў. Яслі там жа – ніякай складанасці. Якасць і адукацыі, і догляду ў вёсках лепей, чым у горадзе. Банальна таму, што ўсе адзін аднаго ведаюць. Калі нехта касячыць, гэта вельмі хутка становіцца зразумела. Ты не дазволіш сабе таго, што гарадскія настаўнікі могуць часам дазволіць. А тут усё на віду.

Зараз у горадзе бываюць класы па 30 вучняў. У нашай сельскай школе ёсць клас на чатырох, на дзевяць. Гэта ж зусім іншая справа, індывідуальны падыход. Уся пачатковая школа, дзесьці да 5-6 класу, – гэта не тыя прадметы, калі патрэбны нейкія звышкрутыя веды. Ты можаш сам гэта выдатна даць, калі пажадаеш. Проста ў школе будзе дадатковая сацыялізацыя.

Экапаселішча – гэта больш здаровы для чалавека лад жыцця. Галоўнае, каб стасункі паміж людзьмі былі добрымі. Без гэтага паселішча не можа існаваць, бо на стасунках і светапоглядзе, які больш экалагічны і прадуманы, усё базіруецца. Вядзецца асэнсаваная праца. Не чакаецца ад дзяржавы, што яна нешта зробіць. Людзі пачынаюць рабіць самі. Любое экапаселішча – гэта эксперыментальная лабараторыя адносін, падыходаў у сельскай гаспадарцы, рамесніцтве, будаўніцтве і гэтак далей. То-бок людзі эксперыментуюць, накопліваюць вопыт і перадаюць яго далей.

Дзякуем за супрацу і дапамогу ў падрыхтоўцы інтэрв’ю Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі "Жывая Бібліятэка".

Автор:
Фотограф:
Дзяніс Зелянко
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость