23.12.2014 / 20:12

Не так даўно шэраг беларускіх сайтаў атрымаў папярэджанні за невыкананне беларускага заканадаўства, а некаторыя нават перасталі існаваць. Наколькі сайты выканкамаў адпавядаюць закону, распавялі прадстаўнікі Цэнтра прававой трансфармацыі Lаwtrend 23 снежня на прэзентацыі даследавання “Мясцовыя органы кіравання РБ: маніторынг сайтаў абласнога і базавага ўзроўняў”.

Гродзенскі аблвыканкам на першым месцы, Мастоўскі райвыканкам – на апошнім

Сёння пытанне выканання рознымі інтэрнэт-рэсурсамі патрабаванняў беларускага заканадаўства ўжо тыдзень як з’яўляецца вельмі абмяркоўваемым. Мясцовыя органы кіравання, паводле вынікаў нашага даследавання, у лепшым выпадку амаль на 40% выконваюць тыя самыя патрабаванні ”, - робіць выснову Алена Танкачова, кіраўніца Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, абапіраючыся на каэфіцыент, прыняты даследчыкамі пры маніторынгу.

Паводле яго вынікаў, толькі адзін сайт з 7 аблвыканкамаў набраў 31,4% (Гродзенскі аблвыканкам), астатнія менш, найніжэйшы вынік у Магілёўскага выканкаму (16,4%). Са 128 сайтаў райвыканкамаў найбольшы адсотак – 40,4% - у Дрыбінскага, і найменшы – у Мастоўскага (14%).

У агульным рэйтынгу першыя тры месцы занялі Гродзенскі, Брэсцкі і Віцебскі аблвыканкамы, апошнія тры – Барысаўскі, Хойніцкі і Мастоўскі райвыканкамы.

Адпаведнасць экспертным параметрам – не болей за 8%

Лічбы грунтуюцца на патрабаваннях да сайтаў заканадаўствам – 51 ацэначным параметры, як падлічылі супрацоўнікі Цэнтра. Сярод іх кантактная інфармацыя дзяржаўнага органа, інфармацыя пра выкананне бюджэту і дзяржаўныя закупкі, інфармацыя аб правядзенні адкрытых пасяджэнняў.

Таксама, на думку экспертаў, сайты не адпавядаюць экспертным чаканням – то бок міжнароднай практыцы і найлепшаму вопыту. Па гэтай групе параметраў (звесткі аб каардынацыйных і дарадчык органах, спосабах абскарджання дзеянняў дзяржоргана, парадку і ўмовах паступлення на дзяржаўную службу, выкананні бюджэту і дзяржаўных закупках) сайты не перавышаюць каэфіцыенту прадстаўленасці ў 8%.

Шэсць тэзаў Lawtrend, каб зрабіць лепш

Калі самы лепшы сайт не набірае нават 40% - гэта азначае, што сітуацыя з выкананнем заканадаўства кепская. Але ў мэты аўтараў даследавання ўваходзіць не правакацыя правяраючых органаў на прыняцце мераў, а дыялог з чыноўнікамі ля паляпшэння сітуацыі.

Другая выснова даследчыкаў тычыцца зменаў у закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Паводле іх, сайты зараз мусяць публікаваць інфармацыю аб тым, якія адкрытыя пасяджэнні праводзяцца ў дзяржаўных органах. Такая інфармацыя была ў менш чым 1% сайтаў.

Яшчэ адна цікавая выснова тычыцца структуры арганізацыі сайтаў, - кажа Аляксей Казлюк, супрацоўнік Цэнтра. -…У рубрыцы “Улада” пералічаныя ўсе дзяржаўныя органы, якія працуюць у раёне, але пры гэтым ніяк не раскрываецца, якая ў іх кампетэнцыя. І ў выніку мы не можам сказаць, дзе тут заканадаўчая ўлада, дзе судовая, хто каму падпарадкоўваецца”.

Гэта, на думку Аляксея, прыводзіць да таго, што грамадзяне не бачаць адлюстравання зафіксаванага ў Канстытуцыі прынцыпу падзелу ўлады.

Увогуле сайты мясцовых органаў улады – сайты-візіткі.

Відавочна, што гэтага мала”, - мяркуе Аляксей. На яго думку, яны мусілі б быць пляцоўкамі для камунікацыі з грамадзянамі, а па факту з’яўляюцца “стэндамі”.

Яшчэ адзін прынцып, зафіксаваны ў Канстытуцыі – роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў – таксама парушаецца сайтамі, на большасці з якіх няма паўнавартаснай беларускамоўнай версіі (за выключэннем сайтаў Глыбоцкага і Гарадзенскага гарвыканкамаў). На 35 сайтах прапануецца машынны пераклад (недакладны) на беларускую мову, а на сайце Быхаўскага райвыканкаму – такі ж пераклад аж на 35 розных моваў.

Таксама пераважная большасць сайтаў нязручныя для людзей з інваліднасцю па зроку: “Калі зрабіць якасны сайт, у тым ліку аптымізаваны для пошукавых сістэм, то для тых, хто не бачыць, нічога адмысловага рабіць увогуле не трэба”, - кажа Аляксандр Севярын, эксперт па дасягальнасці інфармацыйных рэсурсаў, які супрацоўнічае з Lawtrend. Карэктная разметка сайта для спецыялізаваных праграм ёсць толькі на сайце Брэсцкага аблвыканкаму, а рэальную магчымасць адаслаць электронны зварот даюць толькі 55 са 135 сайтаў. СТБ 2105-2012 рэгламентуе стандарты, пры якіх сайт будзе адпавядаць патрэбам людзей з інваліднасцю па зроку.

Выканкамы атрымаюць рэкамендацыі па працы з сайтамі

Даследаванне праводзілася з 15 мая па 15 верасня 2014 года. Далей у планах распрацоўшчыкаў прэзентаваць інфаграфіку па выніках, а таксама распрацаваць дэтальныя рэкамендацыі для 6 сайтаў аблвыканкамаў, сайту Мінгарвыканкаму і выканкамаў гарадоў абласнога падначалення. Іх дашлюць у мясцовыя органы ўлады.

Для астатніх такія рэкамендацыі таксама могуць быць складзеныя, але пры ўмове інтарэсу з боку саміх выканкамаў. Кантактаваць з Цэнтрам прававой трансфармацыі можна праз infolawtrend@gmail.com альбо lawtrend.org.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость