Нягледзячы на серыю экспедыцый у Добрушскі раён, праведзеных у 2024 і 2025 гадах, прамых доказаў існавання пасялення пакуль не знойдзена, аднак навукоўцы рыхтуюць новыя метады даследавання.
Падставай для навуковых пошукаў сталі звесткі 2022 года, калі каля аграгарадка Івакі быў заўважаны звярок, які бег па пераараным полі. Гэтая інфармацыя была апублікавана ў апошнім нумары часопіса «Весці Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта». Паколькі дакладныя даныя пра сучаснае распаўсюджванне гэтага віду ў краіне адсутнічаюць, кожнае такое паведамленне мае вялікую навуковую каштоўнасць.
Падчас трох палявых выездаў (у чэрвені і верасні 2024 года, а таксама ў красавіку 2025-га) эколагі спрабавалі знайсці грызуна з дапамогай бінокляў і дэталёвага аналізу нор. Даследчыкі таксама аглядалі траншэі на палях. Пакуль што ўдалося зафіксаваць толькі прыродных ворагаў хамяка — двойчы навукоўцы бачылі ліс, а таксама назіралі за бусламі, якія палявалі ў гэтай мясцовасці.
Даследчыкі не спыняюць працу і вылучаюць гіпотэзу, што хамяк мог перабрацца з адкрытых палёў на прысядзібныя ўчасткі мясцовых жыхароў, дзе больш корму і менш драпежнікаў. На наступным этапе плануецца правесці апытанне жыхароў аграгарадка Івакі, а таксама сабраць і прааналізаваць пакідкі (астаткі ежы) соў, якія могуць утрымліваць фрагменты шкілетаў рэдкіх грызуноў.