Дзяўчына распавядае пра гранаты, гучаць народныя песні, а непадалёк ад уваходу стаіць паштовая скрыня, каб адаслаць прывітанне блізкім і далёкім сябрам – такой убачылі бібліятэку госці, якія наведалі адкрыццё фотавыставы.
Працы, што размясціліся ледзь не на самым бачным месцы бібліятэкі – выявы, якія з’явіліся падчас двух міжнародных праектаў - адукацыйнай моладзевай праграмы "Майстэрня грамадзянскай актыўнасці" (Беларусь, Украіна, Польшча) і міжнароднага адукацыйнага арт-праекту "ЭкаФота" (Беларусь, Арменія, Чэхія, Англія, Італія, Грузія, Вугоршчына).
“Не ўсе прафесіяналы, але ўсе ўдзельнікі праекта захапляюцца фота, - расказвае адна з пяці ўдзельнікаў ад Беларусі Наста Кузьміч . – І ў канцы праекта ў нас была выстава ў Ерэване з 60 фота. Перад вамі – выбраныя. У кожнай з краін мы дамовіліся правесці падобныя”.
Другая частка выставы прысвечаная “Майстэрні грамадзянскай актыўнасці” і месціцца крыху далей ад уваходу.
"Майстэрня – гэта месца для маладых людзей, якія маюць процьму ідэй, хочуць змяніць свет вакол сябе, але не ведаюць, як гэта зрабіць. Тэмы абсалютна розныя – экалогія, гісторыя, сацыялогія…", – расказвае ўдзельніца "Майстэрні" Наста Краўчук. Фота выставы раказваюць аб праектах маладых людзей.
Аўтар, Арцём Гусеў, працуе фотакарэспандэнтам, гэтае фота ён зрабіў у час паездкі, у якую яго паклікалі паглядзець, як спальваюць дамы, дзе не жывуць людзі. Адміністрацыя такія дамы звычайна вырашае знесці і часам – спаліць.
"Праца майго знаёмага графіціста, яго клічуць Продак. Ён малюе на экалагічныя тэмы, пераглядае вобразы, малюе Дзеда – ёсць такі міфічны вобраз – птушак і іншыя выявы. Сам ён з Брэста, вучыцца ў тэхналагічным універсітэце і мае шмат праектаў, якія ухвалілі нашыя ўлады", - расказвае аўтарка фота Таццяна Блажэвіч, Беларусь.
З аспісання работы: "Мы разам з дзецьмі вёскі Вялікае сяло (Пружанскі раён, Беларусь) збіралі гісторыі сталых мясцовых жыхароў, на падставе якіх ставілі спектакль у тэхніцы тэатру ценяў. Нам можа здавацца, што важнае і гістарычна значнае адбываецца дзесьці далёка, у вялікіх гарадах, з удзелам вядомых людзей. Але гісторыя пра вайну, расказаная бабуляй з суседняга дома, можа змяніць наш погляд на тое, што мы вывучалі ў школе, і на ўласную вуліцу, вёску, горад, краіну". Аўтар фота: Раман Чмель.
"У Арменіі ёсць вялізны цэнтр "Каскад", дзе шмат розных выставаў. Звонку стаяць арт-экспанаты. Леў уразіў – зроблены з пакрышак, ён памерам як чатыры мяне. Фота паказвае, як можна трансфармаваць рэчы, якія ўжо нікому непатрэбныя і за якія нават трэба заплаціць, каб утылізаваць", - распавядае аўтар фота Аляксей Піскун, Беларусь.
Выстава працуе да 20 лютага па рэжыму бібліятэкі імя Я. Купалы (панядзелак-субота 09.00-20.00, нядзеля 10.00-18.00, аўторак - выходны, трэці чацьвер месяца - сандзень). Адрас: В. Харужай, 16. Уваход вольны (у холе). Таксама арганізатары выставы запрашаюць да супрацы тых, хто хацеў бы пабачыць выставу ў іншых месцах, у тым ліку не ў Мінску. Кантакт праз сацыяльную сетку VK.