Ці задумваўся хто з нас, гараджан, што сярод шумных вуліц Янкі Купалы, Фрунзэ, Першамайскай і праспекту Незалежнасці, амаль у сэрцы Мінску, раскінуўся самы стары парк сталіцы, дзе растуць унікальныя па ўзросце дрэвы? Ці што, збягаючы па вуліцы Беларускай да Дынама, можна пабачыць дуб-волат, продкам якога пакланаліся на паганскім капішчы? У мітусні дзён мы не звыклі думаць ці звяртаць увагу на такія рэчы, як быццам бы за імі баімся ўпусціць штосьці важнае. Хаця менавіта такімі «помнікамі» ў горадзе варта ганарыцца, бо яны — жывыя сведкі гісторыі развіцця прасторы і фарміравання гарадскога асяроддзя.
«Парк Горкага старэй за Нью-Ёркскі цэнтральны парк, але мы не ўмеем ім ганарыцца»
Калі зайсці ў Цэнтральны дзіцячы парк з боку вуліцы Першамайскай, то адназу натыкаешся на «лясны» масіўчык, які відавочна, не характэрны для гарадскога цэнтра. Тут вельмі ціха і спакойна, прастору залівае перагуківанне птушак, што хаваюцца ў галінах, і толькі нейкім пабочным эфектам даносіцца шум шынаў па асфальце... Месца нагадвае хутчэй балтыйскае ўзбярэжжа, скарбніцу бурштыну, чым мінскі цэнтр горада.
«На «мядзвежай гары» растуць унікальныя сосны, якія былі тут яшчэ да таго, як парк быў пабудаваны. Хутчэй за ўсё гэта рэліктавыя пасадкі, якім не менш за 200 год... Але, гледзячы на крону і галінаванне, бачыш, што такімі дрэвы могуць быць толькі на адкрытай прасторы, — распавядае Ігар Корзун, каардынатар кампаніі таварыства «Зялёная сетка» «Гарадскі ляснічы». —У адміністрацыі горада на разглядзе амаль год ляжаць дакументы на прысваенне гэтаму месцу статуса «помніка прыроды», бо тут самыя старыя дрэвы ў Мінску».
Спусціўшыся з узвышша, адразу за бетоннай сцяной эстрады велічна ўзвышаецца адно з самых тоўстых дрэваў Мінску — 130-гадовая таполя, якая ў абхопе ствала дасягае 4 метраў 40 сантыметраў. І калі прытуліцца да яе і паглядзець на крону, ствараецца ўражанне, што сваімі магутнымі «рукамі»-галінамі дрэва расчэсвае аблокі, што марудна плывуць па небе.
«Было ўжо некалькі спробаў спілаваць гэту таполю праз вялікую колькасць сухога галля і аварыйную небяспеку з-за дупла. Але чаму неабходна адразу вырашаць праблему знішчэннем дрэва, а не паспрабаваць ліквідаваць іх прычыны? Тым больш, што гэта не касмічныя тэхналогіі, а элементарная практыка пламбіроўкі з дапамогай цэменту і пяску», — абураецца Ігар.
На яго думку, у любы момант горад можа згубіць гэту каштоўнасць, як толькі адміністрацыі захочацца ўсталяваць чарговыя арэлі і памець грошаў з гэтага кавалачка зямлі.
«Чамусьці большасцю людзей парк Горкага ўспрымаецца не месцам, дзе можна адпачыць і раслабіцца, а дзе адны трацяць, а іншыя зарабляюць грошы, такія гарадскія Ждановічы... А на самой жа справе ў парку найбольшая колькасць старых дрэваў, размешчаных у адной лакацыі, частка якіх, на жаль, была страчаная ў гады Першай і Другой сусветных войнаў пры пажарах ці пайшла на дровы гараджанам, бо ўсё ж трэба было неяк выжываць. І то, нягледзячы на тыя складаныя і страшныя ўмовы, людзі здолелі захаваць іх, а мы ўжо зрабіць гэтага не можам, бо нам няма, дзе ставіць свае аўтамабілі...»
За мастком, што адразу за планетарыям, сціпла стаіць яшчэ адзін сведка мінскай гісторыі.
«Дрэва мае вельмі прыгожыя формы: тоўстыя галіны, высокі роўны ствол, зверху ён ужо такі каржакаваты...», — з захапленнем апісвае 200-гадовую ліпу Ігар. Па яго меркаванню, яна была пасаджаная пры «пабудове» парку губернатарам Карнеевым.
Ідучы на гукі песень папулярных эстрадных выканаўцаў ад кафэ «Жар-птушка» да міні-стадыёна, немагчыма не заўважыць велізарныя алешыны, якім не менш за 130 год. Яшчэ адно дрэва, за якое чапляецца вока, — гэта таполя «Мамант», якую ў мінулым годзе кампанія «Гарадскі ляснічы» разам з прамысловымі альпіністамі ўратавалі ад высечкі.
«Нават калі дрэву і не няма 100 гадоў, ні ў якім разе гэта не адмяняе яго каштоўнасці і хараства, бо менавіта яно — самае тоўстае ў горадзе. Дзе мы можам палюбавацца такой велічнай таполяй? — пытае Ігар. — Яна будзе радаваць нас яшчэ 100 гадоў, тым больш, што аналіз дрэва не паказаў ніякай гнілаты».
Дуб-нашчадак аднаго з самых важных гарадскіх дрэваў і захавальнік духаў прыроды
Бы на нейкай выспе, насупраць Свіслачы, па вуліцы Беларускай узвышаецца неверагоднай прыгажосці 130-гадовы дуб-нашчадак «Волата», які рос калісьці недалёка адсюль на паганскім капешчы, да якога людзі прыходзілі пакланіцца і папрасіць сілы.
«Незвычайнае дрэва дзякуючы сваёй адасобленасці, у лесе такое не сустрэнеш, і пасярод поля дуб такога памеру рэдка пабачыш, не кажучы ўжо пра горад. Верагодна, чалавек, які жыў на гэтым месцы і пасадзіў дуб, не выкопваў яго ў лесе, ён пайшоў да духаў прыроды і назбіраў жалудоў пад «Волатам». Таму я лічу, што ў гэтага «святога» дрэва таксама можна што-небудзь папрасіць, але трэба прынесці чаго ўзамен», — упэўнены Ігар.
Знешне дуб выглядае здаровым і моцным дрэвам, нягледзячы на тое, што, калі рабілі рэканструкцыю берагавой лініі ракі, яму пашкодзілі карнявую сістэму, затым засохлую галіну спілавалі і пакінулі яго ў спакоі.
Жывыя сведкі гарадскога навукова-тэхнічнага прагрэсу
У Аляксандраўскім скверы, за тэатрам Янкі Купалы, вока чапляецца за стары разгалісты клён:
«Дрэва вельмі прыгожае. На ўзроўні недзе 2-х метраў яно пачынае разыходзіцца на чатыры здаравенныя, тоўстыя галіны, на якіх амаль няма сухіх галінак», — кажа «Гарадскі ляснічы».
Побач можна ўбачыць яшчэ некалькі клёнаў, якія былі пасаджаныя ля 130 год таму, калі ў скверы праводзілі рэканструкцыю, усталявалі фантан і правялі гарадскі вадаправод .
«Гэтыя дрэвы з'яўляюцца сведкамі тых выгод, якія прынёс з сабой навукова-тэхнічны прагрэс», — падкрэсліў Ігар.
Бліжэй да праспекта знаходзіцца бадай што самае прыгожае дрэва ў Мінску — высачэзны 130-гадовы ясень з абсалютна раўнюткім, ладненькім ствалом, які называюць «Апалонам». Прыблізна такія ж знаходзіліся прама за тэатрам, але, на жаль, у свой час была праведзеная неўдалая, бяздумная абрэзка, якая сапсавала знешні выгляд гэтых прыродных «помнікаў»:
«Гэта прыблізна тое ж, што адрэзаць чалавеку пальцы, ступні, пакінуўшы куксы, і сказаць, што яны адрастуць з часам», — абураецца Ігар Корзун.
Прымагільны клён з малекулярнай інфармацыяй нашых продкаў
Ля самай сцяны з тыльнага боку царквы Марыі Магдалены расце стары клён, узрост якога не менш за 130 год, і знаходзіцца ён ў самай важнай цэнтральнай часцы горада: раней тут былі Старажоўскія могілкі, дзе хавалі далёкіх нашых продкаў.
Таму не выключна, што садзілі дрэва пры магіле нейкага гараджаніна, цела, косткі, скуру якога ён паступова «пераварыў», увабраўшы ў сябе малекулярную інфармацыю гэтага чалавека, і зараз з'яўляецца яе носьбітам і перадачыкам.
Старая ліпа з былога мястэчка ў стылі бёртанаўскіх страшылак
Яшчэ адно старое дрэва можна сустрэць на адным з крутых завіткоў веладарожкі ў парку Перамогі на Камсамольскім возеры. 200-гадовая раскідзістая ліпа расце на месцы колішняга паселішча, але па сваім формам нагадвае хутчэй дэкарацыю галівудскай страшылкі рэжысёра Ціма Бёртана, чым звыклую ліпку пры чыімсьці плоце ці на ўскраіне вёскі.
«Глядзіш так на ліпу і ўяўляеш, як пад ёй калісьці збіралася вечарам моладзь, яна слухала прызнанні ў каханні, — распавядае Ігар. — Незвычайны выгляд мае дрэва, што сведчыць пра моц і прагу да жыцця. Галіны сталі гнуцца пад цяжарам, іх спілавалі, тут жа яна дала «стрэлы» ўверх. Неверагодна проста!»