24.06.2020 / 14:06

Адна з самых рэдкіх птушак Беларусі, якая 22 гады таму стала сімвалам АПБ, упрыгожыла памятныя манеты. Вяртлявая чаротаўка – від, якому пагражае глабальнае знікненне, і ў Беларусі гняздуецца больш за 40% яго сусветнай папуляцыі.

Цяпер нумізматы і аматары дзікай прыроды могуць набыць сабе ці на падарунак памятную манету “Заказнік “Званец” з рэльефнай выявай гэтай птушкі, якая корміць сваіх птушанят. Гэта ўжо сёмая манета з серыі “Заказнікі Беларусі”.

На рэверсе манеты выяўлена рэдкая архідэя – вянерын чаравічак. Яна, як і вяртлявая чаротаўка, — адметны від заказніка “Званец”.

"Вялікае асаковае балота Званец на Брэстчыне — найважнейшае месца гнездавання гэтай чаротаўкі ў свеце. Тут на балотных выспах батанікі знайшлі і найвялікшыя зараснікі рэдкіх архідэй. Дзякуй беларускім банкірам, якія дапамагаюць прыродаахоўнікам расказваць пра выбітную беларускую прыроду. Гэта дапаможа яе захаваць", - адзначае Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ.

Срэбная манета мае намінал 20 рублёў, масу 33,63 г, дыяметр 38,61 мм, пробу 925, якасць “пруф” і выпушчаная тыражом 999 штук.

Медна-нікелевая манета мае намінал 1 рубель, масу 13,16 г, дыяметр 32 мм, якасць “пруф-лайк” і выпушчаная тыражом 1999 штук.

Манеты адчаканілі на Рэспубліканскім дзяржаўным прадпрыемстве «Казахстанскі манетны двор НБ РК» у Усць-Каменнагорску і толькі цяпер даехалі да Беларусі.

Інфармацыю пра цэны манет з вяртлявай чаротаўкай можна атрымаць на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка.

Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость