Пасля сур’ёзнай аперацыі патрэбны час на аднаўленне функцый ці на навучанне новаму жыццю з абмежаванасцямі. Гэтым і займаюцца ў Цэнтры рэабілітацыі “Жывёла”.
Цэнтр з’явіўся даволі нядаўна – у 2018 годзе. Але ж яго кіраўніца Крысціна Яроменка прайшла доўгі шлях перад тым, як адкрыць сваю справу.
“У дзяцінстве я шмат часу праводзіла ў бабулі на вёсцы. Для мяне было больш цікава ў поле схадзіць з козачкамі, чым пагуляць са сваімі равеснікамі. І ў далейшым я стала валанцёрам. Дзесьці ў падлеткавым узросце пачала падбіраць жывёл, падлечваць і прыстройваць. Потым у мяне сталі з’яўляцца траўміраваныя жывёлы: іх толькі гадоў восем таму пачалі ратаваць і пакідаць у жывых. Раней пералом пазваночніка – гэта ўсё. Ніхто не рабіў такіх аперацый і не ведаў, як з гэтым спраўляцца. Як з’явіліся пісьменныя ўрачы, я стала ператрымкай з медаглядам і вельмі часта брала самых цяжкіх жывёл з рознымі траўмамі.
Я бачыла, што не заўсёды ёсць дынаміка. Аперацыя прайшла добра, але жывёла не ходзіць. Пачала цікавіцца рэабілітацыяй, як дапамагчы паскорыць аднаўленне. Капала ў інтэрнэце інфармацыю, але на той час на рускай мове нічога не было, ды і на англійскай не асабліва да нас даходзіла. Глядзела ролікі на Youtube па рэабілітацыі людзей і прымяняла нейкія тэхнікі. З часам выпрацавалася сістэма, якая пры пэўных захворваннях дапамагае хутчэй аднавіцца. Потым ужо з’явіліся курсы ў Расіі па масажы, мануальнай, фізія- і гідратэрапіі. Я пачала актыўна ездзіць і вучыцца”.
Чатыры гады таму Крысціну запрасілі дапамагаць у Цэнтры ветэрынарнай артапедыі і траўматалогіі, бо дагэтуль яна шмат жывёл брала ад іх на ператрымку і ставіла на лапы. Цэнтр сам быў зацікаўлены развіваць рэабілітацыю, каб нехта выконваў практыкаванні з іх пацыентамі і паскараў аднаўленне. Крысціна там прапрацавала год.
Пасля такога вопыту ўжо стала відавочна, што трэба шукаць памяшканне, набываць абсталяванне і дапамагаць жывёлам аднаўляцца. Спачатку Цэнтр рэабілітацыі жывёл знаходзіўся на Харкаўскай, але акурат нядаўна пераехаў на Чыжэўскіх, бо трэба было больш месца. Але Крысціна прызнаецца, што зараз у іх стала яшчэ больш пацыентаў, таму зноў падаецца, што месца малавата.
Для жывёл ў цэнтры ёсць розныя прылады. Некаторыя выглядаюць даволі проста, як то горка, дзе сабакі і каты з праблемамі ў пазваночніку вучацца пераносіць вагу цела на заднія лапы. Гэта дапамагае ім нарошчваць мышачную масу.
Яшчэ тут ёсць розныя спецыяльныя дыванкі, як то тыбецкі аплікатар, які дапамагае сігналу ад канечнасцей лепш даходзіць да мозгу. Балансіровачныя дыскі, стэпы, мячы (у выглядзе шароў і арахісаў) – усё гэта дазваляе правільна нагружаць жывёлу, развіваць мышцы і баланс.
Акрамя таго, у цэнтры ёсць сухая бегавая дарожка і водная – адзіная ў Беларусі. Пасля траўмы пачаць хадзіць у вадзе лягчэй, чым на сушы.
Плюс усялякія прыборы для фізіятэрапіі. Але Крысціна кажа, што ёсць мары і аб новых устаноўках.
“Хацелася б апарат для ЭУХТ (экстракарпаральнай ударна-хвалевай тэрапіі). Для яго патрэбна пэўная адукацыя і памяшканне, але гэта не праблема. Справа ў тым, што ён вельмі дарагі. Апарат добра дапамагае пры артрыце, артрозе і іншых захворваннямі суставаў і касцявой сістэмы. Яшчэ было б добра набыць больш магутны лазер. Італьянскія і амерыканскія мадэлі высокаэфектыўныя і каштуюць, як машына.
Лазер дапамагае мышачнай і касцявой сістэме, пранікае ўглыбіню тканкі. Яго выкарыстоўваюць, напрыклад, пры траўмах пазваночніка і грыжах, ён памяншае боль і ацёк, узмацняе працэс рэгенерацыі. Ён пранікае туды, куды мы не можам дацягнуцца праз мануальную тэрапію. Наш лазер таксама вельмі эфектыўны, але больш для знешніх тканак. У нас ёсць сабака з траўмай канечнасці, і ёй трэба рабіць перавязкі. Пакуль мы не пачалі выкарыстоўваць лазер, у яе ўвогуле нічога не зажывала. Насамрэч, калі сабраць суму ўсяго абсталявання, што ў нас ёсць, за гады працы яно яшчэ не акупіліся”.
Жывёл можна пакідаць у стацыянары Цэнтра, прыязджаць з імі займацца па гадзінах або нават спрабаваць асіліць праграму анлайн. На выходныя, як правіла, большаць забіраюць дадому адпачыць ад заняткаў. Мы пазнаёміліся з тымі, хто займаецца ў цэнтры.
Філя
Філя – валанцёрскі сабака. Дарэчы, палова тых, хто займаецца ў цэнтры, не мае яшчэ гаспадароў. І ўсе пацыенты з самымі цяжкімі выпадкамі – пералом пазваночніка – гэта жывёлы, якіх ратуюць і лечаць не гаспадары, а неабыякавыя валанцёры.
Філя жыў на заводзе, а ў цэнтр трапіў у студзені. У яго была грыжа, з-за якой мозг перастаў кантраляваць заднія лапы і паходы ў туалет. Першы час ён увогуле не хадзіў, перасоўваўся толькі на пярэдніх лапах. За паўгады ў яго удалося развіць баланс і даволі добрую рэфлекторную паходку. Нягледзячы на тое, што ён не адчувае свае заднія лапы, маторную функцыю ўдалося аднавіць.
Спачатку ў такіх выпадках усе практыкаванні на развіццё рэфлексаў выконваюцца лежачы, каб дадаткова пасля аперацыі не траўміраваць пазваночнік. Потым сабака вучаць сядзець, стаяць, уставаць, далей – першы крок. Абавязкова трэба ўлічваць дынаміку і, калі яе няма, мяняць праграму. У рэабілітацыі ўсё вельмі індывідуальна.
Зараз Філя працуе ўжо на падтрымку выніку і паляпшэнне раўнавагі. Але з любой жывёлай шанцы 50/50, што рэабілітацыя спрацуе. Тут усё атрымалася, у тым ліку, дзякуючы моцным куратарам, якія яму дапамагаюць.
“Часцей за ўсё аднаўляюцца тыя жывёлы, да якіх зрабілі ўсё магчымае. Нават калі сабака ўжо пайшоў, яго не пераставалі прыводзіць на паляпшэнне маторнай функцыі, каб ён не забываў, як хадзіць. Ён паралізаваны і ў любы момант можа наступіць пагаршэнне. Раней у нас Філя быў кругласутачна, а цяпер яго прыводзяць на тры дні на тыдзень”, – кажа Крысціна.
Увогуле аднаўленне можа займаць ад 2-3 тыдняў, напрыклад, у выпадку, атрафіі мышцаў адной лапы. Калі пасля аперацыі сабака канечнасцю доўга не карыстаўся, пры правільнай нагрузцы ён хутка ўсё успамінае і аднаўляецца.
У выпадку з пераломам пазваночніка, рэабілітацыя можа заняць да двух гадоў. Часам прыходзіцца проста працаваць на вынік і чакаць, бо гарантаваць паляпшэнне ніхто не можа.
Лінда
Вось гэта сабака-цуд, якая сапраўды проста ў нейкі момант устала і пайшла. У Лінды была грыжа ў шыйным аддзеле. Калі яна трапіла ў цэнтр, яна ўвогуле ляжала цалкам паралізаваная і не магла рухацца. Тады гаспадары сказалі, што ёй 15 год (а насамрэч, высветлілася, што 19 – яны думалі, што з такім старым сабакам ніхто не будзе займацца).
На працягу некалькіх месяцаў Лінду вазілі кожны дзень на заняткі, але ж і самі супрацоўнікі цэнтра, улічваючы і ўзрост, і стан, шмат на што тады не разлічвалі. Але праз пэўны час Лінда паказала, што яна яшчэ дасць фору маладым: сама ўстала і пайшла. З сабакам ужо ўсё добра, але яе ўсё адно возяць пяць разоў на тыдзень на заняткі па ўзмацненню.
Грыжы – гэта генетычнае захворванне, якое перадаецца, напрыклад, з-за няякаснага расплоджванне, калі зводзяць блізкіх сваякоў. Плюс беднае харчаванне, маларухавы вобраз жыцця – ўсё гэта можа справакаваць яе праяўленне. Калі сабака ці кот ляжыць цэлы дзень на канапе, мышачны гарсэт правільна не распрацоўваецца, і нагрузка ідзе на пазванкі і міжпазванковыя дыскі. Калі ў генетыкі закладзена праблема, то грыжа развіваецца.
Крысціна кажа, што практычна любую жывёлу можна адаптаваць да новага жыцця:
“Ёсць разрыў спіннога мозга, калі жывёла ў любым выпадку не будзе хадзіць. Але гэта не перашкаджае яе жыццёвым функцыям. Калі будзе добры догляд, гаспадар або пісьменная ператрымка, то такі сабака ці кот можа пражыць звычайнае доўгае шчаслівае жыццё на калясцы. Але людзі павінны разумець, што гэта вельмі вялікая адказнасць, бо апошнім часам ёсць супярэчлівыя меркаванні наконт ратавання жывёл з траўмамі пазваночніка. Не заўсёды людзі, якія такіх жывёл падбіраюць, разумеюць, што іх чакае наперадзе. Потым пачынаюцца праблемы: недахоп часу, сіл і жадання. У першую чаргу задача ўрача, які будзе аперыраваць, і нас – патлумачыць, які гэта доўгі і складаны шлях. Тое відэа, якое мы выкладвае ў сацсеткі: вось не хадзіў, а тут пайшоў – занімае адну хвіліну. На справе гэта доўгая штодзённая праца: і наша, і куратараў ці гаспадароў. Гэта заўсёды складана”.
Мыш
Зараз у цэнтры знаходзіцца кот Мыш. Гэта малое кацянё знайшлі на вуліцы. У ёй у паяснічным аддзеле кіста, з-за гэтага яна больш дрэнна, чым здаровыя малыя, перасоўваецца заднімі лапамі і сама не ходзіць у туалет. Але яе, як жывёлу, гэта не хвалюе. Нядаўна з цэнтра забралі яе сябра Молнію, з якім яны гралі, бегалі і кусаліся.
У Молніі былі перакрыжаваныя заднія лапы і не разгібаліся пярэднія: ён хадзіў на запясцях і локцях. Але пасля заняткаў усё нармалізавалася, зараз ён бегае, як нармальная кацянё, і хутка знайшоў сабе гаспадароў. З пошукам дому для Мышы будзе складаней: асаблівы догляд ёй спатрэбіцца на ўсё жыццё.
У самой Крысціны тры сабака, два падабраных ката і чарапаха. Апошнія дасталася ёй з мінулай працы: яе гаспадар з’ехаў за мяжу, а чарапаха яму больш не спатрэбілася. Адна з сабак Крысціны таксама праходзіць рэабілітацыю. Вандзе рабілі рэзекцыю галоўкі бядра, але зараз яна ўжо на ўсіх чатырох лапах бадзёра бегае па тэрыторыі і сустракае гасцей цэнтра.
Дарк
Гэты сабака прыехаў з Брэста. Ён хацеў бы гуляцца з іншымі, але пакуль сядзіць у клетцы, бо перанёс некалькі аперацый на пазваночнік. Пасля пералому яму паставілі пласціну, а яна мігрыравала. Спатрэбілася яшчэ адна аперацыя. Зараз ён аднаўляецца і жыве ў цэнтры. Пакуль што яму патрэбна больш за ўсё ўвагі: займацца трэба 5-6 разоў на дзень. Плюс асаблівы догляд, прэпараты, кантроль за аналізамі. Але Дарк са з’яўленнем чалавека ў пакоі не сумуе – і цягнецца па-сабачы паціскацца.
Такія траўмы звычайна з’яўляюцца, калі сабака збівае машына. У катоў могуць быць праблемы рознай ступені цяжкасці, калі яны ўзімку залазяць пад капот пагрэцца. Шчанюкі і кацяняты звычайна пакутуюць з-за дрэннага харчавання: з-за недахопу карысных рэчываў у іх няправільна развіваецца касцявы і мышачны гарсэт.
З некаторымі пацыентамі можна займацца не толькі ў цэнтры, але і дома. Хатнія праграмы прапануюць для тых, у каго не вельмі складаная траўма, і чалавек можа самастойна паляпшаць стан гадаванца. Тады распісваюць праграму рэабілітацыі на некалькі сустрэч у цэнтры са спецыялістамі і яшчэ даюць практыкаванні, якія гаспадар з сабакам павінен выконваць на прагулцы. Але для цяжкіх жывёл гэта не варыянт: займацца з пераломам пазваночніка павінен спецыяліст.
Для тых, хто жыве за мяжой, у цэнтры прыдумалі анлайн-кансультацыі. У Еўропе і аперацыя, і рэабілітацыя каштую значна больш. Таму гаспадары часам імкнуцца больш самі працаваць з гадаванцамі. Калі траўма не цяжкая, гэта магчыма. Але ж трэба разумець, што чалавек павінен амаль на месяц пасля аперацыі вызваліць свой вольны час і рабіць практыкаванні з жывёлай 3-4 разы на дзень, каб быў эфект.