24.09.2019 / 11:09

Аматары двухколавага транспарту рушаць стэрэатыпы пра тое, што ровар – толькі для лета і цеплыні. Нягледзячы на холад, дождж і цалкам “нялётнае” надвор’е, яны ўпрыгожылі свае ровары ліхтарыкамі і пракаціліся ад вуліцы Кастрычніцкай да плошчы Якуба Коласа.

У заездзе ўдзельнічалі і дзеці, і дарослыя. Так у Мінску закрываўся Еўрапейскі тыдзень мабільнасці, які ўжо чацвёрты год нагадвае, што настаў час абіраць больш экалагічны транспарт.

Дзень без аўтамабіля веласіпедысты адзначалі на вуліцы Кастрычніцкай. Там можна было праверыць свой вестыбулярны апарат і паспрабаваць пратрымацца на балансбордзе, прайсці паласу перашкод на ровары, а таксама паўдзельнічаць у віктарынах.

Дарэчы, пытанні былі не зусім простыя. Хоць экзамен на валоданне роварам у ДАІ здаваць не трэба, але ж правілы на дарозе ведаць неабходна. За ўсе гэтыя актыўнасці можна было атрымаць смачныя прызы – грушы і бананы, а больш прасунутыя карыстальнікі ўзнагароджваліся навушнікамі і падушкамі для падарожжаў.

На сцэне выступалі музыкальныя гурты: Taran Trio, VAL, :B:N – якія не давалі замерзнуць тым, хто прыйшоў сюды пешшу. А эксперыментальны тэатр T(e)=Art паказаў перформанс PLASTIC FANTASTIC – такую крыху антыўтопію пра тое, што было б, калі наша жыццё было аднаразовым. З смеццевым монстрам, вогненнай касой і вялікім прыбіраннем. Было эфектна.

Адной з першых у ланцугу велапарада ехала Паліна Андрашчук. Мы пацікавіліся, як часта дзяўчына перасаджваецца на два колы: “Ровар – гэта мой асноўны від транспарту на працу. Пакуль што зімой толькі не езджу, але хацелася б паспрабаваць. На ровары вельмі выгадна ў тым плане, што эканоміцца час на трэнажорку – гэта кардыятрэніроўка. Але для яе яшчэ патрэбны душ на працы. Мне вельмі пашчасціла – ён ёсць. Таму можна сумяшчаць пераезд і трэнажорку. У дзень я праязджаю 12 кіламетраў у адзін бок, прыкладна 40-50 хвілін на дарогу”.

Павел і Яўгенія прыйшлі разам на велапарад. Яны кажуць, што таксама ездзяць на ровары і на працу, і па іншых справах да першага снегу. Холаду не баяцца – на ровары цёпла, калі едзеш. “Я з чатырох гадоў на ровары. Інфраструктура развіваецца апошнія гады і становіцца лепш. Гэта бачна. Езджу ад дома да працы 13 кіламетраў. Па цэнтры ўжо стала нармальна, але ў аддаленых раёнах яшчэ вельмі мала чаго зроблена”, – кажа Яўгенія.

via GIPHY

Еўрапейскі тыдзень мабільнасці стаў нагодай для таго, каб пасумаваць, колькі веласіпедыстаў сёлета выехала на вуліцы горада. Падлікі вяло Мінскае роварнае таварыства.

Свой маніторынг яны праводзілі 5 верасня і ўжо гатовы падзяліцца вынікамі. У параўнанні з мінулым годам інтэнсіўнасць руху на роварах павялічылася. Прычым з’явіліся новыя гульцы – самакаты, якіх летась амаль не было, а сёлета яны адбілі 11 % ад усяго двухколавага транспарту.

via GIPHY

Пакуль што за рулём ровара больш мужчын – суадносіны 79 % да 21 %. Каля 2/3 веласіпедыстаў узросту 16-35 гадоў. Крыху менш за палову (43 %) ездзяць са святлом увечары і толькі 9 % апранаюць шлем.

У цэлым, калі параўнаць 2019-ы і 2018-ы, можна сказаць, што людзей на двухколавым транспарце стала на гарадскіх вуліцах на траціну больш. Дарэчы, +7 % у гэтай статыстыцы далі калабайкі. У планах, каб да 2030 года паездкі на ровары склалі 8-10 % ад усіх перамяшчэнняў па гораду.

Пакуль што мы знаходзімся на ўзроўні 2 %. Тым не менш сітуацыя ў Мінску лепш, чым, напрыклад, у Маскве ці Кіеве. Але наш Брэст паказвае, што веласіпедыстаў на вуліцах можа быць больш – там ровары больш папулярны.  

Многае залежыць і ад гарадской інфраструктуры. У планах на будучыню зрабіць у сталіцы 500 км веласіпедных дарог. Пакуль што ў нас гатова прыкладна 15-20 % ад гэтага.

Новая рашэнне сёлета прымянілі на вуліцы Веры Харужай, дзе веласіпедную дарожку вынеслі з тратуару на паласу для аўто. Хуткасць пры гэтым праезда вуліцы павялічылася, інтэнсіўнасць таксама: цяпер у сярэднім тут праязджае 500 раварыстаў у дзень.

.

via GIPHY

Зараз найбольш эфектыўным лічацца закладаць веласіпедную дарожку ў праект падчас рэканструкцыі або капітальнага рамонту вуліц. Прычым найлепш аддзяляць зону для пешаходаў не толькі фарбай, але і якасцю пакрыцця.

Эканомію ад развіцця веларуху ў горадзе летась ацанілі ў 16 мільёнаў долараў ЗША. У гэту суму ўваходзіць зніжэнне выдаткаў на транспарт і на здароўе, памяншэнне экалагічнага ўздзеяння і аварыйнасці. У планах у будучым годзе павялічыць гэтую выгаду ўдвая.

via GIPHY

Автор:
Фотограф:
Антон Сурапін
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость