24.10.2016 / 13:10

Дар’я Фядотава-Вановіч – уладальніца крамы «Лёля», дзе прадаюцца рамесныя вырабы. Яна расказала, чаму адзін рамесны выраб лепшы за дзесяць танных фабрычных, і пра тое, як змяняецца узровень спажывецкай культуры гарадзенцаў.

Што такое культура спажывання на тваю думку?

Усе мы карыстаемся рэчамі, і іх даволі шмат у нас. Пастаянна спажываем і прадукты харчавання. Без спажывання нашае жыццё немажлівае. Але гэтае спажыванне можа быць розным. Свядомая культура спажывання – калі чалавек разумее, адкуль бяруцца рэчы, з якіх рэсурсаў, чаму ён абмяжоўвае сябе ў спажыванні тых або іншых катэгорый, ад некаторых увогуле адмаўляецца. А ёсць іншае спажыванне – стыхійнае, або інстынктыўнае, калі чалавек спажывае шмат ці нават зашмат, таму што яму падабаецца сам працэс, прыносіць асалоду і задавальненне. У такім выпадку чалавек можа не задумвацца пра вынікі свайго выбару, не заўсёды клапоціцца аб якасці прадукта, не цікавіцца ягоным паходжаннем ды і ўвогуле лёсам рэчаў, што трапляюць да яго.

Усё жыццё можна пераўтварыць ў спажыванне. Як з ежай – ясі, ясі, таму што гэта прыемна, і не думаеш, што гэта шкодна, пакуль не забаліць. Мы зашмат спажываем, цягнем бясконца новыя рэчы ў хату, а пасля самі сярод іх губляемся.

Чаму так адбываецца?

Гэта моцна стымулюецца рынкавай сістэмай. Кожны вытворца, кожны прадавец шматлікімі спосабамі спрабуе стымуляваць спажыванне ў чалавека, бо гэта прыносіць прыбытак. Мне самой непрыемна адчуваць гэтыя механізмы з усіх бакоў. Акрамя таго, што я сама не хачу набываць, мне трэба змагацца з тым, што мне кажуць, чаго я хачу.

Па маіх назіраннях, многія стаміліся ад такога становішча, і незадаволеных робіцца ўсё больш і больш. Напэўна, час усёпаглынальнага маркетынгу ўжо адыходзіць.

У краме «Лёля» мы спрабуем не карыстацца гэтымі стымуламі. Распродажы, працэнты зніжак на вокнах крупным планам – няма жадання з гэтым працаваць. Хаця час патрабуе свайго і нельга быць чалавекам, які выйшаў з пячоры, таму карыстаемся парадамі маркетолагаў у межах разумнага. Я асабіста кажу людзям, каб не спяшаліся з выбарам, разглядалі ўсё доўга, бралі ў рукі, знаёміліся з рэчамі, распавядаю гісторыю стварэння, каб яны маглі добра зразумець, што ім сапраўды патрэбна. Калі цяжка адразу вызначыцца, лепей зайсці некалькі разоў, пайсці дадому – і там ўзгадаць, што запала ў душу. Лепей не набываць тое, што проста схапілі, бо часу не было зрабіць свой выбар. І я заўважаю, што людзі адпачываюць душою, калі слухаюць пра тэхналогіі ручной працы, пра майстэрства, калі рэчы набываюць сэнс для іх.

— А як з культурай спажывання ў гарадзенцаў?

У Гародні, як напэўна і паўсюль, пярэстая карціна. Хтосьці адмаўляе сабе ва ўсім, бо лічыць сябе вельмі адказным. А бывае, наадварот. Сярод маіх знаёмых розных узростаў, знаёмых маіх бацькоў я назіраю тэндэнцыю да свядомага спажывання. Людзі больш ахвотна карыстаюцца рэчамі, паходжанне якіх ведаюць, звяртаюць увагу на склад і паходжанне ежы.

Як рамесныя вырабы суадносяцца з культурай спажывання?

Рамесныя вырабы – гэта найчасцей эстытыка. Яна нас адукоўвае. Калі ты часта кантактуеш з прыгожымі рэчамі, сам настройваешся на іх хвалю. Калі казаць пра бок экалагічнасці – гэта рэчы, вырабленыя ў нашых мясцінах, рукамі мясцовых людзей, часта з мясцовай сыравіны. Значыць, адкідаецца такі аспект, як неабгрунтаванае транспартаванне. Хаця наш глабалістычны час ўплывае і на рамесныя вырабы. Напрыклад, майстру падабаецца выразаць лыжачкі акрамя іншага і з аліўкавага дрэва, і ён замаўляе брусочкі алівы з Італіі.

Я стараюся адшукаць майстроў, якія займаюцца больш прыроднымі матэрыяламі. Але і з такімі матэрыяламі, як палімерная гліна, мы таксама працуем, бо надта файныя працы ў майстроў. Ёсць жаданне распрацаваць лінію вопраткі з чыстай воўны, не змяшанай з акрылам. Зараз нямногія жадаюць даглядаць за ёй: ручное пранне, не адціскаць. Наш тэмп жыцця пакуль з гэтым не надта стасуецца. Але такі экапрадукт павінен быць прадстаўлены, для тых, хто цэніць усе ягоныя вартасці.

Рамесныя вырабы не вельмі танныя. Калі я хачу змяніць посуд на выраблены рукамі майстра, я не набуду шмат талерак, шмат кубкаў, каб яны не ўлазілі ў шафу, а роўна столькі, колькі мне сапраўды трэба. Іх будзе абмежаваная колькасць, але я буду з задавальненнем імі карыстацца. І буду іх берагчы. Запатрабаваныя табой рэчы не ляжаць адкладзеныя на палічках і не займаюць лішняга месца ў галаве. Калі ты рэч абярэш свядома, не спяшаючыся, яна не будзе неўжыванай, не зробіцца непатрэбным цяжарам.

— То бок можна сказаць, што адзін мясцовы рамесны выбар лепшы, чым некалькі кітайскіх?

Могуць быць розныя сітуацыі. Можа, камусьці трэба шмат мець талерачак, але няма сродкаў на вырабы майстроў, тады перавага аддаецца больш таннаму фабрычнаму варыянту. На мой погляд, лепш, калі ты энергетычна можаш ахапіць усе рэчы, якімі ты карыстаешся. Калі няма захламленняў, лішніх рэчаў, калі ты не перакладаеш іх з месца на месца, і ў цябе хапае энергіі для іншых справаў. Калі пераходзіш на рэчы ручной працы,твой побыт становіцца іншым - больш напоўненым, больш прыемным.

У мяне былі звычайныя фабрычныя талеркі. А потым я прывезла з Балгарыі прыгожанькія гліняныя талеркі ручной працы, і паставіла іх у шафу. Неяк мне не хапіла посуду, я іх дастала, і больш не ставіла ў далёкую шафу, карыстаюся толькі імі. Я заўважыла смешную рэч: звычайны посуд лянотна мыць. А гэтыя талерачкі - наадварот - ты іх мыеш, выціраеш, ставіш акуратненька – ура!

— З чаго складаецца кошт рамеснага вырабу? Ці прыплюсоўваецца да яго брэнд?

Калі майстар знаны і запатрабаваны, ён часта высока цэніць сваю працу і свой час. І такіх нямала ў нас у Беларусі. Ёсць майстры, якія прасцей ставяцца да гэтага, робяць стаўку на зручны для спажыўца кошт. Ручная праца займае шмат часу, таму і даражэй. Гэта не машынка зрабіла за гадзіну многа шапак. А чалавек адзін дзень ствараў мадэль і валяў з воўны, другі дзень даводзіў працу да канца. Таму ў шапку ён укладае такі кошт. А іншую ён будзе рабіць па-іншаму, гэта будзе нейкая адрозная шапка.

— Ці дапамогуць рамесныя вырабы падкрэсліць індывідуальнасць?

Адназначна дапамогуць. Ты выбіраеш рэч, якая з табой добра стасуецца. Рэч, якая можа і паўтараецца, але ў маленькіх колькасцях. Рэч, якую чалавек зрабіў сваімі рукамі, нясе іншую энергетыку. З такімі рэчамі жывеш сваім жыццём – не штампаваным, а больш камерным. З такімі рэчамі адчуваеш сябе больш гарманічна.

— Як папулярнасць трыдыцыйнага адзення і вышыванак уплывае на культуру спажывання?

Яшчэ колькі гадоў назад я марыла, каб хаця б дзе-небудзь выкарыстоўваўся арнамент. Цяпер гэтага так многа (смяецца). Чалавек, які накіраваны толькі на утылітарнасць, не будзе браць вышываначку. На вышываначку звяртае ўвагу той, хто думае пра больш глыбокія, нематэрыяльныя рэчы – паходжанне, гісторыю, нашы карані. Ну і з боку экалагічнасці: лён, які для вышыванак выкарыстоўваецца, – чароўны матэрыял. І эстэтыка ёсць у гэтым: чырвонае, белае, архаічныя формы арнаментаў. Гэта нейкі код – інфармацыя, якую мы не разумеем, але яна падсвядома ўплывае на нас і прыносіць глыбокае эстэтычнае задавальненне. Калі ты карыстаешся вышыванкай, ты ўздымаешся на больш свядомы ўзровень, што тычыцца менавіта рэчаў.

— На твой погляд, у якіх сферах можна зменшыць спажыванне?

Ды ва ўсіх. Трэба пачынаць са свайго побыту. Напрыклад, калі хочаш новае, знайдзі месца таму, што ўжо ёсць: можа, яно камусьці больш патрэбна. Мы набываем вельмі шмат вопраткі. Нам, дзяўчынкам, гэта асабліва ўласціва. Гэта таксама звязана і з тым, што сучасная вопратка доўга не носіцца і хутка губляе свой выгляд. Калі імкнуцца да больш якасных рэчаў, гардэроб можа быць не такі раздуты.

Дзіцячыя цацкі – увогуле праблема. Ва ўсіх, у каго ёсць дзеці, хата заваленая пласмаскамі, якія хутка ламаюцца і надакучваюць дзецям. Нашу краму я і задумляла, каб павялічыць верагоднасць таго, што падарункі і упрыгожанні для хаты не зробяцца хламам. Я сама сутыкнулася  з такой праблемай, як наплыў шматлікіх непатрэбных рэчаў, якія абсалютна бессэнсоўна напаўняюць прастору, дзе ты жывеш, і доўга «разграбала» хату. Падарункі – важная і прыемная неабходнсць, а калі падарунак класны, гэта ўдвая прыемна.

Рэчы зараз абясцэніліся – у гэтым пакуль падзенне нашай спажывецкай культуры. Але мы ўжо разумеем, што наш асяродак фармуе і нас, стварае атмасферу нашага кожнага дня, таму і вяртаемся да свядомага спажывання. Цяпер за рэчамі мы бачым не толькі іх вонкавы бок, але і сэнс, які ў іх укладзены. Ашчаднасць у гэтых рэсурсах дэманструе ўзровень свядомасці чалавека, калі ён імкнецца разумець, адкуль бярэцца рэч. Разумее, што гэта праца, да якой трэба ставіцца з павагай. Што калі нешта зламалася ці парвалася, то можна гэта не выкідаць, парамантаваць, звярнуўшыся да таго ж майстра. Наша экалогія залежыць ад нас: менш бярэм, менш разбураем, і жыць у нашым асяродку стане лепш.

Крама  ў ВК

Крама ў ФБ

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость