— Сёння мы па сутнасці маем вялікія гарадскія тэрыторыі, якія выконваюць абмежаваны набор функцый, выкарыстоўваюцца неэфектыўна і якія не цікавыя для жыхароў. Монафункцыянальнасць спальнікаў, якую мы можам прасачыць нават у назве раёна – «спальнік», прыводзіць да таго, што значная частка людзей іх не любіць і імкнецца ў цэнтр горада ці да іншых кропак прыцягнення. Архітэктурна змяніць спальныя раёны даволі складана. 9-ці і 12-павярховыя панэлькі мы проста так не знясём. Тое, што рэальна, гэта змяніць якасць той прасторы, якая знаходзіцца паміж ужо створанымі дамамі і мадэрнізаваць гэтыя будынкі, — распавядае Андрэй.
Наяўнасць «зялёнай зоны», інфраструктуры, у тым ліку медычный і адукацыйнай (школы, садкі, паліклінікі) – гэта першасныя патрэбы гараджан. Калі мы глядзім на савецкія спальнікі, то яны якраз гэтыя патрэбы больш-менш задавольваюць. Але калі мы кажам пра якаснае гарадское асяроддзе, то гэтае паняцце ўключае ў сябе дадатковыя кампаненты, а з гэтым ужо праблемы.
Крытэры, па якіх можна ацаніць камфортнасць спальных раёнаў
Забеспячэнне ўстойлівай мабільнасці
— Калі мы ўяўляем нейкі адлеглы ад цэнтра спальнік, мы адразу разумеем праблему: жыхарам гэтага раёна неабходна дабірацца да кропак прыцягнення – цэнтра горада, цэнтральнага кірмашу, раённай бальніцы альбо іншых кропак. Праблему з мабільнасцю трэба вырашаць у першую чаргу, — адзначыў Андрэй.
Пад «устойлівасцю» ў першую чаргу разумеецца экалагічнасць. Па-другое – эканамічная ўстойлівасць. Укладанні ў транспартную інфраструктуру мусяць не перацягваць на сябе вялікія аб’ёмы грошай, то бок быць эфектыўнымі і таннымі. Па-трэцяе, устойлівую мабільнасць можна разумець як носьбіт сацыяльнай функцыі. То бок тыя людзі, якія не могуць дазволіць сабе прыватны аўтамабіль, усё роўна павінны мець магчымасць зручна перасоўвацца па горадзе.
Грамадскі транспарт, роварная інфраструктура якраз вырашаюць такія праблемы. Ровары – найбольш эфектыўны сродак перасоўвання, асабліва для невялікіх і сярэдніх гарадоў. У той жа час для буйных гарадоў устойлівая мабільнасць мае на ўвазе наземны электрычны транспарт – тралейбусы, трамваі і гарадскую электрычку.
Безбар’ернае асяроддзе
Гэта не толькі якаснае пакрыццё ходнікаў, адсутнасць фізічных бар’ераў – высокіх бардзюраў, адаптаваныя лесвіцы, але яшчэ і адсутнасць нефізічных бар’ераў.
— Такой перашкодай, напрыклад, з’яўляецца асвятленне раёна, бо цёмная прастора можа стаць тым бар’ерам, які ў пэўных выпадках мы не можам пераадолець. Гэта пытанне таго, наколькі камфортна мы сябе адчуваем у той ці іншай прасторы, ці можам мы ўвогуле выходзіць на вуліцу ў цёмны час. Іншым нефізічным бар’ерам можна назваць і незразумелую навігацыю (альбо яе поўную адсутнасць), бо вельмі важна, трапляючы ў пэўны раён, зразумець, куды трэба рухацца, каб знайсці той ці іншы аб’ект, — тлумачыць Андрэй.
Якасная і шматфункцыянальная грамадская прастора
Гэта прастора, дзе прыемна бавіць час, камунікаваць. Гэта не толькі паркі і скверы, плошчы, гандлёвыя кропкі, але гэта і непасрэдна працоўныя месцы, якія ствараюцца ў гэтых прасторах, бо адна з галоўных праблемаў спальных раёнаў – тое, што людзі вымушаны выязджаць са спальнікаў у розныя месцы цягам дня, то бок пераадольваць вялікія адлегласці. Гэта становіцца праблемай, калі мы звернем увагу на аўтамабільны транспарт. Калі б у спальніку знаходзілася месца працы, месца, дзе можна набыць усе неабходныя тавары, а не толькі ежу, дзе можна прыемна пабавіць час, то ў нас не было б такой выразанай неабходнасці вандраваць кожны дзень з кропкі А ў кропку Б, якія знаходзяцца на кіламетровых адлегласцях – мы б здолелі перасоўвацца паміж імі пешшу альбо на ровары.
— Шматфункцыянальнасць – гэта якраз наяўнасць усіх гэтых фунцый у адной прасторы. У Мінску з такой характарыстыкай – бяда, у Гродне, думаю, таксама, бо гарады праектавалі адны і тыя ж савецкія планіроўшчыкі. І нават калі мы кажам пра сучасныя мікрараёны, часцей за ўсё яны будуюцца, адштурхоўваючыся ад тых нарматываў, якія засталіся яшчэ з савецкіх часоў. А тады многія рэчы не бралася пад увагу, — лічыць Андрэй.
Актыўныя супольнасці
Па словах урбаніста, калі першыя тры крытэры час ад часу надзяляюцца ўвагай, то пра актыўныя супольнасці задумваюцца значна радзей. У лепшым выпадку гарадскія ўлады не разглядаюць іх як ворагаў.
— Але прыклад нашай працы і досведу ў Мінску паказвае, што гэтае пытанне вырашальнае. Наладжваючы камунікацыю з гарадскімі ўладамі, можна давесці, растлумачыць, што актыўныя супольнасці таксама важныя. У першую чаргу менавіта яны павінны адказваць за тую прастору, якая знаходзіцца вакол іх дамоў. Часта мы бачым палісаднікі і іншыя прыкметы таго, што гараджане неяк працуюць з тым асяродкам, у якім жывуць. Але гэтых формаў павінна быць значна больш, для чаго неабходна муніцыпальная падтрымка і змены ў заканадаўстве.
Экалогія
У гэты крытэр уваходзіць цеплавая мадэрнізацыя будынкаў, якая ідзе зараз павольна, але адбываецца; эфектыўнае выкарыстанне водных, другасных матэрыяльных рэсурсаў, камунальных адкідаў. З імі можна шмат чаго рабіць.
— Калі ў двары існуе таварыства ўласнікаў жылля, то яно можа ў значнай ступені кантраляваць, што адбываецца з камунальнымі адкідамі, пластыкам і іншым смеццем. З гэтага нават можна атрымліваць пэўны прыбытак, што пойдзе на далейшае развіццё двара і раёна. У Беларусі я не ведаю такіх прыкладаў, але спадзяюся, да нас гэта таксама дойдзе. Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі – гэта тое, што досыць хутка распаўсюджваецца ў Еўропе. Добры прыклад Скандынаўскіх краінаў і Германіі, а таксама ўжо і суседняй Літвы. Напрыклад, у Каўнасе, Паневежысе цягам мадэрнізацыі на дахах дамоў усталявалі сонечныя калектары, якія вырабляюць энергію для ацяплення будынкаў, — узгадвае Андрэй.
Эксперты нават прапаноўваюць такім чынам забяспечваць энергіяй і цяплом не толькі ўласна дамы, але і іншых спажыўцоў, што можа набыць досыць вялікі масштаб.
У гэты крытэр таксама ўваходзіць так званая экалогія прасторы. Перш за ўсё – гэта як выкарыстоўваецца прастора паміж дамамі і якія функцыі выконвае.
— Напрыклад, адна з праблемаў спальных раёнаў складаецца з таго, што тая прастора, якая засталася паміж дамамі, невыразная. Мы можам бачыць там дзіцячыя пляцоўкі, паркоўкі, пэўныя зялёныя зоны. Пры тым гэта не парк, алея ці сквер, а прастора, якая не мае назвы і функцыянальнай выразнасці. Наяўнасць парковак (часам самаадвольных) і актыўных праездаў (часам – транзітных) робіць прастору небяспечнай, і ніяк не спрыяе адчуванню прыналежнасці да двара: паркоўкі павінны знаходзіцца па-за межамі дваравых тэрыторый.
Разам з тым урбаніст падкрэсліў, што пры будаўніцтве новых раёнаў і трансфармацыі старых вельмі важна не проста кіравацца вышэй пералічанымі крытэрамі, бо гэтага недастаткова. Неабходна ўлічваць у першую чаргу тое, што думаюць, як уяўляюць сваю прастору непасрэдныя жыхары. Гэта не можа быць толькі ініцыятыва ўладаў ці бізнэсу. Улада і бізнэс павінны гэта ўсё рабіць разам з жыхарамі – існымі альбо патэнцыйнымі.
— Самі людзі могуць рабіць сваю дваравую прастору лепшай розным чынам. За кожную прастору адказваюць мясцовыя органы кіравання. Але ніхто не адмяняў ініцыятывы знізу. Людзі могуць аб’яднацца ў таварыства ўласнікаў жылля. Яно не мае шырокіх паўнамоцтваў, але гэта адна з прыладаў, з дапамогай якой можна змяніць свой дом і прылеглую прастору. Яшчэ адзін механізм – калі па тэрытарыяльнай прыкмеце аб’ядноўваюцца жыхары некалькіх дамоў – КТГС (Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання). КТГСы могуць удзельнічаць у развіцці тэрыторый, займаюцца адвакатаваннем інтэрасаў мясцовых жыхараў у органах мясцовай улады. У Беларусі ёсць легальныя падставы для такіх аб’янанняў, але на прыктыцы КТГСы не вельмі ў нас прыжыліся. Трэці механізм — калі людзі проста збіраюцца, без юрыдычных афармленняў, ідуць у мясцовыя органы кіравання, дзе супольна прапануюць нейкую ідэю. Калі адміністрацыя разумее, што ініцыятыва не патрабуе значных фінансавых укладанняў і высілкаў, то яна часцей за ўсё ідзе насустрач. Гэта добрая практыка, дзякуючы якой можна змяняць, напрыклад, двары, — рэзюмаваў Андрэй.
Зразумела, што кожны чалавек хоча жыць у прыгожым, утульным, камфортным месцы. У нашу краіну прагрэс еўрапейскіх гарадоў ідзе вельмі павольна. Тым не менш, асэнсаваўшы, што гэты горад – наш, мы можам пачаць з малога, ператвараючы свае асабістыя двары ў месцы, куды хочацца вяртацца кожны дзень.