25.01.2017 / 21:01

У рэдакцыю Зялёнага партала ізноў звярнуўся з лістом вядомы беларускі навуковец, доктар біялагічных навук, прафэсар, галоўны навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Вадзім Сідаровіч. На гэты раз ён разам з калегамі, кандыдатамі біялагічных навук загадчыкам лабараторыі тэрыялогіі Рыгорам Янутам і вядучым навуковым супрацоўнікам Ірынай Салавей, звяртаюць увагу на тое, як вядзецца падлік жывёл ва ўжо добра знаёмым нашым чытачам заказніку «Налібоцкі».

Навукоўцы супраць такіх падлікаў

«Не першы год у заказніку «Налібоцкі» ладзяць прагонна-шумавыя падлікі капытных і драпежнікаў. Дарэчы кажучы, у гэтых падліках удзельнічаюць аматары пафільмаваць жывёлак-уцекачоў, тады як гэтыя жывёлкі адзіна заклапочаныя думкаю ўратаваць сваё жыцьцё ад гвалту прагону, што абваліўся на іх гэтак нечакана ў разгар зімовай сцюжы, — пішуць навукоўцы. — Калі хто не ведае, што такое прагонна-шумавыя падлікі капытных і драпежнікаў у заказніку «Налібоцкі», то гэта лёгка растлумачыць на прыкладах іхніх інтэрнэт-справаздач:

Наколькі мы ведаем з гэтых інфармацыйных крыніц, а таксама ад удзельнікаў, у агульных рысах гэтакія прагонна-шумавыя падлікі выглядаюць наступным чынам. Дырэктар заказніка «Налібоцкі» Васіль Уладзіміравіч Гуркоў, як іх арганізатар, збірае прагоншчыкаў з ліку супрацоўнікаў заказніка і аматараў з ліку студэнтаў-паляўнічазнаўцаў Беларускага тэхналагічнага універсітэта, а таксама ўжо ўзгаданых фотааматараў за ўцякачамі. Мінулым годам да іх далучыліся нават дзве роты жаўнераў.

Часам падлікі адбываюцца з удзелам сабак, аб чым сведчыць фота з прагоннага рэпартажу.

А гэта не дазволена рабіць у заказніку, бо забаронена законам.

Усе гэтыя людзі размяркоўваюцца на дзве групы: адна шчыльным ланцугом гучна і з крыкамі прачосвае значны кавалак прыроднага асяроддзя, тады як другая частка удзельнікаў чакае жывёлак-уцекацоў, каб іх падлічыць і зафільмаваць.

На першы погляд, няма нічога асуджальнага — нармальная дзейнасць заказніка. Але гэта толькі на першы і павярхнёвы погляд на гэткую вусцішную падзею. Мы, як эколагі са значным стажам працы і спецыялісты-тэрыёлагі, хацелі б даць экалагічную ацэнку такім падзеям і іхнім негатыўным наступствам на гэтай слыннай тэрыторыі пад дзяржаўнай аховай. Насамрэч, ёсць пільная патрэба выказаць гэта, бо паляўнічыя, як «авангард беларускіх эколагаў», аб гэтым, як падаецца, не мяркуюць.

 

Першае адмоўнае наступства

Узімку капытныя жывёлы канкурэнтна размеркаваныя па сваім дзялянкам. Гэта як асабістая хата, што надта патрэбная ў прыватным карыстанні, каб перажыць цяжэйшыя часы. Гвалтоўнае выгнанне іх са сваіх месцаў (інакш гэта цяжка абазваць) у канкурэнтнае і не сваё асяроддзе (занятае іншымі гэтакімі жа жывёламі) надта пагаршае іх мажлівасці пракарміцца і выжыць. Ад выгнання і сутыкнення з сабе падобнымі на чужой тэрыторыі (а ў аленяў і ласёў гэта можа быць даволі жорстка) выгнаннікі без сумлеву аслабляюцца, і іхнія шанцы загінуць шматкроць павялічваюцца.

Хочацца сказаць і пра пагрозу ад гэтага зубрам. Як ужо прыгадвалася ў папярэдніх публікацыях, яны і без прагону, у нармальным іхнім жыцці нярэдка гінуць у заказніку ў затарфаваўшыхся асушальных канавах. Таму не падлягае сумлеву, што, апантана ратуючыся ад жудаснага вэрхалу загоншчыкаў, верагоднасць зуброў захраснуць відавочна павялічваецца.

 

Другое адмоўнае наступства

Прагон капытных жывёл па зімоваму шаруну ды проста па друзламу ільдападобнаму снегу цягам некалькіх кілометраў (менавіта гэтак адбываецца пры прагоне) абразіўна калечыць іхнія ногі. Напрыклад, абразіў ног у ласёў — надта вядомы чыннік іхняй зімовай смяротнасці паўсюдна ў арэале гэтага віду. Знаходзячыся ў гэтакіх умовах, ласі і алені ступаюць ашчадна, а пры прагоне — бягуць, ратуючыся, не ашчаджая ног, бо ім падаецца, што прыйшлі за іхнім жыццём.

 

Трэцяе адмоўнае наступства

Налібоцкую пушчу і перш за ўсё заказнік «Налібоцкі» стаў засяляць буры мядзведзь — рэдкі, пагражальны від нашай фаўны. Зімоўка ў мядзведзяў ёсць «Ахілесава пята» іхняга выжывання і рэпрадукцыі.

Сагнаныя з мярла мядзведзі маюць значна большыя шанцы загінуць, а мядзвежая матка, сагнаная ад мядзведзенят, ніколі да іх не вяртаецца.

  • Гэта шырока вядома ў свеце ў межах усяго мядзвежага арэалу. Таму прагонна-шумавыя падлікі ў заказніку «Налібоцкі» — гэта сапраўды біч для аднаўлення тамака мядзвежай папуляцыі.

І напрыканцы этычны аспэкт гэтай справы. З пазыцыі рупліўца аховы прыроды гэта — гвалт над жывёлкамі, і падчас прагонна-шумавых падлікаў у заказніку «Налібоцкі» гэтаму гвалту абучаюцца маладыя людзі (студэнты і жаўнеры), што можа быць з цягам часу перанесена імі ў сфэру людскіх стасункаў. Хто ведае? Гэта таксама пільнае пытанне.

Хтось спытае: «А якая альтэрнатыва падлікам?» Яна ёсць і нават зацверджана на дзяржаўным узроўні як асноўны мэтад падлікаў капытных — гэта ЗМУ. Ёсць таксама даволі выпрабаваны мэтад падліку капытных па колькасці іхніх зімовых аправак, які дае не толькі ацэнку лічэбнасці жывёл, але ў дадатак і іх біятапічнае размеркаванне, што надта істотна для іх аховы. Гэтыя мэтады бяскрыўдныя і танныя.

Ёсць даражэйшы і больш дакладны — авіяпадлікі. Акрамя таго, бестурботнае ўжыванне фотапастак таксама ўсё больш і больш распаўсюджваецца для падлікаў капытных. То бок існуюць годныя альтэрнатывы.

Ёсць і пытанне аб патрэбе заказніку падлікаў жывёл. Бо гэта — больш задача заолагаў і эколагаў, тады як асноўная мэта заказніка — забяспечыць натуральнае развіццё жыцця прыроды на ахоўваемай тэрыторыі і спыніць браканьераў.

Мы разумеем, што прагонна-шумавы мэтад падліку капытных не забаронены да гэтай пары. Але рабіць гэтакі вэрхал у спакоі прыродаахоўнай тэрыторыі, выганяючы жывёлак са свайго месца на выпрабаванне лёсу, а таксама гвалціць цяжкія спробы бурага мядзведзя аднавіць сваю папуляцыю ў заказніку, падаецца нам недапушчальным і хочацца сказаць гэтаму сваё “Не!”», — скончылі ліст навукоўцы.

 

«Было б вельмі добра, каб падлікі праводзілі больш кваліфікаваныя спецыялісты»

Ці сапраўды зімовы прагонна-шумавы метад шкодны для жывёл у «Налібоцкім» і ці патрэбна, каб падлік жывёл праводзілі ў заказніку яго працаўнікі? Пракаментаваць турбаванні навукоўцаў НПЦ па біярэсурсах мы папрасілі намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ігара Качаноўскага.

Па яго словах, сітуацыя ў заказніку «Налібоцкі» добра вядомая спецыялістам Мінпрыроды. І асаблівых падстаў турбавацца няма. Метады ўліку жывёл, якія могуць быць там выкарыстаныя, вырашаюць у Міністэрстве лясной гаспадарцы, якому падпарадкуецца заказнік. Прагонна-шумавы метад уліку ёсць ў зацверджаных у Беларусі нарматыўных дакументах (ТКП), і таму заказнік нічога не парушае, калі яго выкарыстоўвае.

Ігар Качаноўскі паведаміў, што падлік жывёл уваходзіць у абавязкі лесакарыстальнікаў, і таму натуральна, што працаўнікі заказніка арганізоўваюць і праводзяць падлікі. Кантроль за якасцю іх правядзення здзяйсняюць спецыялісты Мінпрыроды і Мінлясгаса.

«Было б вельмі добра, каб падлікі жывёл праводзілі больш кваліфікаваныя спецыялісты, заолагі, але такіх, як Вадзім Сідаровіч, у Беларусі адзінкі, яны не могуць праводзіць улікі паўсюль у краіне, дзе гэта патрэбна», — адказаў намеснік міністра.

Што датычыцца пагрозы прагонна-шумавых ўлікаў для мядзведзяў, то, на яго думку, малаверагодна, што яны могуць нашкодзіць. Улікі не праводзяцца ў глухіх месцах, дзе зімуюць мядзведзі, і да таго ж сабакі не выкарыстоўваюцца, лічыць спецыяліст Мінпрыроды.

 

Іншыя метады таксама дыскусійныя

Ці ёсць праблема з прагонна-шумавым метадам уліку ў заказніку «Налібоцкі», мы таксама спыталіся ў іншых спецыялістаў-заолагаў і паляўніцтвазнаўцаў і вось якія тлумачэнні атрымалі.

Так, многае з таго, што ёсць у звароце Вадзіма Сідаровіча і яго калег, актуальна. Аднак пры правядзенні ўлікаў кіраўніцтва заказніка карыстаецца нарматыўнымі дакументамі, дзе прапісана, як іх праводзіць. Таму не трэба адразу вінаваціць дырэктара заказніка Васіля Гуркова ў самадзейнасці. Магчыма, трэба змяніць сам нарматыўны дакумент (ТКП), канкрэтызаваць метады і спосабы правядзення.

Прагонны метад дастаткова дакладны, і ён часта выкарыстоўваецца за мяжой. Але гэта не распрацоўка мясцовых паляўнічых. Метад патрабуе шмат выдаткаў на правядзенне, таму ў Беларусі выкарыстоўваецца абмежавана. Да таго ж ён, як і іншыя метады ўліку, дастаткова дыскусійны. Для мінімізацыі наступстваў прагона для жывёл мае сэнс праводзіць яго ў лістападзе-снежні, калі снега яшчэ мала і няма наледзі.

Дарэчы, не кожны год напрыканцы лютага — час, калі традыцыйна праводзяць прагон у заказніку «Налібоцкі» — ляжыць снег. У любым выпадку жывёл турбуюць, калі гоняць, але звычайна яны досыць хутка вяртаюцца да тых месцаў, адкуль іх выгналі.

Мядзведзь у Налібоцкай пушчы сапраўды ёсць, ён там зімуе, і з гэтым трэба лічыцца. Па-першае, ад якасьці працы навукоўцаў, ляснікоў і падлоўчых залежыць, ці ёсць дакладная інфармацыя аб месцах, дзе зімуюць крывалапыя.

Па-другое, гэтыя месцы не павінны быць шырокавядомымі з меркавання бяспекі для рэдкіх жывёл і надзейна ахоўвацца. У першую чаргу менавіта там не трэба праводзіць загонныя паляванні і падлікі прагонам.

 

Канфлікт двух поглядаў

Увогуле на праблему, на якую звярнуў увагу Вадзім Сідаровіч і яго каллегі, трэба глядзець больш шырока. Чым больш мы разбіраліся ў праблеме, тым больш нам здавалася, што канфлікт у заказніку — гэта канфлікт двух падыходаў, двух поглядаў на лесакарыстанне. Увогуле вынікае, што паляванні і экалагічны турызм не сумяшчальныя, і, у рэшце рэшт, спробы іх сумясьціць церпяць паразу. Выбар робіцца на карысць аднаго з гэтых накірункаў.

Як нам паведаміў дырэктар заказніка Васіль Гуркоў, прагонна-шумавыя ўлікі з фатаграфаваннем жывёл праводзяцца ў «Налібоцкім» 8 год запар. У гэтым годзе яны таксама адбудуцца — напрыканцы лютага.

Традыцыйна да ўдзелу ў падліках запрашаюць фотааматараў, прадстаўнікоў СМІ і студэнтаў. Яны прыцягваюць да сябе ўвагу і прафесійных фатографаў дзікай прыроды. Але некаторыя з іх па выніках свайго ўдзелу ў папярэдніх мерапрыемствах засталіся расчараваныя. Бо, калі ў адных і тых жа месцах штогод праводзяцца паляванні, звяроў стае менш.

Але Васіль Гуркоў не палічыў патрэбным абмяркоўваць метады ўліку жывёл, якія прымяняюць спецыялісты ў заказніку.

«Гэта тэма для абмеркавання ў коле навукоўцаў, а не сярод шырокай грамадзкасьці на Зялёным партале, — сказаў ён. — У заказніку мы выкарыстоўваем метады ўліку, узаконеныя ТКП, у адрозненні ад тых невядомых метадаў, якімі карыстаецца Вадзім Сідаровіч пры падліках, напрыклад, ваўкоў».

Дырэктар параіў удакладніць у прафесара Сідаровіча, па якой методыцы той праводзіць улік ваўкоў ў Налібоцкай пушчы. Бо, на думку Васіля Гуркова, навуковец дзейнічае і піша звароты з меркавання развіцця ўласнага бізнэсу ў заказніку. Сідаровіч запрашае турыстаў, паказвае ім норы ваўкоў і бярлогі мядзведзяў, пры гэтым сам турбуе жывёл сваёй дзейнасьцю, а папракае працаўнікоў заказніка, патлумачыў суразмоўца.

У заканчэнні нашай размовы дырэктар «Налібоцкага» запрасіў журналістаў Зялёнага партала прыняць удзел у традыцыйных прагонна-шумавых фотаўліках, якія адбудуцца прыкладна праз месяц, і пабачыць усё сваімі вачыма.

Автор:
Фотограф:
Сяргей Плыткевіч, Аляксандр Батура / wildlife.by, Вадзім Заміроўскі / tut.by, Вадзім Сідаровіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость