25.01.2021 / 10:01

Карысную праграму спампавалі ўжо больш за 12 000 карыстальнікаў.

Штодзень у сацсетках з’яўляюцца дзясяткі абвестак пра згубленых катоў і сабакаў. Прасачыць за ўсімі аб’явамі практычна немагчыма. Каманда Petsi вырашыла падысці да гэтай праблемы з інавацыйнага боку. Яны выкарысталі штучны інтэлект, каб параўновываць фотаздымкі і паказваць, на каго падобна знойдзеная жывёла.

Гэта мабільны дадатак, створаны ў Мінску ў межах працы міжнароднага айці-інкубатара – “Айти Бэнд Системс”. Праграма працуе на Android і iOS. За мінулы год яна дапамагла вярнуцца дадому мінімум 25 гадаванцам у Беларусі (па водгуках людзей, якія пакідалі абвесткі аб прапажы). Да таго ж у сярэдзіне 2020-га распрацоўшчыкі запусцілі англамоўную версію – і Petsi ўжо спампавалі ў больш чым у 75 краінах.

Даволі часта праблема ў тым, што згубленага сабака бачаць, але дапамагчы яму не могуць. У людзей не хапае часу, вопыту ці проста жывёла ў стрэсе нікога да сабе не падпускае. У такім выпадку ўсё, што можна зрабіць, – гэта фота. Можна закінуць яго ў спецыялізаваныя суполкі ў сацсетках, але ж не факт, што гаспадар яго ў прынцыпе ўбачыць. А вось, калі яго адправіць у Petsi, то штучны інтэлект адразу паспрабуе знайсці гадаванца ў базе і, калі ён там ёсць, дасць кантакты гаспадароў.

Зараз у праграме размешчаны больш за 2500 актыўных аб’яў – хто згубіўся ці знайшоўся – і зарэгістравана больш за 4000 гадаванцаў. Распрацоўшчыкі рэкамендуюць усім на ўсялякі выпадак дадаваць сваіх жывёл у базу. Калі ваш сабака ці кот ужо ёсць у сістэме, зрабіць абвестку пра знікненне можна ў адзін клік – гэта зэканоміць каштоўны час пошукаў.

 “Першапачаткова была ідэя, каб людзі фатаграфавалі жывёлу, а ім адразу паказвалі аб’яву і кантакты гаспадара, – так Ксенія Папова, аўтарка праекта, тлумачыць, як працуе разумны пошук.

– Гэту ідэю дапамог рэалізаваць штучны інтэлект і тэхналогіі нейронных сетак, якія і ажыццяўляюць пошук па фота. Такой тэхналогіі няма ні ў адной актыўнай праграме для пошуку хатніх жывёл. Таму Petsi эфектыўная”.

Праграма працягвае развівацца, і распрацоўшчыкі дадаюць у яе новыя карысныя функцыі. Напрыклад, апошнім часам стала магчыма атрымліваць пуш-паведамленні, калі ў радыусе 3 кіламетраў ад вас нехта згубіўся. Такім чынам, выходзячы з дому, людзі могуць быць больш пільнымі і заўважыць гадаванца. Да таго ж праграма ўмее генерыраваць аб’явы, якімі можна адразу падзяліцца ў сацыяльных сетках.

“У прынцыпе місія Petsi – дапамагаць чатырохногім сябрам праз сучасныя тэхналогіі. У планах пашыраць ідэю па некалькіх напрамках. Разглядаем інтэграцыю з прытулкамі, дапамогу ў падборы гадаванца, стварэнне спісаў правераных заводчыкаў і догфрэндлі месцаў, – расказвае Ксенія.

– Мы заўсёды грунтуемся на зваротнай сувязі ад карыстальнікаў. У нас ёсць свой план, але калі мы бачым, што зараз людзям неабходна іншая функцыя, то мы можам яго памяняць. У нас гнуткая распрацоўка”.

У самой аўтаркі праекта таксама жывуць два сабакі, якіх яна калісьці забрала з вуліцы. Ксенія разам з маці ўжо 13 гадоў дапамагае шукаць жывёлам дом. І шмат сабакаў і катоў ужо знайшлі пад іх куратарствам новыя сем’і.

Але ж, на жаль, армія бясхатніх жывёл рэгулярна папаўняецца тымі, хто згубіўся ці выпадкова збег з хаты. Petsi дапамагае вырашаць гэту праблему і паскарае шчаслівыя сустрэчы чатырохногіх і іх гаспадароў.

Автор:
Фотограф:
Pexels.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость