25.02.2015 / 09:02

Мясцовыя жыхары дамагаюцца ад раённага начальства, каб тое прыпыніла будоўлю чарговага свінакомплекса на 24 тысячы галоў за 2 кіламетры ад вёскі. Раённае начальства адказвае, што ўсё робіцца паводле санітарных правілаў, і працягвае будоўлю. Жыхары Гудзевічаў збіраюць подпісы пад скаргай у вышэйшыя інстанцыі.

Вёска Гудзевічы Мастоўскага раёну лічыцца аграгарадком. Сучасная школа, шыкоўны дзіцячы садок, дыхтоўныя дамы з газам і іншымі камунікацыямі, кампутары, інтэрнэт — усё як мае быць, дарогі пераважна асфальтаваныя. Знешне ўсё выглядае нібыта добра, — кажа мне спадарыня старэйшага веку, — але трэба паглядзець, чым мы за гэта плацім.

І праўда, калі выходзіш з машыны ў Гудзевічах, адразу адчуваеш пах фермы, яго цяжка з нечым зблытаць. Ужо на месцы высвятляецца, што фермы — наўкола. Спадарыня Галіна, мясцовая жыхарка пералічвае:

— Свінакомплекс "Іскра" на 12 тысяч галоў свіней. І "Ляткі" — яны ўсяго за 600 метраў ад вёскі, іх відаць ад школы. "Поплава" — таксама за 600 метраў, далей "Рэмутаўцы" Бераставіцкага раёну — 6 кіламетраў. А цяпер яшчэ пачалася будоўля свінакомплекса на 24 тысячы галоў свіней паблізу вёскі Пачуйкі, але ўжо Ваўкавыскага раёну.

а

Кантора Гудзевіцкага сельгаспрадпрыемства
Кантора Гудзевіцкага сельгаспрадпрыемства

Вось гэтай апошняй будоўляй і незадаволеныя вяскоўцы. Спадарыня Галіна апавядае: чашу цярпення перапоўніла тое, што ўлады не дазваляюць вяскоўцам трымаць свіней, якія былі для іх папросту паратункам, бо гэта і дадатковыя грошы ў сям’ю, і свае харчы. Апроч гэтага, у Гудзевічах з крана і калодзежаў немагчыма стала піць ваду.

Даўгабуд у Гудзевічах — недабудаваны басейн
Даўгабуд у Гудзевічах — недабудаваны басейн

З гэтае прычыны на патрабаванне вяскоўцаў склікалі сход. Прыехала начальства з Мастоў. Людзі скардзіліся і патрабавалі прыпыніць будоўлю свінакомплекса. Іх выслухалі і адказалі, што нічога ніхто спыняць ня будзе, паколькі будоўля вядзецца ў адпаведнасці з экалагічнымі і санітарнымі нормамі.

Пра гэта мне ўжо расказваюць два мясцовыя спадары. Яны кажуць, што ўжо цяпер у іхняй вёсцы ваду нельга піць ні з крана, ні са студні, бо ў ёй у разы перавышанае ўтрыманне нітратаў.

Вуліца ў Гудзевічах
Вуліца ў Гудзевічах

— Во, паглядзіце, рэчка побач, — кажа спадар Алесь. — І колькі ўжо туды пацякло — і пра гэта ніхто нічога не кажа...

Спадар Мікалай дадае, што яны тут выраслі і памятаюць гэтую рэчку з дзяцінства:

— Мы раней тут купаліся, а цяпер сюды немагчыма нават нагу ўсунуць. І ўсё гэта ўжо вынік таго, што ў нас існуе адзін свінакомплекс, таму мы і абураемся, што за два кіламетры будуюць яшчэ адзін. Усе гэтыя праблемы прыйдуць хутка да нас.

Будоўля новага свінакомплексу
Будоўля новага свінакомплексу

— Яны нам кажуць пра сучасныя тэхналогіі. Але мы пражылі сваё і добра ведаем гэтыя тэхналогіі. Вывад мы бачым у натуры на сваім жыцці, — упэўнена канстатуе спадар Алесь.

— Мы адчуваем гэта ад вады, ад водараў, якія ў нас не праходзяць, асабліва калі вецер дзьме са свінакомплекса.

— І ваду немагчыма піць нават з калодзежа. Правяралі, там нітраты ў разы. А колькі гадоў мы звярталіся да мясцовага начальства, каб нешта выправілі з вадой, але ніхто ані слова ў адказ.

Свінакомплекс на 12 тысяч галоў за 600 метраў ад Гудзевічаў
Свінакомплекс на 12 тысяч галоў за 600 метраў ад Гудзевічаў

Спадарыня Галіна дадае, што ў Гудзевічах аж тры воданапорныя вежы. Але дзве закрыла санстанцыя з-за высокай прымесі нітратаў, а з трэцяй вежы ўсім не хапае вады, асабліва тым, хто жыве ў шматкватэрных дамах на верхніх паверхах.

Гудзевіцкія спадарыні скардзяцца, што пасля забароны трымаць свіней у прыватнай гаспадарцы яны зусім збяднелі, бо заробкі малыя, а купляць тое самае мяса трэба ехаць у Масты альбо ў Горадню — за 30 альбо 50 кіламетраў. Да таго ж, маўляў, шмат у каго дзеці, якіх трэба вучыць у горадзе, плаціць за навуку і кватэру, карміць...

Адна спадарыня паказвае свой разліковы квіток за месяц і цытуе:

— Ну вось я працую 7 гадзін у дзень. Аклад: 1 232 500, матэрыяльная дапамога — 133 тысячы, прэмія, шкоднасьць і даплата да мінімальнага заробку. Усяго выходзіць — 2 352 865 рублёў. Гэта заробак за месяц у прыбіральшчыцы. А ў нас тут пераважная большасць людзей атрымлівае такія заробкі.

Спадарыня Ірына кажа, што хоць і жывуць яны на вёсцы, але за камунальныя паслугі пры такіх заробках даводзіцца плаціць ад 500 тысяч да мільёна рублёў. Нават за дзіцячы садок у месяц плацяць па 500 тысяч.

Дзіцячы садок у Гудзевічах — гонар вёскі
Дзіцячы садок у Гудзевічах — гонар вёскі

 Карацей кажучы, я апошні раз нават не за ўсё заплаціла, бо грошай не было, а аддала 600 тысяч. А гэта яшчэ не ўсё...

Спадарыні кажуць, што на вёсцы без свіней ім выжыць будзе вельмі складана. А цяпер ветэрынары часцей ладзяць разам з міліцыянтамі праверкі — ходзяць па хлявах і правяраюць, ці не трымаюць людзі свіней. Літаральна ўчора была чарговая такая праверка. Кажа спадарыня Алена:

— Хадзілі галоўны ўрач раёну і міліцыянт, пагражалі, загадвалі адчыніць хлеў. Мой муж сказаў, што вы павінны халаты мець, дык яны крыкнулі: давай сваё адзенне. І такім нахабным чынам патрабавалі, каб адчынілі хлеў, у тым ліку і міліцыянт.

Ферма ў Гудзевічах пры ўездзе з боку Мастоў
Ферма ў Гудзевічах пры ўездзе з боку Мастоў

Што ш адказала вам раённае начальства на агульным сходзе? Людзі ўсе адказваюць неахвотна:

— Ніхто нас не чуе — з крыўдай кажа спадар Алесь. — Адзінае, што яны чуюць: у нас ёсць пастанова, і я вам усё сказаў. А што ён нам сказаў, мы нічога не зразумелі.

— Нам сказалі: каго, маўляў, нешта не задавальняе, то кругом дарога адкрыта, — з крыўдай у голасе канстатуе спадарыня Тацяна. — Маўляў, едзьце куды хочаце, хоць у Італію. Гэта нам старшыня райвыканкаму так адказаў. А тое, што мы есці таксама хочам, то на нас ніхто не ўслухаецца. І тое, што мы ў гэтым калгасе адпрацавалі па 40–45 гадоў, на гэта ніхто не звяртае ўвагі. Нават паштоўкі на свята — і то не прышлюць. Як непатрэбнае рыззё выкінулі нас, і ўсё. Нікому мы тут не патрэбныя...

Пазьней спадарыня Галіна паказала мне адказ з Мастоўскага райвыканкаму на скаргу жыхароў Гудзевічаў аб прыпыненні будоўлі свінакомплекса і патрабаванні дазволу на ўтрыманне свіней. Там так і напісана, толькі са спасылкамі на артыкулы пастаноў і загадаў: забараняецца трымаць свіней фізычным асобам у радыюсе не менш за два кіламетры... А ў выпадку нязгоды маеце права звярнуцца ў абласны выканаўчы камітэт...

Источник:
Фотограф:
svaboda.org
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость