Праект размяркоўвае рэчы, якія аказаліся непатрэбныя гаспадарам, сярод падшэфных інвалідаў і шматдзетных сем’яў, а невялікую частку прадае, каб акупіць лагістыку і ўтрыманне склада. Паглядзіце на інтэр’ер і асартымент новай крамы.
Жыццёвы цыкл рэчаў у KaliLaska
Прыём рэчаў адбываецца ў памяшканні з уваходам з мінскага двара на Альшэўскага 1/4. Сталага раскладу няма, па запаўняльнасці склада. Хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час рэчы будуць прымаць па серадах і праз суботу. Калі хочаце нешта здаць, варта сачыць за раскалдам на сайце ці ў Інстаграме праекту KaliLaska.
Прымаюць практычна ўсё: адзенне, кнігі, посуд, тэхніку, хатняе начынне, прадметы інтэр’еру. Потым ідзе сарціроўка. У камандзе праекту 6 работнікаў і 30 валанцёраў. Менш за 15 чалавек адначасова на офісеў ў прыёмный дзень не бывае.
Старыя цяжкія футра і паліто KaliLaska аддае ў сабачы прытулак. Наталля Гарачая, куратар праекта, тлумачыць: “Нават бабулі ў вёсцы сёння ўжо больш трэба пухавік. Калі мы бачым, што рэч не будуць насіць, то яна ідзе ці сабачкам на падсцілкі, ці на перапрацоўку. У нас ёсць два падрадчыкі, якія літаральна перамолваюць непатрэбныя рэчы на розныя уцяпляльнікі. Некаторыя рэчы самі чынім ці перарабляем – ставім аплікацыі на невыводныя плямы, чынім біжутэрыю, шыем торбы-шоперы. Гэты накірунак дзейнасці ў нас будзе пашырацца, зробім майстэрню KaliLaska, можа, будзем наймаць туды людзей. Ужо знайшлі партнёраў, якія чыняць абутак. Зусім невялікая частка таго, што нам прынеслі, вывозіцца на смеццевы палігон. Гэта абутак з дзіркамі ў падэшвах, вельмі старыя цацкі, ужо ліпкія. Людзі не разумеюць, што гэтыя рэчы ўжо нельга выкарыстоўваць, шчыра хочуць працягнуць ім жыццё. Нам і кветкі жывыя ў гаршках аддаюць, мы іх рэабілітуем, пакуль што не прадаем”.
Людзі, якім трэба дапамога, накіроўваюць у KaliLaska заяўкі і ім падбіраюць патрэбныя рэчы. Адпраўляюць і за межы Мінска, па ўсёй Беларусі. За 2020-ы вырасла колькасць запытаў аб дапамозе: праз закрытыя межы ў Беларусь трапляла менш, чым звычайна, гуманітарнай дапамогі. Праект існуе восем гадоў. Раней найбольш апякаўся шматдзетнымі сем'ямі, а цяпер дапамагае пераважна людзям з інваліднасцю, бяздомным, сіротам, пагарэльцам, пенсіянерам.
На продаж трапляе каля 5% адсартыраваных рэчаў. У краме няма дзіцячага адзення, спартыўнага, вялікіх памераў. Няма і тэхнікі. Гэта рэчы, якія ў першую чаргу трэба людзям, якімі апякуецца KaliLaska. Таму нават калі яны вельмі якасныя, брэндавыя і маглі б добра прадацца, праект іх адразу адкладае для сваіх падапечных. Іх колькасць увесь час расце, як і колькасць прынятых ад насельніцтва рэчаў. Наталля Гарачая прыгадала, што ў 2017-м цяжкім прыёмным днём у KaliLaska лічыўся той, калі прынеслі 515 кг рэчаў. А ў 2021-м праект у сярэднім прымае за дзень10 тон (прыёмных дзён – 1–2 на тыдзень), а часам і да 17 тон.
Крама
З 25-га лютага крама KaliLaska будзе працаваць з 10.00 да 20.00 без выходных па адрасе Кальварыйская, 21, памяшканне 106. Гэта на вонкавым перыметры мінскага культурна-дзелавога квартала К21 на метро Маладзёжная. Крама вырасла ўдвая ў параўнанні з папярэдняй лакацыяй у культурным цэнтры «Корпус». Цяпер яна займае 100 м2. Там умоўна чатыры зоны. Ля ўваходу стэлаж з кніжкамі, але гэта не буккросінг, выданні каштуюць ад 4 рублёў. Насупраць кніжак – скрынкі з пластыкавымі і папяровымі пакетамі, якія могуць браць пакупнікі. Гэта тыя ж пакеты, у якіх у KaliLaska здаюць рэчы. Безадкідная справа!
Проста насупраць увахода – зала з ужываным адзеннем, абуткам, торбамі-шоперамі і дамскімі торбачкамі. Налева – зона з упрыгожваннямі, гадзіннікамі, сонечнымі акулярамі, посудам, цацкамі і рознай драбязой. Далей – дызайнерская зона. Там таксама посуд і цацкі, яшчэ нататнікі, паштоўкі, мыла. Гэта новыя hand made рэчы, якія майстрам па нейкай прычыне складана прадаць: выйшлі з моды, невялікія дэфекты. У краме KaliLaska яны выстаўлены па ніжэйшых, чым звычайна, коштах.
У дызайнерскай зоне працуе кавярня. Пасядзець можна за парай столікаў. Інтэр’ер у краме вельмі стылёвы: цэглу пафарбавалі ў белы колер, камунікацыі адкрытыя.
“Дабрачыннасць павінна быць сімпатычнай”, – кажа Наталля Гарачая.
Што можна набыць: выбар рэдакцыі
Мыла ручной работы за 12 рублёў
Сукенкі ад 16 да 22 рублёў. Зялёная – ад Tom Farr.
Сумачка за 25 рублёў.
Мужчынскія чаравікі ад Wojas за 25 рублёў
Скураны гарсэт за 20 рублёў
Спадніцы па 14 рублёў
Зялёныя шклянкі па 3 рублі
Гаршочкі, зробленыя ў традыцыйнай для беларускай народнай керамікі тэхніцы “абварвання” па 5 рублёў
Гульня дзяцінства, якую не заспелі міленіялы – Тэтрыс. 4,5 рублі.
Кніжкі кішэннага фармату з “інтэлектуальных” серый па 4 рублі
Каму гэта ўсё трэба
Хто падапечныя праекта, мы ўжо зразумелі: людзі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. А хто ж здае дзясяткі тон рэчаў, каб KaliLaska працавала, і хто потым іх купляе?
Мэтавая аўдыторыя праекту – тыя хто настроены падтрымаць экалагічны падыход да выбару рэчаў. KaliLaska падтрымлівае экаактывізм як рысу сучаснага, файнага чалавека, які гатовы думаць пра будучыню і працягваць жыццёвы цыкл рэчаў. Расце свядомасць людзей і праект становіцца ўсё больш запатрабаваным. Людзі хочуць дапамагаць іншым і адказна ставіцца да спажывання.
Наталля Гарачая адзначае, што праекту KaliLaska трэба час і граматнае інфармаванне патэнцыйнай аўдыторыі. “Усё вельмі павольна, але развіваецца, – кажа куратарка. Мы выдатна павольна ідзем”.