25.04.2016 / 08:04

«Трэба было мне сюды дачку сваю ўзяць, ёй бы дакладна тут спадабалася», - смяецца адзін з супрацоўнікаў ДАІ і з энтузіязмам пачынае ўпраўляцца з рыдлёўкай. 23 красавіка каля Гарадзенскага дзіцячага хоспіса можна было заўважыць дзясяткі мужчын з граблямі, сякерамі, рыдлёўкамі ды фарбамі. Падчас суботніка супрацоўнікі хоспіса, ДАІ Гродна і дзіцячай паліклінікі №2 разам ператварылі тэрыторыю каля будынка ўстановы ў «Каляровы дворык».

ДАІ прапанавала свае рукі, а хоспіс прыдумаў ідэю – зрабіць двор больш утульным і прыгожым для дзяцей і іх бацькоў. Працы аказалася шмат: трэба было ўпарадкаваць тэрыторыю, усталяваць ды расфарбаваць лаўкі і пясочніцу, высадзіць піхты, кветкі і іншыя расліны.

Гук дрылі, пах фарбы, кароткія каманды адзін аднаму. «О, я трапіў у кадр з граблямі, значыць, справа зроблена!» – жартуе вясёлы супрацоўнік паліклінікі. Але не працай адзінай, можна было і крышку адпачыць: валанцёркі хоспісу частавалі ўсіх смачнай гарбатай, кавай і печывам.

«Мы хацелі зрабіць нешта мінімальна затратнае. Тут складаны ўчастак, таму калі брацца за яго ўсур'ёз, гэта будзе вельмі дорага. Распрацоўвалі, каб было эканомна і надоўга. Людзі адгукнуліся і прынеслі нам расліны, кветкі. Абнавілі газон, прыбралі старыя дрэвы, якія былі небяспечныя і забіралі святло. Гэтую пляцоўку вызвалілі для пясочніцы, каб дзеці знаходзіліся на сонейку,» – распавяла Гродзенскаму Зялёнаму парталу ландшафтны дызайнер Святлана Пінчук, якой і належыць ідэя «Каляровага дворыку».

«Мэбля» – лаўкі, дыванок ды пясочніца - зроблены з паддонаў. Па словах дырэктаркі «Гродзенскага дзіцячага хоспісу» Вольгі Шульгі, яны імкнуліся захаваць і экалагічны напрамак.

«Мы стараемся сартаваць смецце ў хоспісе. Да нас з вялікім імпэтам далучыліся супрацоўнікі 2-й дзіцячай паліклінікі. І калі мы вырашалі, з чаго рабіць лаўкі, то вырашылі рабіць з паддонаў, таму што гэта экалагічна і правільна. Мы хочам зрабіць і прыгожа, і экалагічна.

Таксама імкнемся захаваць на тэрыторыі старыя дрэвы. На жаль, некаторыя давялося спілаваць з-за іх аварыйнага стану. Але пянькі ад дрэваў засталіся - з іх будуць зробленыя клумбы. У нашым горадзе і так шмат дрэваў знішчаецца, таму мы параіліся са спецыялістамі і вырашылі, што ёсць магчымасць захаваць некаторыя старыя дрэвы на іх месцы», - адзначыла Вольга.

На наступным тыдні супрацоўнікі і валанцёры хоспіса будуць размалёўваць сцены будынка у скандынаўскім стылі, таму праз месяц у Гродне з’явіцца незвычайны дворык, якога яшчэ няма ў горадзе.

«Мы спадзяемся, што гэта стане прыгожым прыкладам, і такіх месц будзе рабіцца ўсё больш і больш», - падкрэсліла Вольга Шульга.

Некалькі гадзін працы – і дворык прыемна змяніўся: чыстыя прыбраныя пляцоўкі, маладыя дрэўцы і кветкі, каляровыя месцы для адпачынку, асаблівая, ледзь улоўная атмасфера чагосьці радаснага і светлага. Акрамя гэтага, валанцёркі хоспісу абкруцілі ствол аднаго з дрэваў каляровым вязаннем і абвясцілі яго дрэвам для абдымкаў. Кажуць, што такі рытуал здымае стомленасць, дорыць радасць, супакой і шчасце. Праверылі – працуе.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость