25.07.2018 / 11:07

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" шукае валанцёраў для рамонту плацін на балотах Рэспубліканска водна-балотнага заказніка "Жада".

Рэспубліканскі водна-балотны заказнік "Жада", плошчай 7118 га месціцца ў Шаркаўшчынскім і Мёрскім раёнах Віцебскай вобласці. Жада – частка вялікай балотнай сістэмы, куды ўваходзіць і знакамітае балота Ельня.  У свой час гэтую Жаду актыўна асушалі, палова балота была перакапаная каналамі. У 2011 годзе АПБ узялася за аднаўленне балота Жады.  Для гэтага на каналах паставілі каля 100 плацін. Але з гадамі яны прыходзяць у кепскі стан і ўжо не ўтрымліваюць ваду як след. Іх трэба рамантаваць.

Як гэта будзе і што з сабой браць?

Жыць удзельнікі летніка будуць у намётах. Важна мець з сабой быванок і спальнік.

Арганізатары абяцаюць забяспечыць валанцёраў харчаванне, але вось посуд трэба захапіць свой.

Праца будзе заключацца ў тым, што ўдзельнікам трэба будзе пілаваць дрэвы і рабіць з іх калы, з якіх паставяць тын. Таксама давядзецца капаць торф і шчыльна набіваць ім прамежкі паміж тынамі. Таму варта прадумаць адпаведнае адзенне і паклапаціцца пра балотныя боты.

З улікам не самых простых умоў для працы - цэлы дзень на балоце ў кампаніі камароў і сляпнёў, - падумайце пра сродкі ад кусучых насякомых. Прадумайце непрадказальнасць надвор'я: пры пякучым сонцы важна мець пляшку для пітной вады і галаўны ўбор; пра залевах добра захапіць плашч ці дажджавік. Не зашкодзіць для дзённых выхадаў на балоты невялікі заплечнік.

 

Як дабірацца?

Мікрааўтобус будзе адпраўляцца з Мінска 17 жніўня і вернецца 26 жніўня. Таму на гэтыя даты можна паехаць разам з АПБ. Калі вы вырашылі ў іншыя даты і з іншых месцаў, то трэба даехаць да Шаркаўшчыны:  адтуль вас змлгуць забраць. Вядома, пра гэта неабходна загадзя папярэдзіць і дамовіцца з арганізатарамі.

Прыехаць можна на ўвесь перыяд летніка або на некалькі дзён. Любая дапамога істотная і важная.

Калі ахвочых удзельнікаў набярэцца шмат, перавагу арганізатары будуць аддаваць фізічна моцным людзям, тым, хто едзе на  ўвесь тэрмін і тым, хто зможа прыехаць самастойна і дапамагчы з гэтым камусьці.

Каб запісацца на летнік трэба запоўніць форму. Больш інфармацыі можна даведацца па тэлефонах (+375 17) 369-76-13, (+375 29) 223-06-13 ці (+375 29) 101-68-87 або напісаўшы каардынатару летніка Максіму Нямчынаву: nemtchinov@ptushki.org.

Важна! Запоўніць форму можна да 3 жніўня. 6 жніўня вы атрымаеце адказ.

 

"Ахова птушак Бацькаўшчыны" чакае вас на балоце!

Автор:
Фотограф:
ptushki.org
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость