25.08.2015 / 12:08

Прайшоў ужо год пасля адкрыцця скейт-парка ў Гродне. Моладзь з нецярпеннем гэтага чакала і прыкладвала ўсе намаганні да найхутчэйшага адкрыцця. Парк адкрылі, але доўга яму не ўдалося праіснаваць: праз год сюды практычна ніхто не прыходзіць. Моладзь зноў вярнулася да "пакатушак" каля Драмтэатра.

Ідэя пабудаваць скейт-парк ў Гродне ў мясцовай моладзі паўстала даўно. Аднак да гэтага сіл адных скейтбардыстаў было недастаткова. У 2014 годзе знайшлася арганізацыя, якая мела вялікія планы на сферу экстрэмальных відаў спорту ў Гродне. Сумесна са скейтбардыстамi яны пачалі работы па будаўніцтве першага скейт-парку ў Гродне.

Месцам абралі пляцоўку пад мостам у самым цэнтры горада. Паблізу маста не было жылых дамоў, а вольнага месца было дастаткова для размяшчэння фігур і зон для гледачоў. Планавалася, што працаваць скейтпарк будзе з раніцы да вечара. Раніцай вопытныя хлопцы праводзілі б навучанне пачаткоўцаў базавым трукам. А ўвечары ладзіліся б розныя спаборніцтвы паміж моладдзю.

Але ўсе задумкі так і засталіся на паперах. Парк адкрылі і нават паспелі правесці спаборніцтвы, але ў хуткім часе туды перасталі хадзіць людзі. Прычынай сталі як нецвярозыя прыгоды некаторых асобаў, так і няякасныя горкі, якія ў хуткім часе перасталі выконваць свае функцыі.

Что стало с гродненским скейтпарком всего за три месяца (ФОТО)

Пасля гэтага матэрыялам хлопцам давялося абараняць скейт-парк

Гродненский скейт-парк привели в порядок всего за один вечер

 

"Твой стыль" звязаўся з былым адміністратарам парку, які распавёў, што парк вельмі хутка стаў нікому не патрэбным:

- Я з радасцю пайшоў на гэтую працу, таму што мне было цікава працаваць з моладдзю. Але праз некаторы час парк папросту стаў нікому непатрэбным. Нават не хачу ўзгадваць. Вось ужо прайшоў год, там практычна ніхто не катаецца. Моладзь зноў вярнулася да Драмтэатра, але іх ужо і там ганяюць.

Глеб, які быў сталым наведнікам скейт-парка, адзначае шэраг мінусаў парку:

- У парку дрэнна выконваць фігуры з-за іх геаметрыі, радыюсы павінны былі быць ніжэйшымі і плаўнейшымі, а скаты на фанбоксе больш рэзкiя і вышэйшыя. Таксама няякасныя матэрыялы. Ні адзін скейтпарк са звычайнай фанеры доўга не пражыве. Уплывае і надвор'е. Пры будаўніцтве мы прапаноўвалі варыянт закупкі вільгацеўстойлівай фанеры. Але наша меркаванне так і не ўлічылі. Такі варыянт быў бы, вядома, больш затратным, але скейтпарк служыў бы даўжэй. Але сярод мінусаў быў і плюс. Галоўным станоўчым фактарам з'яўлялася размяшчэнне: цэнтр горада, аўтамабільная стаянка побач з паркам, якая хавала ад дрэннага надвор'я.

Спачатку ўсе былі вельмі рады, катацца было выдатна і прыемна. Але цяпер на парк без суму не зірнеш. Напрыклад, нядаўна ў Баранавічах пабудавалі свой скейтпарк, і ён лічыцца лепшым у краіне, бо ён выкананы з якасных матэрыялаў і ўсе фігуры выкананы правільна. Гэта дае магчымасць развучваць новыя трукі, адпрацоўваць тое, што ўмееш, і таксама прымяняць бязмежны палёт сваёй фантазіі ў плане іх выканання. Скейтпарк быў абкатаны многімі скейтарамi з усёй краіны. У Баранавічах неаднаразова ладзіліся скейт-туры, і я не ведаю ніводнага чалавека, хто б застаўся незадаволены гэтым скейтпаркам. Усе, хто там быў, хваляць яго і вяртаюцца ў Баранавічы, каб зноў там пакатацца.

Нам у Гродне такога шчасця вельмі не хапае для ўзняцця ўласнага ўзроўню. Бо скейтбордынг вылучаецца на алімпійскі від спорту, і як усім спартсменам, нам трэба трэніравацца. Ды і, мяркуючы па расказах, пабудаваць у нас нешта падобнае, як у Баранавiчах, было б танней і прасцей. Наколькі я ведаю, замаўлялася гатовая зборная канструкцыя і яе проста сабралі ўжо на месцы ў Баранавічах.

Як распавялі хлопцы, з уладальнікам так званага скейтпарка згубленыя ўсе кантакты. Было шмат абяцанняў і планаў з нагоды рэканструкцыі, але затым ўладальнік раптам знік. З гэтай нагоды ходзіць шмат чутак: хтосьці кажа, што ў яго праблемы з міліцыяй і ён хаваецца. А нехта кажа, што ў яго шмат даўгоў. Версій шмат, а вось нармальны скейтпарк так і застаецца ў марах гарадзенскай моладзі.

Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость